Выдавецтва «Зміцер Колас» часова прыпыняе дзейнасць. Выдавец, магчыма, у КДБ


Яшчэ адно беларускае незалежнае выдавецтва прыпыняе працу ў Беларусі. Верагодна, прычына гэтага ў рэпрэсіях за кнігу пра рэпрэсіі.

Кнігі выдавецтва «Зміцер Колас».
Фота: Выдавец Зміцер Колас Zmicier Kolas Publisher / Facebook

«Шаноўнае спадарства, выдавецтва прыпыняе сваю дзейнасць да асобнага паведамлення», – у паведаміла 5 сакавіка ў Facebook выдавецтва «Зміцер Колас».

Як паведамляе Reform.by, ёсць звесткі, што Зміцер Колас і ягоны друкар зараз знаходзяцца ў КДБ. Прычына – надрукаваная яшчэ ў 2018 годзе кніга дакументаў з дзяржархіваў пра рэпрэсіі 1937-1939 гадоў «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці». 6 студзеня 2023 года суд забараніў выдавецтву распаўсюджваць выданне. Але выдавецтва не паспела прыбраць яго з продажу, таму Коласа выклікалі ў КДБ.

Крыніцы «Нашай Нівы» сцвярджаюць, што падставай для затрымання Коласа стала іншая кніга – зборнік «Вызваленыя і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». Кнігу выдалі ў 2021 годзе ў Менску. У ёй гаворыцца пра стаўленне насельніцтва Заходняй Беларусі да палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў савецкай улады ў перыяд з верасня 1939 года па чэрвень 1941 года.

Выдавецтва «Зміцер Колас» – ужо не першае беларускае выдавецтва, дзейнасць якога была прыпыненая ўладамі за апошні час. Гэтак, у красавіку 2022 года Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Медысонт». Менавіта гэтае выдавецтва ў 2020 годзе надрукавалі кнігу Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя», якую ўлады абвесцілі «экстрэмісцкаю».

Неўзабаве Мінінфарм прыпыніў дзейнасць выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор», а таксама «Галіяфы». У студзені 2023 года права выдаваць кнігі ў Беларусі было пазбаўленае і выдавецтва «Янушкевіч».

Да таго ж і «Белкніга» скасавала дамовы на распаўсюд з незалежнымі выдавецтвамі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў