Новым міністрам замежных справаў Беларусі стаў Сяргей Алейнік


Кіраўніком МЗС Беларусі стаў Сяргей Алейнік, паведамляе агенцтва БелТА. Дагэтуль ён займаў пасаду першага намесніка міністра.

Новы міністр замежных справаў Сяргей Алейнік.
Фота: МЗС Беларусі / mfa.gov.by

На нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі стала вядома, што міністрам замежных справаў Беларусі прызначаны Сяргей Алейнік. Дагэтуль ён займаў пасаду першага намесніка кіраўніка ведамства.

Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні ў прысутнасці чыноўніка і сказаў яму: «Будзе нялёгка».

Алейніку 57 гадоў. У сістэме МЗС працуе з 1992 года. У розныя часы кіраваў прадстаўніцтвам Беларусі ў Гаазе, быў паслом у Ватыкане і Вялікай Брытаніі.

Пасада міністра замежных справаў Беларусі вызвалілася пасля смерці Уладзіміра Макея. Ён памёр 26 лістапада. Паводле непацверджаных звестак, прычынай стаўся інфаркт. Афіцыйна пра гэта нічога не паведамлялася.

Прызначэнне Сяргея Алейніка кіраўніком МЗС – спроба пасігналіць, што ў Менску гатовыя дамаўляцца з Захадам, напісаў у сваім тэлеграм-канале журналіст «Свабоды» Дзмітрый Гурневіч. «Алейніка знаёмыя з ім людзі характарызуюць словамі «канструктыўны, спакойны, асцярожны, разважлівы» (па мерках гэтай сістэмы). Менш смелы, чым Макей. Алейнік не будзе лезці з ініцыятывамі, але будзе выконваць пастаўленыя задачы. Але самы каштоўны плюс Алейніка, на мой погляд, – гэта яго праца консулам у Гаазе».

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў