Інстытут вывучэння вайны: расейскае ўварванне ва Украіну заходзіць у тупік


Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) апублікаваў даклад, прысвечаны расейскаму ўварванню ва Украіну. Паводле дадзеных даследчыкаў, украінскія войскі здолелі спыніць першапачатковую кампанію Мінабароны РФ, накіраваную на правядзенне паветрана-дэсантных і сухапутных аперацый па захопу Кіева, Харкава, Адэсы і іншых буйных украінскіх гарадоў з мэтай дамагчыся змены ўлады ва Украіне, піша «Вот Так».

Расейскія сілы працягваюць прасоўвацца ў некаторых частках тэатру вайсковых дзеянняў, але наўрад ці змогуць захапіць прызначаныя мэты, бо замест распрацоўкі плана новай кампаніі і падрыхтоўкі для яе рэсурсаў Мінабароны накіроўвае сілы на ўтрыманне невялікіх груп падмацаванняў, пішуць аналітыкі ISW (Institute for the Study of War).

Вёска Бургас, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

ISW мяркуе, што нават канчатковае падзенне Марыупалю наўрад ці вызваліць дастаткова баявой моцы Расеі, каб рэзка змяніць ход вайны ў свой бок. Блакада Марыупалю і рэгулярныя баі ў самім горадзе адымаюць у расейскіх войскаў занадта шмат рэсурсаў, што падрывае іх першапачатковыя планы па наступу на Крывы Рог з наступным захопам Запарожжа і Дняпра з захаду. Пры гэтым даследчыкі лічаць, што на гэтым этапе захоп гэтых гарадоў бачыцца ўжо малаверагодным.

Адносны поспех можа мець аперацыя Расеі па высадцы ў Адэсе. Там можа быць выкарыстаная марская пяхота, якая ўваходзіць у склад Чарнаморскага флоту ды, імаверна, з’яўляецца найбуйнейшым расейскім ваенным рэзервам, які яшчэ не прымаў удзелу ў кампаніі. Большая частка гэтай марской пяхоты пагружаная на дэсантныя караблі ля ўзбярэжжа Адэсы з пачатку вайны і гатовая высадзіцца, як толькі будзе запэўненая надзейная наземная лінія сувязі з Крыму ў Адэсу.

ISW піша, што расейскае ўварванне ва Украіну заходзіць у тупік, але пры гэтым удакладняе, што гэты тупік будзе «вельмі жорсткім і крывавым, асабліва калі ён зацягнецца».

«Тупік – гэта не перамірʼе і спыненне агню. Гэта стан вайны, пры якім кожны бок праводзіць наступальныя аперацыі, прынцыпова не змяняючы становішча. Гэтыя аперацыі могуць быць вельмі разбуральнымі і прывесці да велізарных ахвяр», — тлумачаць даследчыкі ў высновах дакладу.

Аналітыка
Што вядома пра страты Украіны і Расеі ў вайне?
2022.03.04 19:38

«Вот Так»

Стужка навінаў