Збожжавая ўгода – усё

Крымскі мост узарвалі своечасова. Ёсць ахвяры і радавацца смерцям людзей, хай і Z-расейцаў, гэта, безумоўна, грэх. Але, калі ставіцца да аб’екту як да легітымнай вайсковай цэлі (якой ён і з’яўляецца), як да транспартнай камунікацыі, па якой ідзе забеспячэнне паўднёвай групоўкі расейскіх войскаў, то пытанні трэба задаваць расейскай уладзе, якая ўпарта робіць выгляд, што ў іх усё добра, і што Крым – бяспечнае месца для адпачынку расейцаў. Іх адказнасць, іх стратэгія, і іх, расейскіх уладаў, стаўленне да бяспекі ўласных грамадзянаў. Але сёння пра іншае.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Мужчына кантралюе пагрузку пшаніцы падчас збору ўраджаю на полі ў раёне падкантрольнага Расеі Луганску. 18 ліпеня 2023 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Выбух на Крымскім мосце стаў феерверкам у гонар завяршэння збожжавай ўгоды. Дзмітрый Пяскоў выглядаў пакрыўджаным і зноў скардзіўся, што расейцаў кінулі. Здаецца, ён ужо прывык да гэтай ролі? Усе іх крыўдзяць. Шведы з фінамі, палякі, ну і, вядома, Эрдаган. Ужо неяк цяжка адшукаць месца ў спіне Пуціна, куды подлы турак што-небудзь не ўваткнуў.

Але што ж, уласна, з самой угодаю? Што азначае яе спыненне? Вонкава, па агульных лічбах, здаецца, што нічога. Угода была вельмі патрэбная ў мінулым годзе. Па двух прычынах:

1. Сусветныя рынкі трэсла праз пачатак вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Свету пагражаў недахоп харчавання і гэта можна было адсачыць па пікавых цэнах на пшаніцу і калійныя ўгнаенні. Яны выраслі восенню разы так у два і пагражалі працягваць у тым жа духу. Цяжка перабудоўвалася лагістыка. Харчавання ў свеце дастаткова, але пераключэнне транспартных маршрутаў, перазаключэнне кантрактаў не адбываецца аднамомантава.

2. У 2021 годзе Украіна сабрала рэкордны ўраджай збожжавых. Лічбы тут такія: у часы Савецкага Саюзу стандартам быў збор на тэрыторыі Украіны 40 млн тон. Незалежнасць і прыватны бізнес далі свой плён і збор у апошнія 10 гадоў складаў у сярэднім 65 млн тон. Збор жа 2021-га склаў 85 млн тон і гэтае зерне трэба было вывозіць.

Рэалізацыя збожжавай угоды дазволіла Украіне вывезці 32, 9 млн тон і выручыць больш за $9 млрд. Наколькі значная гэтая лічба? Гэта 4,5% ад усяго ВУП Украіны, калі арыентавацца на дадзеныя даваеннага, 2021 году, або 6% ад ВУП-2022. Шмат, вельмі шмат.

Што ж цяпер? Ураджай 2022 году – 54 млн тон збожжавых. Дзякуй клопатам таварыша Пуціна, ну і надвор’ю трошкі. Планавы ўраджай 2023-га году – 44 млн тон. Прычыны? Вайна і засуха.

Не, ва Украіне не прагназуецца голад. У разліку на насельніцтва, якое засталося, збор збожжавых усё роўна прыкладна на траціну вышэйшы, чым у Беларусі, таму праблем не праглядаецца. Але і вывозіць (мяркуючы па лічбах) асабліва няма чаго, і кошты на знешніх рынках прыкметна ніжэй леташніх. І кошты гэтыя на грозную заяву Расеі аб закрыцці ўгоды адрэагавалі млява, усяго +4,5%. Угода перастала быць фактарам, які ўплывае на сусветны рынак.

Што нас чакае? Будуць і спробы Украіны вывозіць нейкія аб’ёмы морам, і абстрэлы гэтых канвояў з боку Расеі, і імкненне Эрдагану прыйсці да новага пагаднення, і слабенькія раўчукі, якія вывозяцца праз наземныя транспартныя шляхі (якія прыкметна ўдаражаюць прадукцыю).

Усё гэта будзе. Мы будзем назіраць гэты ваенна-эканамічны серыял і лічыць страты бакоў (дай Бог, каб толькі ў грошах). Аднак, галоўнае – гэтае пытанне перастала быць «пытаннем жыцця і смерці». Збожжавая ўгода адпрацавала сваё, дазволіла Украіне вывезці велізарны аб’ём патрэбных свету збожжавых, супакоіла рынкі, далей здаецца, што можна і без яе. Цяжка, але можна.

Гэта калі думаць эканамічна, з калькулятарам. Эмацыйна ж – Пуціну, а разам з ім і Z-расейцам ужо не адмыцца. І ўсё роўна, хто канкрэтна быў атрымальнікам збожжа, якое вывозіцца. Ва ўсім разумным свеце, а часткова і ў іншых яго кутках, прычынай рэзкага падаражэння харчавання зʼяўляецца асабіста ён, Пуцін. Гэта ўжо здарылася, і ад гэтага кляйма не адмыцца.

Так сабе імідж.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў