У непрызнанай ЛДНР пагражаюць смерцю беларусам. Ці магчымы абмен палонных каліноўцаў?


У самаабвешчанай ЛДНР кажуць, што ніякага абмену палонных каліноўцаў не будзе і іх чакае ліквідацыя. У эфіры «Белсату» кіраўнік прававога падтрымання «Free Belarus Center» Уладзімір Жбанкоў распавёў, ці можна паўплываць на гэтую сітуацыю.

Уладзімір Жбанкоў кажа, што так званая ЛДНР не ёсць дзяржаваю, таму там не існуе судоў, у якіх можна было б разлічваць на аб’ектыўны разгляд справы. Але байцы, якія ў палоне, трапляюць пад абарону міжнародных канвенцыяў, найперш Гаагскай. Іх нельга судзіць за дзеянні, што яны рабілі як вайскоўцы. Аднак квазідзяржавы, падкантрольныя Расеі, не падпісвалі гэтых канвенцыяў.

«Таксама доступ абаронцаў туды ўскладнены, бо гэта тэрыторыя абсалютнага беззаконня, бандытызму і іншых жахаў».

Хто мусіць заступіцца за каліноўцаў?

Статус каліноўцаў у першую чаргу забяспечваецца вайсковымі білетамі, кажа Уладзімір Жбанкоў. Ён сцвярджае, што пры наяўнасці гэтага дакументу можна апеляваць да Гаагскіх канвенцыяў. З ягоных словаў, ёсць два напрамкі, у якіх неабходна працаваць.

«Мы ўсімі сіламі стараемся падтрымліваць праект «Пошук/палон», якім займаецца адвакат Мікалай Полазаў. Ён займаўся справай украінскіх маракоў – і яму ўдалося іх вызваліць. Па-першае, трэба гэтых людзей знайсці («Пошук»), дзе канкрэтна яны цяпер. Часта ваеннапалонных хаваюць. У гэты час з імі могуць адбывацца жахлівыя гісторыі – ад катаванняў да прымусу да абсурдных дзеянняў.

Другая частка – «Палон». Усім сілам грамадзянскай і міжнароднай супольнасці трэба падтрымліваць улады Украіны. Менавіта яны працуюць над тым, каб вызваліць сваіх ваеннапалонных. У тым ліку грамадзянаў Беларусі, якія ваююць на баку Украіны і абараняюць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны».

Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі Андрэя Корсака. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

11 ліпеня стала вядома, што палонныя байцы палка Каліноўскага Ян Дзюрбейка (пазыўны Тромблі) і Сяргей Дзёгцеў (пазыўны Клешч) уключаныя ў спіс на абмен. Беларускія хлопцы трапілі ў расейскі палон падчас бою пад Лісічанскам у канцы чэрвеня. Тады, падобна, загінулі Іван Марчук (пазыўны Брэст), Васіль Парфянкоў (пазыўны Сябра), Васіль Грудовік (пазыўны Атам) і Вадзім Шатроў (пазыўны Папік). У прэс-службе палка Каліноўскага падкрэсліваюць, што целаў байцоў не маюць, таму гэтыя звесткі неканчатковыя.

9 чэрвеня суд у самаабвешчанай ДНР вынес смяротны вырак тром замежным добраахвотнікам, якія ваявалі на баку Украіны. Шона Пінэра і Эйдэна Азліна, а таксама грамадзяніна Марока Брагіма Саадуна абвінавацілі ў «найміцтве», «гвалтоўным захопе ўлады або гвалтоўным утрыманні ўлады», а таксама «праходжанні навучання ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці».

Аналітыка
Расстрэл замест статусу ваеннапалоннага? Тлумачым, што азначае смяротны вырак у Данецку
2022.06.10 22:21

belsat.eu

Стужка навінаў