«Надышоў час вяртаць сваё». Ва Украіне заявілі аб гатовасці да контрнаступу


Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны апублікаваў у сваім Telegram-канале відэа, якое шмат хто ўспрыняў як намёк на пачатак контрнаступу. Амаль адначасова тэлерадыёкарпарацыя ВВС выпусціла інтэрв’ю з сакратаром Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксеем Данілавым, які заявіў: «Украіна гатовая пачаць доўгачаканае контрнаступленне супраць расейскіх сілаў».

На відэа, што апублікаваў галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны, – рыхтаванне ўкраінскіх вайскоўцаў і іхная баявая малітва за вызваленне краіны. У канцы роліка – заклік да ўступлення ў армію. «Надышоў час вяртаць сваё», – гэтак Залужны падпісаў відэа.

«Ролік з намёкам на пачатак контрнаступу», – піша агенцтва УНІАН.

Каментар
Лукашэнка рыхтуецца да наступу Украіны? Што значаць «зубы цмока» і перадыслакацыя самалётаў
2023.05.19 07:30

Тым часам брытанская тэлерадыёкарпарацыя ВВС апублікавала на сваім сайце інтэрв’ю з сакратаром Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксеем Данілавым. Ён заявіў аб гатовасці да контрнаступу, што можа пачацца «заўтра, паслязаўтра або праз тыдзень».

«Мы мусім разумець, што гістарычную магчымасць, якая дадзеная нам Богам, мы не можам страціць, каб мы сапраўды маглі стаць незалежнай, вялікай еўрапейскай краінай», – сказаў Данілаў.

Ён адзначыў, што контрнаступ планаваўся месяцамі. Час спатрэбіўся дзеля падрыхтоўкі войскаў і атрымання вайсковай тэхнікі ад заходніх саюзнікаў.

«Было б дзіўна, калі б я называў даты пачатку тых ці іншых падзеяў. Перад нашай краінаю стаіць вельмі адказная задача. І мы разумеем, што не маем права на памылку», – падсумаваў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны.

Абноўлена
Дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага: Украінскі контрнаступ ужо пачаўся
2023.05.25 12:06

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў