Украінскі эксперт назваў выгоднай для дзяржавы эміграцыю жанчын і дзяцей на час вайны


З пачатку вайны з Украіны з’ехалі блізу 5 мільёнаў асобаў, паведаміў «Белсату» кіраўнік Усеўкраінскай асацыяцыі кампаніяў міжнароднага працаўладкавання Васіль Васкабойнік. Ён адзначыў, што пераважна выязджаюць жанчыны і дзеці, і на час вайны такая эміграцыя выгодная для ўкраінскай дзяржавы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уцекачы з Украіны на памежным пункце пропуску «Рава-Руская – Грэбэннэ», Украіна. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Бальшыня, каля 4 мільёнаў, украінцаў выехала ў ЕЗ. У Нямеччыне статус часовай абароны атрымалі блізу 1,1 мільёна ўцекачоў, у Польшчы – 950–970 тысячаў, у Чэхіі – 350–370 тысячаў.

«І, паводле розных ацэнак, на тэрыторыі краіны-акупанта, Расеі, ды ейнага памагатага, Беларусі, перабываюць каля 1–1,2 мільёна ўкраінцаў. Аднак гэтым лічбам асабліва няма даверу. Зрэшты, робім выснову: за межамі Украіны цяпер застаюцца 5–5,5 мільёна ўкраінцаў», – сказаў у каментары «Белсату» прэзідэнт Усеўкраінскай асацыяцыі кампаніяў міжнароднага працаўладкавання Васіль Васкабойнік.

Ён адзначыў, што 80 % тых, хто ўцёк ад вайны, – жанчыны і дзеці. Іхная міграцыя, пакуль канфлікт не спынены, выгодная для дзяржавы, упэўнены эксперт:

«Гэта паслабленне для нашай сістэмы сацыяльнай абароны. Украінская дзяржава не мусіць клапаціцца, забяспечваць гэтых людзей, напрыклад, выплатамі ў сувязі з беспрацоўем. Зразумела, што гэта палягчае ціск на ўкраінскі бюджэт».

Hавiны
КДБ заявіў аб выкрыцці «трох баявых ячэек СБУ» ў Беларусі
2023.09.11 19:47

Адначасова такая міграцыя вельмі небяспечная для будучыні краіны, калі настане час пасляваеннага ўзнаўлення. Існуе пагроза, што ўкраінкі за мяжою адаптуюцца, сацыялізуюцца, вывучаць мовы, знойдуць высокапрыбытковую працу – «і яны стануць магнітам для мужчынаў», якія пасля заканчэння вайны і адкрыцця межаў паедуць на Захад у пошуках працы.

«І тут асноўная праблема, што паўстане перад украінскай дзяржаваю, дзе ўз’яднаюцца сем’і мігрантаў? Мы б хацелі, каб гэта адбылося на тэрыторыі нашай краіны. Аднак трэба быць рэалістамі: на жаль, да паловы тых, хто цяпер за мяжою, наўрад ці вернуцца ва Украіну», – канстатаваў Васкабойнік.

Галоўным выклікам для ўладаў пасля вайны ён назваў недахоп працаўнікоў, і найперш – будаўнікоў.

«5-10 гадоў пасля заканчэння вайны галоўнымі драйверамі развіцця ўкраінскай эканомікі будзе сфера будавання, развіцця інфраструктуры. Адпаведна, гэта будзе самым моцным болем нашага ўраду, бо фізічна будзе не ставаць працоўных рук», – сказаў эксперт, які зазначыў, што і да вайны Украіне бракавала будаўнікоў.

Васкабойнік падсумаваў, што, на ягоную думку, да канца вайны жанчыны і дзеці мусяць заставацца ў бяспецы за мяжою, але пасля «ўрад мусіць быць гатовым да таго, каб максімальна спрыяць вяртанню ўкраінцаў». А дзеля аднаўлення краіны давядзецца прывабліваць багата замежнікаў.

Гісторыі
Як кумір падлеткаў і калега Зяленскага дакаціўся да Марыупалю. Гісторыя Дзмітрыя Шэпелева
2023.09.13 08:14

belsat.eu

Стужка навінаў