«Усё больш ясна, што смерць не насіла натуральнага характару». Год таму не стала Макея


26 лістапада споўніўся год з дня смерці былога міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея, які дзесяць гадоў адказваў за вонкавую палітыку рэжыму Лукашэнкі. Смерць кіраўніка МЗС дасюль выклікае пытанні і спараджае разнастайныя версіі, але ці паўплывала гэта неяк на палітыку?

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей напярэдадні сустрэчы з расейскім калегам у Менску, Беларусь. 22 лістапада 2016 года.
Фота: Alexander Shcherbak / TASS / Forum

Уладзімір Макей, які з 2012 года займаў пасаду міністра замежных справаў, а перад тым яшчэ чатыры гады ўзначальваў Адміністрацыю прэзідэнта, раптоўна памёр 26 лістапада ў веку 64 гадоў. Яшчэ 25 лістапада ён сустракаўся з апостальскім нунцыем (амбасадарам Ватыкану) Антэ Ёзычам, а 23 лістапада лётаў у Ерэван на саміт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. 1–2 снежня кіраўніка МЗС Беларусі чакалі на паседжанні Рады міністраў замежных справаў АБСЕ ў Лодзі.

«Нічога не прадказвала. Яшчэ ўчора абмяркоўвалі планы на тыдзень… Вялікая страта для ўсіх нас», – паведамляў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

МЗС памерла раней за Макея

Макея называлі адным з архітэктараў рэжыму. І ён ведаў больш за ўсіх пра сістэму ўлады Беларусі. Менавіта пры ягоным актыўным удзеле двойчы адбывалася пацяпленне ў стасунках Менску з Захадам і, як мяркуецца, «мяккая беларусізацыя». Таму ад яго чакалі, што ў 2020 годзе падтрымае пратэсты беларусаў супраць фальсіфікацыяў і гвалту, як гэта зрабіў, напрыклад, ягоны сын Віталь, які на знак нязгоды пакінуў МЗС і пасля нават крытыкаваў новую палітыку ведамства свайго бацькі.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман ужо пасля смерці міністра апавёў, што той у 2020-м быў гатовы сысці ад Аляксандра Лукашэнкі. Аднак усё ж застаўся, і, паводле прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету і былога работніка МЗС Валера Кавалеўскага, «шчыра працаваў на дыктатара, вельмі часта рабіў гэта за кошт беларускіх нацыянальных інтарэсаў, за кошт беларускасці, людскіх лёсаў».

На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, смерць Макея для Лукашэнкі сталася безумоўнаю кадраваю стратаю, бо ён увасабляў сабою цэлую эпоху дыпламатыі.

Сям’я Уладзіміра Макея стаіць у традыцыйнай беларускай вышыванцы падчас мерапрыемства «У Беларусі, як дома», арганізаванага МЗС для замежных дыпламатаў. Менск, Беларусь. 5 ліпеня 2019 года: Volha Shukaila / Zuma Press / Forum

«Іншая рэч, што эпоха Макея і так завяршалася. Можна сказаць, што замежная палітыка Беларусі пачала гінуць раней, чымся памёр Макей. Хрыбет ёй быў пераламаны ў 2020 годзе», – адзначаў эксперт.

Міністр памёр, няхай жыве міністр

Афіцыйныя медыі вельмі сцісла рэагавалі на смерць міністра. Гэтак, на сайце агенцтва БелТА публікацыя пра Макея стаяла побач з прагнозам надвор’я. Тым не менш 29 лістапада ў Доме афіцэраў у Менску адбылася афіцыйная цырымонія развітання, якую асабіста наведаў Лукашэнка. Пасля чаго чыноўніка пахавалі на Усходніх могілках, дзе хавалі яшчэ савецкую наменклатуру.

Тых жа, хто не захацеў сумаваць па Макею, сілавікі пачалі затрымліваць. Агулам яны налічылі 20 такіх каментатараў у Беларусі і 50 за мяжой, якім таксама паабяцалі «вельмі цёплы прыём па вяртанні ў Беларусь».

Новым міністрам замежных справаў стаўся былы першы намеснік Макея Сяргей Алейнік, які раней быў амбасадарам у Лондане і Ватыкане. Выказваліся меркаванні, што гэтак Лукашэнка прадэманстраваў жаданне аднавіць кантакты з заходнімі краінамі. Але за год прагрэсу ў гэтым кірунку не відаць.

Самагубчы інфаркт як папярэджанне

Пры гэтым дасюль незразумелыя таямнічыя прычыны раптоўнай смерці Макея. Афіцыйна гэта ніяк не каментавалася. Неафіцыйна ж былі розныя версіі. Напрыклад, згадваўся візіт у Ерэван на саміт АДКБ за тры дні да смерці, калі беларускую дэлегацыю туды даставілі вайскова-транспартавым самалётам Іл-76МД, не прызначаным для перавозу пасажыраў. У тым ліку там не прадугледжаныя прыбіральні.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Макей прысутнічаюць на пашыраным пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Акмалінская вобласць, Казахстан. 16 кастрычніка 2015 года.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Таксама заяўлялася, што, здрадзіўшы сабе, Макей «спрабаваў знайсці выхад з цяжкага псіхалагічнага стану» ў алкаголі. Пагатоў пасля 2020 года ён, маўляў, перастаў быць уплывовай асобаю, Лукашэнка перастаў да яго прыслухоўвацца і нават не браў на замежныя візіты ў свой самалёт, прымушаў лятаць рэйсавымі.

Выданне «Наша ніва» спачатку паведамляла, што Макей памёр ад інфаркту ўдома ў Драздах, калі збіраўся ў тэатр на спектакль сваёй жонкі, актрысы Веры Паляковай-Макей. Але затым выданне заявіла са спасылкаю на інфармацыю чатырох крыніцаў у сферах дзяржаўнага кіравання і медыцыны, што міністр скончыў жыццё самагубствам, бо часта адчуваў сябе непатрэбным, а месцамі і проста недарэчным. Ды ведаў, што ў адміністрацыі Лукашэнкі пачалі прыглядацца да кандыдатураў на замену яму. На гэта таксама наклаліся праблемы ў сям’і. На самагубства міністра нібыта намякнула і ягоная жонка ў адных са сваіх інтэрв’ю ў кастрычніку 2023 года.

На думку палітолага Паўла Усава, самаю папулярнаю версіяй будзе тое, што Макея зліквідавала Масква. Паводле яго, у Расеі да 2020 года яго лічылі магчымым пераемнікам Лукашэнкі, прытым пераемнікам «ліберальнага толку», якога «прасоўвае Захад». Таму можа быць версія, што Макея забілі, каб «паказаць Лукашэнку ўсю безвыходнасць становішча, у якім ён аказаўся». Была версія і таго, што ўлады РФ нібыта хацелі не дапусціць кантактаў лукашэнкаўскага міністра з еўрапейскімі калегамі на саміце АБСЕ ў Польшчы, бо польскія ўлады адмовілі міністру замежных справаў Расеі Сяргею Лаўрову ў магчымасці прыбыць на нараду, што выклікала нервовую рэакцыю ў РФ.

Вядомы балгарскі журналіст-расследавальнік Хрыста Грозэў казаў, што выданне «Bellingcat» расследуе раптоўную смерць міністра, бо ёсць «некалькі дзіўных супадзенняў». Гэтак, за некалькі дзён да гэтага быў атрыманы «не вельмі звычайны выцек інфармацыі», быццам супраць Лукашэнкі рыхтуецца замах або сігнал – папярэджанне пра замах. І хоць крыніцы інфармацыі расследавальнік назваў «не вельмі зразумелымі», аднак ужо менш як праз двое содняў памёр кіраўнік лукашэнкаўскага МЗС. На думку Грозэва, гэта можна ацэньваць як сігнал супраць Лукашэнкі. Аднак пра вынікі расследавання нічога не паведамлялася. Як не адказаў Грозэў і на запыты «Белсату».

Міністры замежных спраў Беларусі і Расеі Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў усміхаюцца па прыбыцці на перамовы ў Маскву, Расея. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: Russian Foreign Ministry Press Service / AP / East News

У сваю чаргу былы дыпламат, а сёння кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў каментары нашым карэспандэнтам адзначыў, што «па заканчэнні года ўсё больш прыходзіць разуменне таго, што смерць Макея не насіла натуральнага характару, а была звязаная з вонкавымі фактарамі або вонкавым уздзеяннем».

Жаўнеры дыктатара

Разам з тым, паводле Латушкі, «у таталітарнай сістэме палітыку заўсёды вызначае той, хто стаіць уверсе выбудаванай сістэмы – дыктатар».

«Дыктатар можа мяняць сваіх падуладных, падпарадкаваных асобаў – і ад гэтага сістэма не губляе ўстойлівасці. Тое, што Макей ужо не ў сістэме, – гэта і не ўзмацняе, і не аслабляе Лукашэнкі», – сказаў Латушка.

Кіраўнік НАУ адзначыў, што Макей стварыў у грамадскім успрыманні сябе вобраз прыхільніка еўрапейскага вектару для Беларусі. І хоць у яго «прысутнічалі такія погляды, але гэтая ілюзія шмат у чым была завышаная ва ўспрыманні з улікам таго, што ў любым выпадку ён быў жаўнерам у дыктатара». Паводле Латушкі, Макей перадусім рэалізоўваў «волю свайго галоўнага боса».

Пераемнік Алейнік, на думку суразмоўцы, быў чаканы на міністэрскай пасадзе, бо адпаведныя чуткі хадзілі яшчэ за два месяцы да смерці Макея. Латушка адзначыў, што Лукашэнка ўсё ж не прызначыў на пасаду кіраўніка МЗС «абсалютна «русскомирских» Юрыя Амбразевіча ці Андрэя Савіных, якія яшчэ да 2020 года праяўлялі ў прыватных гутарках адданасць ідэям «русского мира».

«Але гэта ў любым выпадку не змяняе сітуацыі, што сам Лукашэнка – найперш марыянетка Пуціна», – падкрэсліў Латушка.

Тым не менш, заявіў кіраўнік НАУ, Алейнік не харызматычны міністр, ён не валодае такім аўтарытэтам і магчымасцямі, якія былі ў папярэдніка. Лукашэнка сёння фармуе сваё асяроддзе, зыходзячы не толькі з гледзішча асабістай адданасці, але і «немагчымасці ніякіх дыскусіяў і пярэчанняў у стасунках з самым дыктатарам». Менавіта з публічнаю спрэчкаю з ім палітык і звязвае нядаўняе затрыманне былога міністра сельскай гаспадаркі і памочніка ў Віцебскай вобласці Ігара Брылы, які дазваляў сабе не згаджацца з Лукашэнкам. Новы ж міністр, падобна, не належыць да ліку тых, хто будзе яму пярэчыць.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў