Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 22 жніўня


У Беларусі штодня працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні і суды. «Белсат» распавядае пра чарговыя выпадкі пераследу беларусаў, пра якія стала вядома 22 жніўня.

ГУБАЗіК затрымаў другую віцэ-місіс свету-2017 Дар’ю Рэут. У віну дзяўчыне ставяць удзел у жаночай акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года – Дарʼя шпацыравала з іншымі дзяўчынамі з кветкамі па тратуары. У яе ёсць няпоўнагадовы сын.

6 верасня агучаць прысуд каардынатарцы Валанцёрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай, валанцёру Андрэю Чапюку і яшчэ васьмі палітзняволеным актывістам анархісцкага руху па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння». Судовы працэс пачаўся 25 красавіка ў Менгарсудзе. Палітвязняў агулам абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Суд у першы дзень зрабілі закрытым.

Палітвязні па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння». Калаж з фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Беларуская спявачка Мерыем Герасіменка, якую затрымалі пасля выканання песні гурта «Океан Эльзи» у падтрымку Украіны, не выйшла на волю пасля 15 дзён арышту. Як паведамілі знаёмыя дзяўчыны, над ёй 10 жніўня адбыўся другі суд паводле артыкулу 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Ёй прысудзілі яшчэ 15 содняў арышту.

Палітзняволенаму ціктокеру з Бабруйску, аўтару папулярнага блогу «У мяне пытанне» Андрэю Бяляўскаму далі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за абразу Лукашэнкі. Суд у ягонай справе працягваўся адзін дзень у закрытым рэжыме.

Следчы аддзел КДБ па Гомельскай вобласці завяршыў расследаванне і перадаў у пракуратуру для накіравання ў суд крымінальную справу супраць удзельнікаў «экстрэмісцкага фармавання» «Рабочы рух». У справе «Рабочага руху» праходзяць 10 чалавек – былыя працаўнікі гарадзенскага «Азоту», «Нафтану», БМЗ і БЧ.

Hавiны
КДБ завяршыў расследаванне ў справе «Рабочага руху». Працоўных вінавацяць у здрадзе дзяржаве
2022.08.22 21:52

Разам з сям’ёй затрымалі рэстаратара Сяргея Міргародскага, які валодае двума рэстаранамі ў Менску. Абодва знаходзяцца на вуліцы Рэвалюцыйнай – рэстабар «Дом» і нэа-бістро «Умамі». Паводле сілавікоў, яго затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 года разам з 55-гадовай жонкай Алай і 24-гадовым сынам Серафімам.

Сілавікі затрымалі менскую керамістку і педагога Наталлю Карнееву, таксама затрыманы ейны муж. Затрыманне адбылося яшчэ ў пятніцу. Дзесяцігадовую дачку Карнеевых забралі ў дзіцячы прытулак. 18-гадовая дачка Наталлі цяпер збірае дакументы на апеку над малодшай сястрой. Бабуляў і дзядуляў у малодшай дачкі няма.

У Віцебску за каментар пра Лукашэнку палітвязню Аляксею Мацявіну прысудзілі паўтара года калоніі. Яго абвінавацілі ва ўчыненні злачынства паводле арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі.

Затрыманая студэнтка Факультэту міжнародных адносін БДУ Аляксандра Кандраценка. Вядома, што дзяўчына курыравала праект «На крок бліжэй», які займаўся камунікацыяй студэнтаў і абітурыентаў БДУ.

Hавiны
Палітвязень Максім Знак напісаў за кратамі «Зэкамерон» і яшчэ дзве кнігі
2022.08.22 12:30

У Менску затрыманы кур’ер «Піцы Лісіцы» Ілля Шчэгалёў. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 28-гадовы хлопец нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, з якіх рабіў рэпосты.

У Горадні за надпісы на кіёсках і будынках 34-гадовага палітвязня Максіма Плятнёва пакаралі годам калоніі. Яго абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства па арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»).

Праз тыдзень па «справе Зельцара» пачнуць судзіць Наталлю Нікіціну, якая каля 30 гадоў прапрацавала лекаркай. У канцы верасня мінулага года яе затрымалі наўпрост на працы – у Менскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. За некалькі гадзінаў да затрымання ёй паведамілі пра звальненне. Наталлю затрымалі па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і праграміста Андрэя Зельцара па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»).

У Менску затрыманы 26-гадовы Арцём Ананіч. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і выходзіў на праезную частку.

Лета ў «Аб’ектыве»
Гурт «Relikt» уз’яднаўся ў Варшаве
2022.08.22 21:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў