Затрыманне сына Вайцяховіча, здарэнне ў менскім клубе, мігранты. Галоўнае за 16 студзеня


Belsat.eu падводзіць вынікі нядзелі, 16 студзеня.

У менскім клубе «Crazy Horse» падчас вечарыны невядомы распыліў пярцовы газ і запаліў дымавую шашку. Усіх наведнікаў клубу эвакуявалі. Некаторым хлопцам і дзяўчатам стала кепска, яны страцілі прытомнасць, і іх выносілі на руках. Прыехалі ратавальнікі, хуткая дапамога і міліцыя.

Ілля Вайцяховіч, малодшы сын беларускага бізнесоўца Эдуарда Вайцяховіча, быў затрыманы байцамі ГУБАЗіКу, калі ехаў на пахаванне бацькі з Рыгі. Знаёмыя Іллі кажуць, што яго вінавацяць у «антыдзяржаўнай дзейнасці», цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна.

Маладзечанскі праваабаронца Алесь Капуцкі не выйшаў сёння на волю пасля 30 содняў адміністратыўнага арышту. На якой падставе ён застаецца за кратамі, пакуль невядома.

Палітзняволены Павел Пяскоў, якога асудзілі за штурханіну з амапаўцамі ў Маладзечне, у лісце на волю паведаміў, што яго павінны змясціць у ШІЗА. Колькі ён павінен правесці ў штрафным ізалятары – невядома. Сёння таксама стала вядома пра чарговыя прысуды за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года: жыхароў Жлобіна Івана Гаўрылава і Аляксея Дудко пакаралі пазбаўленнем волі тэрмінам на 2,5 года кожнага.

У Памежнай ахове Польшчы заявілі, што за 15 студзеня беларуска-польскую мяжу спрабавалі незаконна перайсці 47 чалавек. На адцінку ў ваколіцах Мельніку мігранты сарвалі агароджу, рвалі металічныя слупы, кідалі ў польскіх памежнікаў камяні і галіны дрэваў. Разам з тым у параўнанні з мінулым годам інтэнсіўнасць спробаў незаконна мінуць польскую мяжу з боку Беларусі застаецца нязначнай (у кастрычніку-лістападзе Польшча фіксавала па 600–700 такіх выпадкаў на дзень).

Сёння ў МЗС Іраку заявілі, што на радзіму вярнулася каля чатырох тысяч іракцаў, якія апынуліся ў пастцы на беларуска-літоўскай мяжы. Некаторыя грамадзяне Іраку яшчэ застаюцца ў Літве, і ўлады чакаюць іх добраахвотнага рашэння аб вяртанні ў Багдад.

Hавiны
Друкаваныя СМІ Украіны цалкам пераходзяць на ўкраінскую мову
2022.01.16 14:35

Былы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, супраць якога ва Украіне распачалі крымінальную справу, мае намер вярнуцца ў Кіеў 17 студзеня. У нядзелю падчас брыфінгу ў Варшаве ён выказаў упэўненасць, што ва Украіне яго не арыштуюць, і падкрэсліў, што не плануе збіраць «трывожны чамаданчык».

16 студзеня, праз содні пасля вывяржэння гіганцкага падводнага вулкана Хунга-Тонга-Хунга-Хаапай у Ціхім акіяне, было абвешчана, што пагроза разбуральнага цунамі мінула. Магутнае вывяржэнне вулкану ў Ціхім акіяне абышлося без чалавечых ахвяраў і значных разбурэнняў.

Hавiны
Ад рэзкіх перападаў тэмпературы пакутуюць і людзі, і пабудовы. Парады ад доктара і інжынера
2022.01.16 11:54

РР belsat.eu

 

Стужка навінаў