Распачаты працэс ліквідацыі выдавецтва «Галіяфы»


Пра тое, што выдавецтва «Галіяфы» больш не будзе працаваць, ягоны заснавальнік, паэт і мастак Зміцер Вішнёў распавёў «Медыязоне». Выданне апублікавала ягоны маналог з гэтай нагоды.

Кнігарня «Галіяфы». Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Радыё Свабода

Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць «Галіяфаў» яшчэ 18 красавіка, бо выдавецтва, нібыта, не паведаміла своечасова дадзеныя, якія было неабходна ўключыць у Дзяржаўны рэестр выдавецтваў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў выданняў. А надоечы адказны за выдавецкую дзейнасць супрацоўнік не прайшоў пераатэстацыю, хоць і меў добрую падрыхтоўку, піша Зміцер Вішнёў.

«Фармальных прычынаў, праз якія Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць «Галіяфаў», дзве, – патлумачыў сітуацыю заснавальнік выдавецтва. – Мы не падалі звесткі пра змену юрыдычнага адраса і не паведамілі пра сыход адказнага за выдавецкую дзейнасць. Калі табе чыноўніца кажа, што з 2016 года ты займаешся «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю»… Зразумела, што пасля такога абвінавачвання дзесяць разоў падумаеш, ці варта вяртацца ў Беларусь».

Зміцер Вішнёў цяпер хоча давесці да канца ўсе праекты, якія «завіслі», праз іншыя пляцоўкі, выдавецтвы, магчыма, таксама не ў Беларусі. Аднак ствараць новае выдавецтва за мяжой у Вішнёва намеру няма.

«Трэба прыйсці ў сябе пасля «Галіяфаў», – кажа выдавец.

Зміцер Вішнёў, заснавальнік і кіраўнік выдавецтва «Галіяфы».
Фота: Радыё Свабода

Выдавецтва «Галіяфы» працавала ў Беларусі больш за 15 гадоў. Спецыялізавалася на выданні мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў, перакладаў на беларускую мову класікі і сучасных пісьменнікаў і паэтаў свету, дзіцячых кніг на беларускай мове. Выдавецтва шмат друкавала дэбюты маладых аўтараў, а таксама творы вядомых пісьменнікаў і паэтаў – Альгерда Бахарэвіча, Анатоля Сыса, Вольгі Гапеевай ды іншых літаратараў. Штогод «Галіяфы» выдавалі да 50 найменняў кніг.

Зміцер Вішнёў распавядае, што ўлады паставіліся да выдавецтва непрыязна ад самага пачатку:

«Калі мы адчынялі выдавецтва, чыноўнікі нам проста ў вочы казалі: «Мы вас не прапусцім, не дамо ліцэнзіі, бо вы будзеце выдаваць няправільную літаратуру». Былі такія рэаліі. На той момант нас выратаваў першы рэдактар выдавецтва Уладзімір Гніламёдаў, які пайшоў і здаў гэты іспыт. Чыноўнікі ад міністэрства не змаглі адмовіць акадэміку. Так паўсталі «Галіяфы»».

Зміцер Вішнёў зазначае, што не ведае, ці ёсць яшчэ ў якой краіне іспыт на выдавецкую дзейнасць і кажа, што гэта «рэальны рычаг цэнзуры», бо пры жаданні, каб чалавек не здаў іспыт, заўсёды можна гэта зрабіць.

Аб’ектыў
Барацьба з «няправільнай» літаратурай
2022.07.30 23:05

У 2015 годзе зачынілі кнігарню «Галіяфаў» на вуліцы Валгаградскай, нягледзячы на трохгадовы кантракт на арэнду памяшкання. Праблемы тады ўзніклі з-за кнігі Аляксандра Лукашука «Вяртанне нацыяналіста». Кнігарня пераехала на Нямігу, дзе прапрацавала некалькі гадоў да апошняга прыпынення дзейнасці.

«За 15 гадоў мы фактычна вырасцілі чытача. Шмат выйшла літаратуры сапраўды важнай для беларускай культурнай прасторы. У прыярытэце заўсёды былі беларускія аўтары. Сярод незалежных выдавецтваў мы, здаецца, мелі найбольшую колькасць дэбютантаў. Гэта прынамсі можна прасачыць па прэміі «Дэбют», на якую мы пастаянна вылучалі кнігі. Хто цяпер у Беларусі зойме нішу «Галіяфаў», я не ведаю, – кажа Зміцер Вішнёў. – <…> Кніжная прастора ў Беларусі радыкальна змяншаецца. Я не бачу на сённяшні дзень аніякіх перспектываў для яе развіцця. У краіне бясконцыя арышты і гвалт. Як у такіх умовах увогуле можна нешта ствараць? Калі абрынецца хунта, тады і будзе перспектыва на адраджэнне нашай культурнай прасторы».

Hавiны
У Магілёве за «экстрэмісцкія» кнігі аштрафавалі кіраўніцтва кнігарні
2022.07.13 19:02

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў