news
Інтэрв'ю

«Паўстанні нельга прадказаць». Блогер Тутэйшы шляхціч – пра Кракаў, важнасць голасу і шлях вяртання ў новую Беларусь

«Усё можа змяніцца літаральна заўтра»
19.05.202407:27

Распеты голас, шляхетнасць і апантаная любоў да Беларушчыны. Адзін з самых маладых беларускамоўных блогераў Усяслаў Пашкевіч – Тутэйшы шляхціч – тры гады жыве ў Кракаве. Гэты горад пасля эвакуацыі з Беларусі выбраў невыпадкова: у Кракаве кожны камень апавядае гісторыю. І вельмі часта – непасрэдна датычную Беларусі. Размаўляем з Усяславам пра жыццё ў Польшчы, музыку і шлях вяртання ў Беларусь.

Усяслаў Пашкевіч, стваральнік YouTube-каналу «Тутэйшы Шляхціч», у старой сінагозе ў раёне Казімеж у Кракаве, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Сустракаемся ў самым сэрцы Кракава – каля помніку Адаму Міцкевічу на галоўнай Рынкавай плошчы гораду. Усяслаў ладзіць мімалётную экскурсію, распавядае пра будынак кракаўскіх «сукенніц», пра ратушную вежу, паказвае месца, дзе прысягаў на вернасць паспалітаму люду Тадэвуш Касцюшка (пліта з памятным надпісам).

«Менавіта тут пачыналася паўстанне Касцюшкі», – энергічна жэстыкулюе Усяслаў.

За што любяць Тутэйшага шляхціча

Здаецца, што Усяслаў Пашкевіч не можа і не хоча гаварыць пра штосьці іншае, апроч як пра падзеі беларускай гісторыі. Але гэта не так. Можа. Напрыклад – пра музыку (да паўстання Касцюшкі яшчэ вернемся напрыканцы тэксту).

Праз чвэрць гадзіны сядаем за столік ў нешматлюднай музычнай кавярні-кнігарні «Курант» на галоўным рынку. Нас атачаюць старыя фотаздымкі, мастацкія працы, кнігі і музычныя плыты. За маёй спінай – маўчыць фартэпіяна. Усяслаў пасміхаецца. Гэта ягоная ўлюбёная кавярня ў Кракаве.

Усяслаў Пашкевіч, стваральнік YouTube-каналу «Тутэйшы Шляхціч». Кракаў, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Ну, слухай, я вельмі люблю спяваць. І ведаеш – што менавіта? Гімн «Магутны Божа» і «Купалінку». І не толькі таму, што гэта выбітныя беларускія творы, але і таму, што на іх класна распяваецца і разаграваецца голас. «Магутны Божа» такі басавіты. А з «Купалінкай» люблю ўверх ісці. І такім чынам максімальна расцягваю дыяпазон свайго голасу перад агучваннем чарговага роліку на сваім блогу. Пасля песень трэную беларускімі хуткамоўкамі», – распавядае Усяслаў.

Прызнаецца, што размаўляе з намі не тым сваім дыктарскім голасам, якім агучвае ролікі на ютуб-канале «Тутэйшы шляхціч», а звычайным («Адчуваю тут сябе расслабленым»).

Усяславу Пашкевічу 24 гады. Кажа пра сябе як пра «папулярызатара гісторыі Беларусі і беларускай мовы». «Тутэйшы шляхціч» на «Youtube» мае 11 з паловай тысячаў падпісчыкаў, у «ТыкТоку» – амаль 26 тысячаў, на «Інстаграме» – больш за тры з паловай тысячы, у «Тэлеграме» – 1300. Не так і дужа, скажаце? Але з улікам таго, што каналы «Тутэйшага шляхціча» прызнаныя ў РБ «экстрэмісцкімі матэрыяламі», гэта добрая статыстыка. Хоць, як прызнаецца сам Усяслаў, адпіскі (у асноўным – у «Тэлеграме») перыядычна заганяюць яго ў дэпрэсію. Але ён не здаецца. Не палівае свае расповеды пра гісторыю збітай смятанкай. Наадварот – закранае самае балючае (самы папулярны на сёння ягоны ролік на «Ютубе» – «Як Сталін парэзаў Беларусь»).

Усяслаў Пашкевіч, стваральнік YouTube-каналу «Тутэйшы Шляхціч», паказвае, як ён запісвае голас на прафесійную гуказапісвальную прыладу. Кракаў, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Лаканічна, востра, проста і добра пастаўленым голасам. За гэта і любяць «Тутэйшага шляхціча». Вяртаемся да музыкі.

«Пратэсты мне паставілі голас»

«Напэўна, голас і ёсць маёй фішкай. Як толькі ў 14 гадоў ён у мяне зламаўся, усе пачалі гаварыць: Усяслаў, які ў цябе голас! Хтосьці кажа – басавіты, хтосьці – барытонавы. Дасюль заўважаюць. Нават быў такі выпадак у адным чаце: я агучыў галасавое паведамленне, а мне ў адказ, маўляў, гэта не твой голас, ці ты часам не бот?» – смяецца Усяслаў.

Блогер расказвае, што першай асобай, якая заўважыла асаблівасці ягонага голасу, была выкладчыца сальфеджыа ў музычнай школе № 10 імя Глебава ў Менску. Запрасіла Усяслава ў хор спяваць басам, але тады, у 14 гадоў, ён гэтае запрашэнне праігнараваў. Пачаў спяваць у хоры пазней – у 2020 годзе. Яго запрасілі ў хор БДУ.

«І вось тут я пашкадаваў, што не хадзіў спяваць у музычнай школе. Бо мне вельмі падабалася, але навыкаў спяваць у хоры не было. Я фальшывіў, не трапляў у ноты, і кіраўнік быў мной не задаволены. А калі я ўваходзіў у кураж – усіх адразу спыняў і глядзеў на мяне з дакорам: чуў кожную фальшывую нотку. А я ж не мог па іншаму – мяне аж распірала, як хацелася быць гучным…» – успамінае Усяслаў.

А потым былі маршы і мітынгі 2020 году, дзе наш герой даў нарэшце свайму голасу волю – «галасіў «Пагоню» на пратэстах».

Гісторыі
Кніга-бестселер пра бел-чырвона-белы сцяг
2024.04.07 10:53

«І так супала, што калі былі маршы, рэпетыцыяў хору не было. А калі я прыйшоў на заняткі, кіраўнік хору раптам заўважыў, што я пачаў лепей спяваць і што ў мяне назіраецца прагрэс. Такая вось гісторыя: пратэсты мне паставілі голас», – пасміхаецца наш суразмоўца.

Але найбольшы прагрэс адбыўся ўжо ў эміграцыі, калі Усяслаў запісаўся на прыватныя заняткі да прафесійнай выкладчыцы. Займаецца і зараз. Бо голас – вельмі важная частка кожнага, адзначае Усяслаў.

Як тутэйшы становіцца шляхцічам

Яшчэ адна гісторыя, якую з запалам распавядае нам Усяслаў Пашкевіч у кракаўскай кавярні, – гэта яго асабістая гісторыя вяртання да Беларушчыны. У ёй пераплятаецца ўсё: імя, сямʼя, вандроўкі, палітыка…

Стваральнік YouTube-каналу «Тутэйшы Шляхціч» Усяслаў Пашкевіч. Кракаў, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Імя легендарнага князя Усяслава Чарадзея захацела даць сыну ягоная маці – нарадзінка Полацку. Тата падтрымаў. А быў яшчэ полацкі дзед, які распавядаў унуку гісторыі пра Еўфрасінню Полацкую, пра разню ўніятаў, якую ў горадзе ўчынілі з загаду Пятра І, пра Напалеона ў Віцебску і г.д.

«Дзякуючы яго аповедам, я ведаў гісторыю. Не з артыкулаў і кніжак – ад дзядулі. Запытаўся ў яго неяк, каго ён лічыць сваім героем. Тадэвуша Касцюшку, адказаў. Толькі калі я падрос, то ўсвядоміў, што дзядуля ж быў савецкім афіцэрам, падпалкоўнікам, вайскоўцам, але ніякая прапаганда і ідэалогія яго не брала – заставаўся беларусам. Гэта вельмі на мяне паўплывала, і я вельмі ўдзячны свайму дзеду», – кажа Усяслаў.

Шляхецтва сваё Усяслаў таксама не прыдумаў. «Блакітную кроў» мае па бацькавай лініі – па Пашкевічах. Сямейны герб Радван, апраўлены ў рамку, які вісеў на сцяне іх менскай кватэры, хлопец бачыў з маленства. Але распавядае гэта без ганарлівасці. Маўляў, гэта «хутчэй для падтрымання традыцыі», «хутчэй пра памяць і свае карані».

Усяслаў Пашкевіч, стваральнік YouTube-каналу «Тутэйшы Шляхціч». Кракаў, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Ды і назву свайго праекту «Тутэйшы шляхціч» тлумачыць як аксюмаран.

«У гэтай мянушцы закладзены сэнс пра метамарфозу, якую я перажыў, калі з расейскамоўнага «тутэйшага» хлопца ператварыўся ў беларускамоўнага шляхціча. Бо шляхціч – гэта найперш той, хто цікавіцца Беларушчынай, сваёй гісторыяй і мовай, хто захоўвае і абараняе іх. Увесь сэнс – у гэтай высакароднасці і шляхетнасці», – перакананы Усяслаў Пашкевіч.

«Толькі беларуская мова завяршае карціну»

Вялікую ролю ў гэтай метамарфозе адыграў менскі каледж прадпрымальніцтва, дзе з 2018 года Пашкевіч вучыўся на экскурсавода. Там Усяслаў загарэўся рабіць выязныя экскурсіі па Беларусі. Дарма што ледзь-ледзь «выходзілі на нуль» (а то і на мінус), бо сутнасць праекту палягала не на грашовых прыбытках – на нечым большым.

«Мы адчувалі кайф з таго, што самі падрыхтавалі экскурсію і расказалі людзям пра Беларусь, гэта быў чысты кайф», – прызнаецца Усяслаў.

Абʼездзіў тады ўсю Беларусь. Дасюль лічыць, што, напрыклад, Браслаў («ачмурэнны горад!») з ягонымі відамі – прыгажэйшы за ўсё тое, што пабачыў ужо ў Польшчы (а пабачыў ужо шмат чаго). У гэтых паездках зразумеў, што любіць здымаць відэа. Хацеў назваць свой праект «Тутэйшы вандроўнік», але схіліўся да «Тутэйшага шляхціча». Бо ў той жа год цалкам перайшоў на беларускую (разам з мамай).

Гадзіннік Усяслава Пашкевіча, набыты на кірмашы ў Гданьску і зроблены па падабенстве старых гадзіннікаў. Кракаў, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Мама падсунула мне кніжку Вадзіма Дзеружынскага, які ўздымаў такія цалкам справядлівыя пытанні: як так, чаму мы, беларусы, якія маем шматвяковую гісторыю і культуру, цалкам заангажаваныя ў расейшчыну? Я памятаю, ехаў тады на вучобу ў тралейбусе і чытаў гэты фрагмент. Доўга разважаў над усім гэтым. «Я люблю традыцыю, ведаю гісторыю, але – ці беларус я?» – пытаўся ў сябе. Пазл не складваўся. І ў нейкі момант успала на мяне: беларуская мова! Без яе ўсё гэта як незавершаная карціна. Толькі яна ўсё завяршае. І на свой дзень народзінаў, 5 студзеня, я прачнуўся і зрабіў сабе падарунак: так, кажу, Усяслаў, пераходзіш на мову. Так яно і сталася», – распавядае Усяслаў Пашкевіч.

У слушнасці рашэння пераканаўся на імпрэзах БНР-100. Потым быў 2020 год, пераезд ва Украіну, а пазней – польскі Кракаў. Але Беларушчына Пашкевіча толькі мацнее. На ягоны канал падпісваюцца нават палякі.

«Так, троху беларусізую іх. Ну, мы ж будавалі калісьці Рэч Паспалітую двух народаў, вось я і працягваю», – з усмешкай кажа ён.

«Без каманды адчуваеш сябе часам самотным»

Усяслаў выбраў для жыцця Кракаў, бо горад сапраўды мае апʼяняльную гістарычную аўру. І што важна – моцную беларускую дыяспару. У Кракаве, па ягоных словах, жыве зараз больш за 7 тысячаў беларусаў, якія маюць тут сваю культурніцкую прастору «Крок» у самым цэнтры гораду і беларускае выдавецтва «Gutenberg».

Усяслаў Пашкевіч, стваральнік YouTube-каналу «Тутэйшы Шляхціч», у раёне Казімеж у Кракаве, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Два гады таму падчас вячорак, якія ладзіў у беларускай прасторы, Усяслаў пазнаёміўся з беларускай, якая праз некаторы час стала ягонай жонкай. Цяпер маладая беларуская сямʼя плануе нарадзіць дзіця.

«Ну тады пра хлеб штодзённы. Ці ўдаецца зарабляць дастаткова грошай на жыццё ўласна блогам на беларускай мове?» – пытаемся.

«Магчыма. У якасці прыклада прывяду беларускамоўнага блогера Рудзі, які стварае кантэнт пра кампʼютарныя гульні. І, як я разумею, можа ўжо ўтрымліваць сябе дзякуючы падпісчыкам на «Patreon». У мяне, на жаль, пакуль што так не атрымліваецца. Магчыма, таму, што іншыя тэматыка і «экстрэмісцкі» рэсурс. Я б з задавальненнем аддаваў бы ўвесь свой час свайму блогу, але пакуль што гэта толькі хобі», – тлумачыць Усяслаў.

Ягоная пастаянная праца таксама звязанае з відэа – стварае кантэнт для сацсетак «Нашай Нівы». Больш за палову заробку сыходзіць на аплату кватэры. А грошы ад мецэнатаў на «Patreon» («Гэта не вельмі вялікія сумы») цалкам аддае на развіццё свайго каналу «Тутэйшы шляхціч», каб паляпшаць якасць: набыў нядаўна стацыянарны кампʼютар і новую фотакамеру.

Стваральнік YouTube-каналу «Тутэйшы Шляхціч» Усяслаў Пашкевіч. Кракаў, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Хоча ісці наперад. І прызнаецца, што «самы вялікі кайф» адчуваў, працуючы ў камандзе, як гэта было, напрыклад, у 2020 годзе, калі быў задзейнічаны ў праекце «Годна» (быў вядоўцам «Годнай гісторыі» ды іншых каналах праекту).

«Без каманды, бывае, адчуваеш сябе вельмі самотным, і здараюцца выгаранні», – прызнаецца Усяслаў.

Ён марыць, што ў будучай, свабоднай, Беларусі будзе прафесійна займацца закадравым агучваннем, дубляжом. Тады, ягоны голас, разагрэты гімнам «Магутны Божа», вельмі прыдасца, бо зʼявіцца попыт на Беларушчыну.

Hавiны
З’явіўся каталог беларускага YouТube – Brama.online
2024.04.03 18:19

«Усё можа змяніцца літаральна заўтра»

«Добра. Як Тутэйшы шляхціч і аўтар гістарычнага блогу, скажы мне, якім ты бачыш нашае вяртанне. Гэта будзе шлях Касцюшкі, шлях паўстання?..» – запытваемся на развітанне.

«Можа быць усё, што заўгодна. Таму што такія падзеі, як рэвалюцыі і паўстанні – непрадказальныя. Усё парой вырашаюць імгненні. Рада БНР скарысталася гэтым імгненнем і абвясціла Беларускую народную рэспубліку. Лёс дэкларацыі аб Незалежнасці Беларусі вырашаўся за лічаныя гадзіны.

Немагчыма прадказаць гэты шлях. Усё можа змяніцца літаральна заўтра. Трэба набрацца цярпення і працягваць працаваць на Беларушчыну», – падсумоўвае Усяслаў Пашкевіч – Тутэйшы шляхціч.

Голас Усяслава мацнее, калі гаворыць пра Беларусь. Але застаецца цёплым. Хтосьці з наведнікаў кавярні дакранаецца да клавішаў фартэпіяна. Калі вяртаемся ў гатэль, адчуваем на спінах востры погляд кракаўскага Адама Міцкевіча. І нам падаецца, што ён – дакорлівы…

Інтэрв’ю
Рэкі і павароты Сашы Васюковіча. Шчырая размова з фатографам па вызваленні з турмы
2024.05.15 06:05

Зміцер Міраш belsat.eu