Што такога ў «Леапардах»? Чаму пастаўкам нямецкіх танкаў ва Украіну надаюць столькі ўвагі


Нямеччына пагадзілася перадаць Украіне 14 танкаў «Leopard 2A6». Еўрапейскія саюзнікі абмяркоўваюць перадачу Украіне ўжо 80 такіх танкаў. Чаму столькі ўвагі дасталася менавіта «Леапардам», а не «Абрамсам» ці «Чэленджэрам»?

Танк «Leopard 2A6» на вучэннях «Peacock Supremacy». Кліц, Нямеччына. 15 лютага 2018 года.
Фота: defensie.nl / Wikimedia, CC0 1.0

25 студзеня Нямеччына паведаміла, што нарэшце вырашыла паставіць Украіне 14 танкаў «Leopard 2A6» і дазволіць пастаўкі гэтых танкаў Украіне ад іншых еўрапейскіх партнёраў. Нямецкі абарончы канцэрн расказвае, што тэарэтычна можа паставіць ва Украіну яшчэ 29 танкаў «Leopard 2A4» і 88 «Leopard 1».

У той жа дзень, што Нямеччына, Злучаныя Штаты вырашылі, што перададуць Украіне 31 танк «M1A1 Abrams». Яшчэ 15 студзеня Злучанае Каралеўства пацвердзіла, што вышле ва Украіну 14 танкаў «Challenger 2». Францыя ж на момант публікацыі думае, ці адпраўляць Украіне свае танкі «Leclerc».

Амаль ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне пра пастаўкі танкаў разважалі ў адпаведных краінах: вось што пісалі ў Нямеччыне, у ЗША, у Брытаніі. Але менавіта на «Леапардаў» звярталі найбольш увагі. Пакуль пра нямецкія танкі трывалі спрэчкі і хадзілі розныя чуткі, украінцы ладзілі флэшмоб #FreeTheLeopards – «Свабоду леапардам». Карыкатурысты розных краінаў малявалі крыўдныя карцінкі пра канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца. Польшча намякала, што гатовая пастаўляць Украіне «Леапарды» нават насуперак нежаданню немцаў.

Што за «Леапарды» і што значыць А6

«Leopard 2» – асноўны баявы танк, які пачалі вырабляць у Нямеччыне ў 1979 годзе. Ён адносіцца да трэцяга пакалення, як савецкія Т-80 і пазнейшыя расейскія і ўкраінскія танкі, таксама як амерыканскія «M1 Abrams», брытанскія «Challenger 1» і «Challenger 2», французскія «Leclerc».

Танк «Leopard 2A6». Зондэрсгаўзэн, Нямеччына. 8 чэрвеня 2017 года.
Фота: Tobias Nordhausen / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

На момант пачатку вытворчасці «Leopard 2» адрозніваўся ад большасці тагачасных танкаў прасунутай лічбавай сістэмай кантролю агню з лазерным дальнамерам і нават датчыкам ветру, электрагідраўлічнай сістэмай стабілізацыі гарматы. Гэта дазваляла танку ехаць па няроўнай дарозе і страляць па цэлях, якія таксама рухаюцца. Немцы паказвалі такі фокус: ставілі на нос дула танка куфаль піва, гналі па калдобінах, а піва не пралівалі.

У сучасных танках падобныя сістэмы таксама ёсць, іх можна дадаць і ў старэйшыя танкі. Напрыклад, украінцы ўжо паўтарылі фокус з півам на мадэрнізаваным «старажытным» Т-64. Вядома, каб цалкам давесці Т-64 да ўзроўню «Leopard 2A6», трэба будзе сабраць фактычна новы танк, але асобныя мадыфікацыі «прыкруціць» магчыма і да старой тэхнікі.

Самі «Леапарды» шмат мадыфікавалі. Базавую мадэль 1979 года неафіцыйна называюць «A0», бо наступныя мадыфікацыі атрымлівалі назвы «A1», «А2» і гэтак далей. Танкам дадалі тэрмічны прыцэл, замянілі стэлажы боепрыпасаў і фільтры паліва, дадалі магчымасць запраўляць асобна толькі пярэдні бак, падключылі лічбавую радыёстанцыю, паставілі аўтаматызаваную супрацьпажарную сістэму, навучылі сістэму кантролю агню працы з новымі баепрыпасамі, шмат разоў дапрацоўвалі і перапрацоўвалі браню…

У «А6» на дадатак да гэтага – новая асноўная гармата «Rheinmetall 120 mm L/55». «A6» – не самая новая мадыфікацыя «Леапардаў». Апошняя на сёння мадыфікацыя завецца «А7+», але «сёмыя леапарды» яшчэ не такія распаўсюджаныя, як «шостыя».

Усе мадыфікацыі «Leopard 2» разлічаныя на экіпаж з чатырох чалавек, развіваюць хуткасць да 68 км/гдз наперад і да 31 км/гдз заднім ходам, могуць прайсці без дазапраўкі да 340 км па добрай дарозе. У залежнасці ад мадыфікацыі, вага пустога танка складае ад 52 да 60 тонаў.

Украінцы хацелі менавіта «Леапарды»?

Пра тое, чаму асаблівая ўвага была да нямецкіх танкаў, «Белсату» расказаў Ігар Раманенка – генерал-лейтэнант у адстаўцы, колішні намеснік начальніка Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, заснавальнік дабрачыннага фонду «Закриємо небо України».

«У тых умовах, у якіх цяпер знаходзяцца сілы абароны Украіны, ім патрэбна ўсё: ад вілаў, рагатак, лукаў, стрэлаў – і да танкаў. Якіх заўгодна танкаў, але каб яны мелі магчымасць наносіць удары па ворагу», – тлумачыць Раманенка.

Але, працягвае ён, «Leopard 2A6» – гэта прасунутая мадыфікацыя, якая тым больш патрэбная Украіне, бо гэта адзін з найлепшых танкаў у свеце.  Тых «Леапардаў» толькі ў Еўропе каля дзвюх тысяч, іх выкарыстоўвае з тузін еўрапейскіх краінаў, якія жадаюць дапамагчы Украіне. «Леапарды» з Еўропы могуць дабрацца да Украіны хутчэй за «Абрамсы» з Амерыкі.

Вядома, Украіне патрэбныя і «Абрамсы», і «Чэленджэры», і «Леклеркі», дадае Раманенка. Адносна «Абрамсаў» былі спекуляцыі пра цяжкасць іх абслугоўвання ва Украіне, згадвае ён, але палітыкі зразумелі, што гэта «не тая шырма, за якую трэба хавацца», і прыйшлі да кампрамісу: амерыканцы і немцы ў адзін дзень абвясцілі пра пастаўкі сваіх танкаў.

Украінскі танк Т-64БМ (злева) і нямецкі «Leopard 2A6» на спаборніцтвах «Strong Europe Tank Challenge». Графэнвёр, Нямеччына. 12 траўня 2017 года.
Фота: Nathanael Mercado / U.S. Army / 7th Army Training Command / Flickr, CC BY 2.0

Ды «Леапард» сапраўды менш капрызны танк, пад які ёсць істотная рамонтная база паблізу Украіны, заўважае суразмоўца. Прадпрыемствы ва Украіне пад ударамі праціўніка, а ў суседняй Польшчы ёсць свае «Леапарды» і магчымасць іх рамантаваць (а нядаўна Штаты паабяцалі Польшчы «Абрамсы», пад якія таксама рыхтуюць рамонтную базу»).

Што зменіць такая колькасць танкаў?

Галоўнакамандуючы Збройных сілаў Украіны Валерый Залужны казаў у снежні, што яму патрэбныя 300 танкаў, 600-700 бронемашынаў і 500 гаўбіц, і гаворка была пра перамогу ў адной канкрэтнай контрнаступальнай аперацыі, а не ў вайне агулам. З паўтысячы бронемашынаў Украіне ўжо паабяцалі, танкаў жа – пакуль утрая менш, чым прасіў Залужны. Для паспяховага контрнаступу патрэбная яшчэ і авіяцыя, а пра пастаўкі самалётаў пакуль не было абяцанняў. Што тады зменяць гэтыя «Леапарды»?

Стратэгічна важна, што Украіне пачынаюць пастаўляць цяжкую тэхніку, адказвае Раманенка. Танкі можна выкарыстоўваць як у актыўнай абароне (якая цяпер трывае на фронце даўжынёй у сотні кіламетраў, ад Сватава да Запарожжа), так і ў контрнаступе.  Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у выступе 25 студзеня зрабіў важны пасыл аб наданні дапамогі для контрнаступальных дзеянняў (а не проста «каб Украіна не прайграла»). Побач з Байдэнам падчас гэтага стаяў міністр абароны ЗША Лойд Остын, які яшчэ мінулай вясной казаў, што вынікам вайны мусіць стаць такая перамога Украіны, каб Расея яшчэ нейкі час не магла весці гэткіх войнаў.

Аналітыка
Танкавы прарыў. Як паўплывае на вайну перадача Украіне заходняй бранятэхнікі
2023.01.12 18:22

Для такой перамогі патрэбнае трывалае забеспячэнне.  Для яго арганізацыі саюзнікі Украіны доўга ішлі спачатку ў думках, потым у справах – не так хутка, як хацелася б Украіне, адзначае Раманенка, але справа прасоўваецца. Пакуль пастаўкі ідуць у рэжыме «наўздагон», кажа ён: забеспячэнне наганяе сітуацыю на фронт, а трэба бы, каб пастаўкі адпавядалі задачам на фронце «нага ў нагу», а пра пастаўкі ва ўпярэджанне пакуль толькі мараць (хоць і працуюць над гэтым).

Танкаў ужо паабяцалі нямала. Раманенка падлічвае: батальён ад Штатаў, рота ад Нямеччыны, рота ад Польшчы, рота ад Брытаніі – разам з бронемашынамі можна зрабіць дзве механізаваныя брыгады абяцанай Захадам тэхнікі. Гэта ўжо сіла для аператыўнага, хай і не стратэгічнага прарыву. Пытанне зараз будзе ў тым, хто – Украіна ці Расея – хутчэй падрыхтуе рэзервы і ўвядзе іх у бой.

Значыць, з пастаўкамі тэхнікі цяпер усё будзе нармальна?

«Нармальна было б, калі б яны нас пачулі з вясны, з пачатку баявых дзеянняў, – не пагаджаецца Раманенка. – А яшчэ лепей, каб пачулі, калі да таго мы прасілі дапамагчы, бо адстойваем інтарэсы не толькі свае, а ў цэлым еўрапейскія».

Але адносна будучых паставак – і танкаў, і супрацьпаветранай абароны, і самалётаў – Раманенка мае аптымізм: зацягванне з дапамогай павялічвае час правядзення вайны, а саюзнікі ўжо зразумелі, што выгадней завершыць вайну як мага хутчэй, і завершыць менавіта перамогай Украіны, а не экстранай згодай на ўмовы Расеі.

Таму, лічыць Раманенка, наступная сустрэча на базе «Рамштайн» будзе ўжо на авіяцыйную і ракетную тэматыку.

ВІДЭА
Ці зможа Украіна выбіць Расею з Крыма? Інтэрв’ю з палкоўнікам NATO
2023.01.20 16:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў