Выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі права выдаваць кнігі ў Беларусі


Выдавецтва «Янушкевіч» пазбаўленае права выдаваць кнігі ў Беларусі. Выдавец Андрэй Янушкевіч апублікаваў копію судовай пастановы.

Фота: Выдавецтва «Янушкевіч»

У Міністэрства інфармацыі паўсталі прэтэнзіі да кніг, выдадзеных у выдавецтве «Янушкевіч». Гэта кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», Святланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944 гг.) і выданне перакладу верша Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксiр» – яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Фота: Андрэй Янушкевіч/Facebook
Фота: Андрэй Янушкевіч/Facebook

Гэткую судовую пастанову Андрэй Янушкевіч пракаментаваў так:

«Больш недальнабачны, антыкультурны, антыбеларускы крок з боку Міністэрства інфармацыі ўявіць сабе было цяжка. Падзенне ў «Западно-Русскій край» ідзе поўным ходам. Нічога ж не губляем, за намі Масква! У Беларусі дзеці і дарослыя не ўбачаць новых кніг пра Гары Потэра, Ведзьмара, Гаспадара Ледзянога Саду. Не будзе выданняў нобэлеўскіх лаўрэатаў, бо ж менавіта дзякуючы нам загучалі па-беларуску такія «шкодныя» галасы Маркеса, Памука, Ісігуро і Мюлера.

Нашто жыхарам Беларусі шведскія і польскія дэтэктывы па-беларуску, фантастыка і фэнтэзі ад прызнаных майстроў жанру?

Адказна заяўляю, што ніводнай экстрэмісцкай кнігі мы не выдалі. Кожная нашая кніга мае свае мастацкія, навуковыя і пазнавальныя вартасці, кожнай ганарымся. І выдаючы іх, кіраваліся культурнымі прынцыпамі, ігнаруючы палітыку і ідэалогію. Але культура – гэта не тое, што ўласціва ўладам і чыноўнікам у Беларусі, гэта для іх нешта незразумелае, таму небяспечнае».

Аднак, нягледзячы на забарону, Янушкевіч заявіў, што выдавецтва працягне выдаваць кнігі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў