«Еўра-2024»: У Англіі ўжо 58 гадоў чакаюць новага чэмпіёнскага тытулу


У Нямеччыне 14 чэрвеня стартуе фінальны турнір 17-га чэмпіянату Еўропы. У турніры згуляюць 24 зборныя, на першым этапе іх разаб’юць на 6 групаў з 4 камандаў. Фінал адбудзецца 14 ліпеня на Алімпійскім стадыёне ў Берліне. Пакуль жа мы раскажам пра ўдзельнікаў турніру і цікавыя факты, на якія варта звярнуць увагу.

Гульцы зборнай Англіі Кіран Трып’ер і Гэры Кейн на трэнаванні перад матчам групы «С» супраць Сербіі на футбольным турніры «Еўра-2024». Блянкенгайн (Blankenhain), Нямеччына. 13 чэрвеня 2024 года.
Фота: Thanassis Stavrakis / AP Photo / East News

Апошні фінальны турнір «Еўра» прайшоў у 11 гарадах Еўропы, але цяпер ад такой формулы пастанавілі адмовіцца. Усе матчы турніру прымуць 10 нямецкіх гарадоў. Нямеччына другі раз правядзе фінальны турнір чэмпіянату Еўропы, мінулым разам гэта было ў 1988 годзе, яшчэ да падзення Берлінскага муру. Тады зборная ФРГ дабралася толькі да паўфіналу. У 2006 годзе немцы прымалі фінальны турнір чэмпіянату свету, дзе зноў спыніліся ў паўфінале. Цяпер 24 каманды разбітыя на шэсць групаў, у плэй-оф выйдуць дзве найлепшыя каманды з кожнай групы і чатыры каманды, якія зоймуць у сваіх групах трэцяе месца. Зборная Беларусі зноў не змагла трапіць на топ-турнір, заняўшы ў сваёй групе толькі чацвёртае месца.

На тэрыторыі Беларусі дзяржаўнае тэлебачанне не мае права паказаць турнір у выніку санкцыяў. Але дзяржаўны тэлеканал СТВ вырашыў трансляваць гульні супольна з каналам «РТР – Беларусь». У Беларусі гэта легальна: закон 2023 года дазволіў крадзеж інтэлектуальнай уласнасці, калі праваўладальнік паходзіць з «несяброўскай краіны». Але Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (УЕФА) пагражаў, што за пірацтва пазбавіць фінансавання беларускія футбольныя арганізацыі: федэрацыю футболу і футбольныя клубы.

Немцы – фаварыты групы «А»

Немцы не выгульвалі сурʼёзных трафеяў ужо дзесяць гадоў, апошняе буйное дасягненне – перамога на чэмпіянаце свету 2014 года. На чэмпіянаце Еўропы немцы трыумфавалі тройчы, разам з іспанцамі яны лідаруюць у гэтым паказніку. Два тытулы мае Італія. Немцы былі вызваленыя ад адборачнай кампаніі і ў таварыскіх матчах не змаглі выгуляць пяці паядынкаў запар (пацярпелі чатыры паразы). Гэта каштавала працы галоўнаму трэнеру каманды Гансу-Дытэру Фліку. У выніку на хатнім «Еўра» з камандаю будзе працаваць былы трэнер «Баварыі» Юльян Нагельсман, які падпісаў новы кантракт да 2026 года і можа павезці Нямеччыну на чэмпіянат свету ў Паўночную Амерыку. Немцы – відавочныя фаварыты групы «А»; Шатландыя, Вугоршчына і нядаўні супернік беларусаў у адборачным турніры, каманда Швейцарыі, пазмагаюцца за другое і трэцяе месца. У букмекераў Нямеччына – трэцяя на перамогу з каэфіцыентам 6,5. Штучны інтэлект дае 12,4 %, што Нямеччына выгуляе турнір, гэта таксама трэці паказнік.

  • 14.06. Нямеччына – Шатландыя (Мюнхен, 22:00).
  • 15.06. Вугоршчына – Швейцарыя (Кёльн, 16:00).
  • 19.06. Нямеччына – Вугоршчына (Штутгарт, 19:00); Шатландыя – Швейцарыя (Кёльн, 22:00).
  • 23.06. Швейцарыя – Нямеччына (Франкфурт-на-Майне, 22:00); Шатландыя – Вугоршчына (Штутгарт, 22:00).
Абаронца зборнай Іспаніі Марк Кукурэлля (другі справа) б’е па мячы падчас трэнавання нацыянальнай зборнай Іспаніі па футболе напярэдадні чэмпіянату «Еўра-2024». Донаўэшынген (Donaueschingen), Нямеччына. 13 чэрвеня 2024 года.
Фота: Lluis Gene / AFP / East News

Група смерці

Група «B», без сумневаў, наймацнейшая на гэтым турніры. Іспанцы, як і немцы, даўно нічога не выгульвалі. Іспанцы змаглі дацягнуцца да бронзы апошняга «Еўра». А перамаглі на ім італьянцы, якія потым не трапілі на чэмпіянат свету ў Катар. Каманду ўзначаліў хітры ліс Лючана Спаллецці, які на радзіме ў мінулым сезоне ўпершыню за 33 гады прывёў да перамогі ў чэмпіянаце клуб «Напалі», а пасля ягонага сыходу каманда пасыпалася. Цяпер Італія едзе ў Нямеччыну як «цёмны конь», яе ніхто не ўспрымае сурʼёзна – і гэта нават добра, не ўпершыню Італіі браць тытул, калі ў яе ніхто не верыць. Стабільна добра выступае Харватыя – паміж ёй, Італіяй ды Іспаніяй можна ставіць знак роўнасці. А вось каманда Албаніі толькі другі раз у сваёй гісторыі прабілася на топ-турнір, і тут яна відавочны аўтсайдар. Раім усё ж звярнуць увагу на гэтую групу, у якой будзе сапраўды горача. Букмекеры ацэньваюць шанцы Іспаніі на перамогу ў турніры каэфіцыентам 8,0 (чацвёрты паказнік), Італіі – 14,3 (шосты паказнік), Харватыі – 37 (дзявяты паказнік), а Албаніі – 900 (гэта найгоршы паказнік). Штучны інтэлект ацэньвае магчымую перамогу Іспаніі ў турніры на 9,6 %, Італіі – на 5 %, Харватыі – на 2 %, а Албаніі – на 0,2 %.

  • 15.06. Іспанія – Харватыя (Берлін, 19:00); Італія – Албанія (Дортмунд, 22:00).
  • 19.06. Харватыя – Албанія (Гамбург, 16:00); Іспанія – Італія (Гельзэнкірхэн, 22:00).
  • 24.06. Харватыя – Італія (Ляйпцыг, 22:00); Албанія – Іспанія (Дусэльдорф, 22:00).

Англія – галоўны фаварыт

Англія ніколі не перамагала на чэмпіянатах Еўропы, але на апошнім «Еўра» дабралася да фіналу. Адзінае і апошняе золата топ-турніру англічане здабылі ў 1966 годзе – на чэмпіянаце свету. І вось заўзятары гэтай зборнай ужо 58 гадоў чакаюць новага тытулу. На «Еўра-2024» у Англіі будзе наймацнейшая ў свеце атака, але як быць з балансам усяго астатняга? Без сумневаў, Англія пераможа ў сваёй групе і выйдзе ў плэй-оф, а як пойдзе далей? Данія, Сербія і Славенія будуць дужацца паміж сабой, і любая з гэтых камандаў можа здзівіць. Англія ж лідар і ў букмекераў (4,2), і ў штучнага інтэлекту (19,9 %).

  • 16.06 Славенія – Данія (Штутгарт, 19:00).
  • 16.06 Сербія – Англія (Гельзэнкірхэн, 22:00).
  • 20.06 Славенія – Сербія (Мюнхен, 16:00).
  • 20.06 Данія – Англія (Франкфурт-на-Майне, 19:00).
  • 25.06 Англія – Славенія (Кёльн, 22:00).
  • 25.06 Данія – Сербія (Мюнхен, 22:00).

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў