Паліцыя Нямеччыны распачала больш за 140 справаў за падтрыманне расейскай агрэсіі


Паліцыя Нямеччыны распачала больш за 140 справаў за падтрыманне расейскай агрэсіі. Стала вядома, што паліцыя разам з пракуратурай шэрагу рэгіёнаў Нямеччыны распачала больш за 140 справаў аб публічным ухваленні вайны Расейскай Федэрацыі супраць Украіны. Большасць распачатых справаў датычыцца выкарыстання літары «Z», якая стала сімвалам расейскага нападу, – паведамляе «Deutsche Welle».

Вайскоўцы ў форме без знакаў адрознення на падкантрольнай сепаратыстам тэрыторыі ў Данецкай вобласці, Украіна. 3 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

З нядаўняга часу выява гэтай літары ў грамадскіх месцах падпадае пад артыкул нямецкага Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае штраф або пазбаўленне волі да 3 гадоў для тых, хто «заахвочвае ці іншым чынам ухваляе публічна, на сустрэчах або шляхам распаўсюджвання пісьмовых матэрыялаў» супрацьпраўныя дзеянні.

У зямлі Саксонія-Ангальт ужо заведзена 19 справаў паводле гэтага артыкулу праз літару «Z», у Гамбургу – 17, з іх 16 таксама тычацца публічнага выкарыстання сімвалу. У густанаселенай зямлі Паўночны Рэйн – Вэстфалія распачата 37 справаў з нагоды ўхвалення расейскай агрэсіі супраць Украіны, 22 з іх таксама звязаныя з дэманстрацыяй «Z».

Некаторыя рэгіёны, напрыклад, Баварыя, такой статыстыкі наконт выказвання пазіцыі адносна нападу Расеі на Украіну не вядуць, але запэўніваюць, што прымаюць меры супраць падазраваных у гэтых злачынствах.

Фота
«Стоп Пуцін! Стоп вайна». Акцыі салідарнасці з Украінай адбываюцца па ўсім свеце
2022.02.24 21:25

Нагадаем, што з пачатку вайны ва Украіне ў шэрагу гарадоў Нямеччыны пракацілася хваля прарасейскіх акцыяў, удзельнікі якіх выйшлі на вуліцы са сцягамі РФ і Савецкага Саюзу.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў