Беларуская прамысловасць два месяцы працавала ў мінус


Беларуская прамысловасць ад пачатку года страціла амаль 2 % абʼёму вытворчасці. Пра гэта сведчаць апублікаваныя звесткі афіцыйнай статыстыкі паводле вынікаў лютага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixaby.com

Згодна са звесткамі Белстату, абʼём прамысловай вытворчасці ў студзені – лютым 2023 года паменшыўся на 1,8 % у параўнанні з гэтым паказальнікам у студзені – лютым 2022 года. У актуальных цэнах абʼём прамысловай вытворчасці склаў Br 28,3 млрд рублёў.

Рост назіраўся ў двух відах эканамічнай дзейнасці: «Горназдабыўная прамысловасць» (+1,6 %) і «Водазабеспячэнне; збор, апрацоўванне і выдаленне адкідаў, дзейнасць дзеля ліквідацыі забруджванняў» (+0,9 %). Спад вытворчасці адзначаны ў наступных відах эканамічнай дзейнасці: «Апрацоўчая прамысловасць» (- 1,5 %), «Забеспячэнне электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам» (- 1,4 %).

Індэкс прамысловай вытворчасці за люты 2023 года да лютага 2022 года склаў 100,5 %.

Адрозна ад прамысловасці, аб’ём вытворчасці у сельскай гаспадарцы за студзень – люты вырас на 3,2 % у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У гаспадарках усіх катэгорыяў вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў бягучых цэнах склала Br 3,008 млрд.

Пры гэтым грашовыя даходы насельніцтва ў студзені 2023 года склалі толькі 99,1 % да ўзроўню студзеня 2022 года.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў