Памёр міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей


Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БелТА» на сайце і ў сацыяльных сетках паведаміла днём 26 лістапада аб смерці міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея. Гэта пацвердзіла Міністэрства замежных справаў.

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі абяцае, што «Беларусь ніколі не прыедзе ва Украіну на танку». Менск, Беларусь. 16 лютага 2022 года.
Фота: mfa.gov.by

Уладзімір Макей «раптоўна памёр», сцвярджае «БелТА» са спасылкай на прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатолія Глаза. Іншых падрабязнасцяў не публікуюць.

Прэс-служба МЗС не адказвае на тэлефанаванні. У прыёмнай МЗС «Белсату» сказалі, што «пакуль не могуць пацвердзіць гэтую інфармацыю.

Абноўлена. Беларуская філія расейскага дзяржаўнага выдання «Спутник» сцвярджае, што Глаз пацвердзіў смерць Макея і сказаў: «Некалькі гадзін таму раптоўна сканаў… Нічога не прадвяшчала. Яшчэ ўчора абмяркоўвалі планы на тыдзень… Вялікая страта для ўсіх нас».

Абноўлена. Міністэрства замежных справаў Беларусі напісала пра смерць Макея ў афіцыйным Twitter-акаўнце. Ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў, што Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім Макея з прычыны смерці.

Яшчэ 25 лістапада Макей сустракаўся з Апостальскім Нунцыем (амбасадарам Ватыкану) Антэ Ёзычам. 23 лістапада Макей лётаў у Ерэван на саміт Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі. Беларускую дэлегацыю туды даставілі транспартным ваенна-транспартным самалётам Іл-76МД, не прызначаным для звычайных перавозак пасажыраў: напрыклад, на такіх самалётах не прадугледжаныя туалеты.

Уладзіміру Макею было 64 гады. Ён нарадзіўся 5 жніўня 1958 года ў Некрашэвічах, што ў Карэліцкім раёне Гарадзенскай вобласці. Ад 1993 года быў на дыпламатычнай службе, прайшоў шлях ад трэцяга сакратара ўпраўлення інфармацыі і гуманітарнай супрацы да начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскай супрацы. У 2000-2008 гадах быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі, у 2008 годзе ўзначаліў ягоную адміністрацыю. У 2012 годзе быў прызначаны міністрам замежных справаў, якім заставаўся дагэтуль.

Да пратэстаў 2020 года некаторыя лічылі Макея празаходнім ці лібералам (адзначалі як адносна мяккую рыторыку, так і любоў да вышыванак), але ў час пратэстаў Макей цалкам падтрымаў Лукашэнку і ізаляцыю ад Заходняй Еўропы.

На перадавіцах сайтаў дзяржаўных медыяў навіна пра смерць Макея – не сярод галоўных. Так, на «БелТА» галоўныя навіны – нарада Лукашэнкі аб аграпрамысловым комплексе, выказванні Лукашэнкі аб харчовай бяспецы і выказванні віцэ-прэм’ера пра даходнасць прадпрыемстваў, толькі пад гэтымі навінамі – смерць міністра замежных справаў і прагноз надвор’я. На «СБ. Беларусь сегодня» смерці Макея не знайшлося месца сярод сямі галоўных навінаў.

Каментар
«Ён запомніцца шчырай працай на дыктатара». Валер Кавалеўскі назваў Макея часткай рэпрэсіўнага рэжыму
2022.11.26 19:08
Каментар
Які ўплыў меў Макей у сістэме Лукашэнкі і хто яго заменіць? Разважае Павел Латушка
2022.11.26 19:48
Hавiны
«Адзін з архітэктараў сістэмы». Павел Усаў – пра Уладзіміра Макея
2022.11.26 19:55

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў