Міністэрства інфармацыі Беларусі хоча зліквідаваць выдавецтва «Зміцер Колас»


У эканамічным судзе Менску 2 траўня адбудзецца паседжанне, на якім будзе разглядацца пытанне спынення дзейнасці пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдавецтва «Зміцер Колас». Пазоў падало Міністэрства інфармацыі, паведамляецца на сайце Вярхоўнага Суда Беларусі.

Кнігі выдавецтва «Зміцер Колас».
Фота: Выдавец Зміцер Колас Zmicier Kolas Publisher / Facebook

Разглядаць пазоў будзе суддзя Аляксей Русецкі. Прадмет спрэчкі – прызнанне неправадзейнай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екту гаспадарання. Адказнік – дырэктар выдавецтва Зміцер Колас.

Падставай для судовага разбору стаў зборнік гістарычных дакументаў «”Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на ўласныя крыніцы.

6 студзеня 2023 года суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў апублікаваныя дакументы «экстрэмісцкімі матэрыяламі». БАЖ звяртае ўвагу, што амаль усе гэтыя дакументы паходзяць з фондаў Нацыянальнага архіву Беларусі і Дзяржаўнага архіву грамадскіх арганізацыяў Гарадзенскай вобласці. Згодна з судоваю пастановай, далейшы распаўсюд выдання забаронены.

Зміцер Колас не ўпершыню сутыкаецца з ціскам уладаў. У пачатку сёлетняга сакавіка яго затрымалі разам з друкаром Алегам Сычовым і наступныя 10 дзён пратрымалі ў СІЗА Камітэту дзяржбяспекі. Потым выдаўца вызвалілі без прад’яўлення абвінавачанняў.

Выдавец Зміцер Колас.
Фота: Zmicier Kolas Publisher / Facebook

Зміцер Колас паходзіць з вядомай сям’і сталічнай інтэлігенцыі. Бацька Георгій – літаратар і тэатральны крытык, старэйшы брат Уладзімір – педагог, рэжысёр-кінадакументаліст.

Пасля заканчэння перакладчыцкага факультэту Інстытуту замежных моваў Зміцер Колас працаваў паводле кантракту ў Алжыры і Сірыі, па вяртанні вёў спецыяльны курс у інстытуце, дзе сам навучаўся.

У канцы 1980-х гадоў засяродзіўся на выдавецкай справе – агулам у гэтым бізнесе ён амаль 35 гадоў.

Hавiны
Выдавецтва «Янушкевіч» падпісала кантракт са Стывэнам Кінгам наконт перакладу ягоных твораў на беларускую мову
2023.04.20 14:43

Прыватнае выдавецтва Змітра Коласа вядомае кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры ў найлепшых беларускіх перакладах.

«Зміцер Колас» – не першае беларускае выдавецтва, дзейнасць якога была прыпыненая ўладамі апошнім часам. У красавіку 2022 года Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Медысонт». Неўзабаве Мінінфарм прыпыніў дзейнасць выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор», а таксама «Галіяфы». У студзені 2023 года права выдаваць кнігі ў Беларусі было пазбаўленае і выдавецтва «Янушкевіч». Да таго ж, «Белкніга» скасавала дамовы на распаўсюд з незалежнымі выдавецтвамі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў