Эксперт: Лукашэнка лічыць, што «спецаперацыя» Пуціна праваліцца і трэба кантакты з Захадам


Новым міністрам замежных справаў Беларусі прызначылі Сяргея Алейніка. Гэта прафесійны дыпламат, які мае досвед кантактаў з Захадам. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў размове з «Белсатам» кажа, што такім чынам Лукашэнка прадэманстраваў жаданне аднавіць кантакты з заходнімі краінамі, хоць гэта можа і вельмі не спадабацца Крамлю.

Новы міністр замежных справаў Сяргей Алейнік.
Фота: МЗС Беларусі / mfa.gov.by
Даведка

57-гадовы Сяргей Алейнік працуе ў МЗС з 1992 года. У розныя часы кіраваў прадстаўніцтвам Беларусі ў Гаазе, быў паслом у Ватыкане і Вялікай Брытаніі. З’яўляўся намеснікам Уладзіміра Макея, які памёр 26 лістапада сёлета.

Прызначэнне Сяргея Алейніка на пасаду міністра паказвае, што Лукашэнка ўсё яшчэ мае пэўныя спадзяванні, што яму ўдасца размарозіць заходні вектар палітыкі, кажа Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline. Пасля смерці Макея гучалі разнастайныя прагнозы, каго прызначаць на пасаду міністра, былі ў спісе і адыёзныя асобы.

«Я думаю, што з гэтай абоймы Алейнік – гэта аптымальны выбар з таго погляду, што ён прафесійны, карʼерны дыпламат, які працаваў на Заходнім кірунку. Ён мае добрыя стасункі і досвед працы з Ватыканам, з Мальтыйскім ордэнам. А менавіта праз гэтыя маршруты Лукашэнка пракладваў сабе шлях у Еўропу падчас ранейшых адлігаў. Таму я думаю, што гэты выбар Лукашэнкі ламае пэўныя стэрэатыпы, бо частка каментатараў ужо мяркуе, што Лукашэнка цалкам спаліў масты з Захадам і стаў рупарам Пуціна. У пэўнай ступені гэта сапраўды так, ён вымушаны падгульваць Маскве», – кажа Аляксандр Класкоўкі.

Але ў Лукашэнкі цяпер і шмат перасцярогаў адносна палітыкі Масквы, звяртае ўвагу палітычны аглядальнік. Верагодна, што самаабвешчаны кіраўнік Беларусі трымае ў галаве той варыянт развіцця падзеяў, калі расейская гэтак званая вайсковая спецаперацыя праваліцца і трэба будзе дыстанцыявацца ад Крамля. І трэба будзе шукаць паразуменне з заходнікамі. Суразмоўца «Белсату» нагадвае, што такія спробы раней рабіў і Макей. Гэтак вясной сёлета стала вядома пра ліст Макея ў Еўразвяз. А ў верасні падчас Генеральнай асамблеі ААН Макей таксама ладзіў гутарку з заходнікамі і казаў, што Лукашэнку трэба ратаваць ад Пуціна.

«Тады не зраслося, але я думаю, што гэта дэманструе зацікаўленасць беларускага кіраўніцтва, асабіста Лукашэнкі ў тым, каб завязаць дыялог з Захадам», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Сяргей Алейнік і Рубэн Аруцюнян.
Фота: МЗС Беларусі

Сігнал з прызначэннем новага міністра стаў такім чынам даволі яскравым. Яго не маглі не заўважыць і ў Маскве.

«Гэтае прызначэнне Лукашэнка зрабіў без кансультацыяў з Масквой і нават у піку Крамлю. Там гэты крок не спадабаецца. Там скрывяцца. Ім лепей было б, каб гэтую пасаду заняў прыхільнік «рускага свету». Лукашэнка не тое, што кідае пальчатку, але ў Крамлі прывыклі, што хаўруснік заўсёды даволі слізкі, што ён шукае сваю выгаду. Але нейкіх дэмаршаў рабіць не будуць, паколькі Алейнік быў правай рукой Макея, дыпламат. Таму, паводле ўсіх правілаў і канонаў, такое прызначэнне лагічнае. Але падтэкст зразумелы, бо відавочна, што Алейнік не адыёзная фігура, а прафесіянал, які мае досвед кантактаў з Захадам, які напэўна ва ўяўленні Лукашэнкі, можа пракладаць шлях да аднаўлення дыялогу з Захадам», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Пасада міністра замежных справаў Беларусі вызвалілася пасля смерці Уладзіміра Макея. Ён памёр 26 лістапада. Паводле непацверджаных звестак, прычынай стаўся інфаркт. Афіцыйна пра гэта нічога не паведамлялася.

Каментар
Павел Латушка: Алейнік – гэта асоба адданая сістэме і асабіста Лукашэнку
2022.12.13 19:31

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў