Польшча вылучыла на абарону звыш 4 % ВУП. Гэта больш, чым у ЗША ці Расеі


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг 15 лютага правёў сустрэчу з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, яны далі супольную прэс-канферэнцыю па выніках. На ёй, перадае карэспандэнт «Белсату», Дуда расказаў пра падвышэнне выдаткаў на абарону аж да больш як 4 % валавага ўнутранага прадукту.

Польскія вайскоўцы на парадзе з нагоды Нацыянальнага свята незалежнасці. Варшава, Польшча. 11 лістапада 2022 года.
Фота: Kpr. Wojciech Król / CO MON / Flickr

4 % ВУП на абарону – вельмі шмат па сусветных мерках

У апошнія гады Польшча выдаткоўвала каля 2 % ад аб’ёму эканомікі на патрэбы абароны – у 1999-2014 і 2016-17 гадах гэтыя выдаткі апускаліся да 1,8-1,9 %, але ў іншы час перавышалі 2 %. На тле вайны ва Украіне Польшча падвысіла выдаткі на абарону: у 2023 годзе яны маюць перавысіць 4 % ВУП.

Краіны NATO яшчэ ў 2006 годзе пагадзіліся выдаткоўваць не менш за 2 % ВУП на абарону, у 2014 годзе такую рэкамендацыю зацвердзілі, але яе выконвалі далёка не ўсе краіны. У ліку тых, хто выдаткоўваў меней, і такія буйныя краіны як Італія, Іспанія, Нямеччына, Францыя. Сярод тых, хто выконваў, былі Польшча і краіны Балтыі – Літва, Латвія, Эстонія.

Паводле звестак Сусветнага банку, сярэдні паказнік па свеце ў 2021 годзе быў 2,2 %. Больш за 4 % выдаткоўвалі лічаныя краіны: Аман (7,3 % у 2021 годзе), Кувейт (6,7%),  Алжыр (5,6 %), Азербайджан (5,3 %), Ізраіль (5,2 %), Іярданія (5 %), Катар (4,8 %), Арменія (4,4 %), Марока (4,2 %). Значныя вайсковыя выдаткі ў мінулыя гады мелі таксама Эрытрэя, Лівія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Сірыя і Емен, але актуальнай статыстыкі па іх няма.

Злучаныя Штаты, якія выдаткоўваюць на абарону больш за ўсіх на свеце, цяпер выдаткоўваюць на абарону толькі каля 3 % ВУП, а больш за 4 % апошні раз выдаткоўвалі ў 2012 годзе. Кітай, які на другім месцы ў абсалютным аб’ёме выдаткаў, дае на абарону 1,7 % ВУП. Расея, якая на пятым месцы ў абсалютных лічбах, вылучае на абарону каля 3,2-3,3 % ВУП. Выдаткі Беларусі на абарону складаюць усяго каля ў 1,2 % ВУП.

Hавiны
NATO: Украіна мае акно магчымасцяў, каб пахіснуць баланс у вайне
2023.02.15 17:54

Як гэта тлумачыць прэзідэнт Польшчы

Польшча мае сухапутную мяжу з Расеяй (праз Калінінградскую вобласць) і саюзніцай Расеі Беларуссю, а мяжу Польшчы і Літвы называюць «сувалкаўскім калідорам» і магчымым месцам атакі Расеі. І Енс Стольтэнбэрг, і Анджэй Дуда на прэс-канферэнцыі 15 лютага казалі пра значэнне Польшчы ў абароне іншых краінаў NATO і дапамозе Украіны ў барацьбе з расейскім нападам.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда (злева) і Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг (справа) на сустрэчы ў Бруселі, Бельгія. 14 лютага 2023 года.
Фота: Nato.int

Дуда згадаў, што Польшча закупае ўзбраенні са Злучаных Штатаў і Паўднёвай Карэі. З Карэі, адзначыў ён, пастаўкі ідуць хутка – праз некалькі месяцаў ад замовы прыйшлі танкі і гаўбіцы, а будуць яшчэ самалёты. Польшча, згадаў ён, выконвае місію паветранага патрулявання над краінамі Балтыі «NATO Air Policing» і чакае самалётаў F-35 з ЗША, FA-50 з Карэі. Польшча рэалізуе таксама праграму «NATO Enhanced Forward Presence» дзеля абароны Літвы, там служаць польскія танкісты. Польскія вайскоўцы служаць і ў Румыніі. Стольтэнбэрг у сваю чаргу згадаў пра прысутнасць войскаў ЗША ў Польшчы, рашэнне размясціць больш вайсковых запасаў і абсталявання.

«Нашая адказнасць – перадусім, відавочна, за бяспеку Польшчы, – казаў Дуда. – Але таксама цэлага абшару альянсу, у галоўнай меры, зразумела, нашых суседзяў на ўсходнім флангу NATO».

У межах паставак Паўночнаатлантычнага альянсу Польшча перадае Украіне ў цяперашні час брытанскія танкі «Challenger», нямецкія танкі «Leopard 2» з Канады, танкі і дадатковае абсталяванне з Нямеччыны, у тым ліку самыя сучасныя танкі версіі «Leopard 2A6». Польшча і сама раней перадавала Украіне дзве з паловай сотні танкаў, у тым ліку савецкія Т-72 і «PT-91 Twardy».

Разбор
Што такога ў «Леапардах»? Чаму пастаўкам нямецкіх танкаў ва Украіну надаюць столькі ўвагі
2023.01.26 18:10

Дуда адзначыў, што Польшча ўдзячная за такія пастаўкі Украіне і хацела б, каб сабралася прынамсі адна танкавая брыгада. Два дні таму Дуда сустракаўся з украінскімі танкістамі, якія вучацца ваяваць на «Леапардах» на тэрыторыі Польшчы.

На наступны дзень Дуда выпраўляецца ў Злучанае Каралеўства на сустрэчы ў прэм’ерам і каралём, канферэнцыю з прэзідэнтам Францыі і канцлерам Нямеччыны – там хоча абмеркаваць супрацу ў будаванні сферы бяспекі.

Далейшую каардынацыю высілкаў краіны NATO маюць грунтоўна абмеркаваць на саміце ў Вільні, які запланаваны на 11–12 ліпеня. Там, паводле Стольтэнбэрга, маюць абмеркаваць і планку ў прынамсі 2 % ВУП на абарону. Дуда сярод іншага выказаў надзею на гэтую сустрэчу і распрацоўку новых планаў для ўсходніх краінаў NATO на выпадак якога заўгодна нападу. NATO мае планы на 10 дзён, 30 дзён і 90 дзён, але Дуда спадзяецца і на хутчэйшы адказ, большыя сілы для такіх планаў. Таксама ён хацеў бы, каб на ўсходнім флангу NATO было больш інфраструктуры, сілаў абароны і вайсковых складаў.

Дуда дадаў, што размаўляў з кіраўнікамі краінаў Балтыі і чуў ад іх чаканні адносна процідзеяння розным пагрозам, у тым ліку гібрыдных пагрозаў з боку Беларусі.

Hавiны
NATO заклікала Беларусь спыніць саўдзел у вайне ва Украіне
2023.02.15 18:47

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў