Ці выкарыстае Лукашэнка сітуацыю са збожжавай угодай?


Днямі Расея аб’явіла аб спыненні збожжавага пагаднення, тэрмін якога скончыўся 17 ліпеня. Расейскі бок раней не раз заяўляў аб нежаданні прадаўжаць здзелку, абвінавачваючы Украіну і краіны Захаду ў невыкананні дамоўленасцяў. Ці захоча Лукашэнка і цяпер выкарыстаць гэтую сітуацыю са збожжавай угодай, як было год таму, разважае палітолаг Валер Карбалевіч.

Загрузка збожжа.
Фота: Міністерство інфраструктури України / Facebook

У чэрвені мінулага года Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў наладзіць экспарт збожжа з Украіны праз Беларусь узамен доступу да партоў Балтыі і зняцце санкцый з беларускага калію. Аднак тады да такога варыянту вырашэння праблемы не прыйшлі, а было падпісана збожжавае пагадненне паміж Украінай, Расеяй, Турцыяй і ААН.

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што ўлады Беларусі цяпер таксама могуць спрабаваць рабіць захады да таго, каб зноў прапанаваць тэрыторыю Беларусі для транзіту ўкраінскага збожжа. Аднак ён сумняецца, што калі ім гэта не ўдалося год таму, то што гэта будзе рэалізавана цяпер.

«Цяпер яшчэ менш перадумоў да гэтага. За гэты час стаўленне да Беларусі з боку заходніх партнёраў пагоршылася, бо з’явіўся чыннік ядравай зброі. Таксама з’явіўся чыннік прыватнай кампаніі Вагнэра на тэрыторыі Беларусі, якога асцерагаюцца суседнія краіны. Таксама не спыняецца міграцыйны крызіс. І ў гэтых умовах даволі цяжка ўявіць, што з Беларусі будуць знятыя нейкія эканамічныя санкцыі. Найперш санкцыі па транзіту калію дзеля таго, каб вырашыць нейкія сусветныя праблемы з коштам на харчаванне і праблемай голаду», – лічыць Валер Карбалевіч.

Аднак тое, што беларускія ўлады будуць спрабаваць гэта выкарыстаць – такая верагоднасць існуе. Але наконт практычнай рэалізацыі, лічыць палітолаг, ёсць вялікія сумневы. «Верагоднасць такога сцэнару яшчэ меншая, чым было год таму», – дадае ён.

Валер Карбалевіч таксама ўзгадвае пра нараду ў Лукашэнкі, якая адбылася 18 ліпеня, і была прысвечана праблеме таго, як ажывіць транспарціроўку беларускага экспарту праз расейскія парты.

«Тут шмат было нейкіх планаў, якія аказаліся ілюзіяй. І афіцыйныя асобы шмат распавядалі, што вось-вось будзе пабудаваны ці то порт, ці то частка порта ў Расеі, магчыма ў Калінінградскай ці Мурманскай вобласці. А вось цяпер высвятляецца, што з гэтым ёсць сур’езныя праблемы. І гэта толькі нейкія планы, да рэалізацыі якіх далёка», – кажа палітолаг.

Карбалевіч таксама дадае, што нейкай наўпроставай сувязі паміж выхадам Расеі са збожжавай угоды і гэтай нарадай Лукашэнкі таксама не было.

Абноўлена
Еўразвяз вырашыў не скасоўваць санкцыі адносна беларускіх угнаенняў
2023.07.18 22:40

Па словах прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, Расея вернецца да рэалізацыі харчовай здзелкі, як толькі партнёры выканаюць дадзеныя абяцанні па аднаўленні экспарту расейскіх угнаенняў і харчавання.

Так, расейскі бок хоча падключыць «Россельхозбанк» да міжнароднай сістэмы SWIFT, зняць абмежаванні на пастаўкі сельгастэхнікі і запчастак, і на страхаванне. Таксама патрабуе адмяніць забароны на доступ расейскіх судоў у парты і размарозку рахункаў расейскіх кампаній, звязаных з харчаваннем і ўгнаеннямі.

Збожжавая здзелка была заключана ў ліпені 2022 года паміж Расеяй і Украінай пры пасрэдніцтве Турцыі і ААН. Згодна з умовамі, Расея прадаставіла бяспечны вываз збожжавых з украінскіх партоў у найбяднейшыя краіны. У выніку гэтага Украіна змагла паставіць на знешнія рынкі больш за 30 млн тон сельгаспрадукцыі.

Раней расейскае МЗС афіцыйна апавясціла Турцыю, Украіну і сакратарыят ААН аб сутнасці пярэчанняў супраць падаўжэння збожжавай здзелкі.

Меркаванні
Збожжавая ўгода – усё
2023.07.18 20:11

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў