Расстрэл замест статусу ваеннапалоннага? Тлумачым, што азначае смяротны вырак у Данецку


Суд у самаабвешчанай ДНР 9 чэрвеня вынес смяротны вырак тром замежным добраахвотнікам, якія ваявалі на баку Украіны. Праваабаронцы кажуць пра з’яўленне вельмі небяспечнага прэцэдэнту, што можа паўплываць на лёс іншых палонных у гэтай вайне. Belsat.eu разбіраўся, чаму стаў магчымым такі прысуд і ці азначае гэта, што смяротнае пакаранне цяпер можа пагражаць любому, хто трапіць у расейскі палон.

Палонныя на «судзе» ў «ДНР». Данецк, Украіна. 9 чэрвеня 2022 года.
Фота: dan-news.info

Суд у Данецку 9 чэрвеня асудзіў на смяротнае пакаранне брытанскіх грамадзянаў Шона Пінэра і Эйдэна Азліна, а таксама грамадзяніна Марока Брагіма Саадуна. Іх абвінавацілі ў «найміцтве», «гвалтоўным захопе ўлады або гвалтоўным утрыманні ўлады», а таксама «праходжанні навучання ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці».

Смяротны вырак меў у Вялікай Брытаніі вялікі рэзананс. Брытанскія ўлады выступілі з асуджэннем смяротнага прысуду і падкрэслілі, што добраахвотнікі ёсць ваеннапалоннымі.

«Гэта фіктыўны прысуд, які не мае абсалютна ніякай легітымнасці. Мае думкі з сем’ямі. Мы працягваем рабіць усё магчымае, каб падтрымаць іх», – напісала ў «Тўітэры» міністарка замежных справаў Вялікай Брытаніі Ліз Трас.

У Лондане паабяцалі працаваць над тым, каб дамагчыся вызвалення «любых брытанскіх грамадзянаў, якія служылі ва ўкраінскіх узброеных сілах і сталі ваеннапалоннымі».

Але што канкрэтна гатовы зрабіць брытанскі ўрад у гэтай сітуацыі – пытанне адкрытае. Гісторыя ведае розныя прыклады развязвання сітуацыяў, калі грамадзянам Брытаніі пагражала смерць у іншых дзяржавах – ад дыпламатычнага да сілавога.

Напрыклад, у 2000-м у Сьера-Леонэ група брытанскіх вайскоўцаў, што рыхтавала байцоў урадавай арміі гэтай краіны, трапіла ў палон да мясцовых паўстанцаў з групоўкі «Ўэстсайдскія хлопцы». Баевікі хацелі абмяняць іх на свайго арыштаванага лідара і пагражалі забіць закладнікаў. У выніку Лондан ухваліў правядзенне аперацыі «Barras», у межах якой брытанскі спецназ вызваліў усіх закладнікаў. Пры гэтым 25 баевікоў былі забітыя.

З юрыдычнага гледзішча «Ўэстсайдскія хлопцы» і самаабвешчаная ДНР маюць падобны статус у вачах ураду Вялікай Брытаніі – гэта незаконныя ўзброеныя фармаванні на непадкантрольных тэрыторыях міжнародна прызнанай краіны. Але з палітычнага пункту гледжання розніца велізарная: баевікоў у Сьера-Леонэ не падтрымлівала ядравая дзяржава. З увагі на прынцыповае нежаданне заходніх краінаў правакаваць наўпроставае сутыкненне з Расеяй, варыянт сілавой спецаперацыі ў Данецку выглядае абсалютна нерэалістычным.

Палонныя на «судзе» ў «ДНР». Данецк, Украіна. 9 чэрвеня 2022 года.
Фота: dan-news.info

Таму больш імаверным падаецца, што Лондан будзе шукаць залагоджвання праблемы дыпламатычнымі шляхам. Такі досвед з нядаўняй мінуўшчыны таксама ёсць. Напрыклад, у 2007 годзе група брытанскіх маракоў і марскіх пяхотнікаў трапіла ў іранскі палон – іх абвінавацілі ва ўварванні ў тэрытарыяльныя воды Ірану. Іранскія ўлады здымалі палонных у прапагандысцкіх роліках, прымушалі іх прасіць прабачэння і пагражалі асудзіць на смяротнае пакаранне за шпіянаж. Але канфлікт у выніку быў урэгуляваны шляхам сакрэтных перамоваў двух бакоў (дэталі пагаднення невядомыя дагэтуль). Улады Ірану абвясцілі пра памілаванне брытанцаў, тыя вярнуліся дадому.

Магчымасць памілавання замежных добраахвотнікаў дапускаюць і ў так званай ДНР. Лідар групоўкі Дзяніс Пушылін заявіў, што смяротнае пакаранне можа быць замененае на 25-гадовае ці пажыццёвае зняволенне. Таксама магчыма, што замежных добраахвотнікаў паспрабуюць абмяняць на арыштаванага ва Украіне пракрамлёўскага палітыка Віктара Медведчука.

Чым бы не скончылася гісторыя Шона Пінэра, Эйдэна Азліна і Брагіма Саадуна, у Данецку ў любым выпадку быў створаны небяспечны прэцэдэнт. Упершыню ўдзельнікаў баявых дзеянняў ва Украіне пасля здачы ў палон асудзілі на смяротнае пакаранне.

Статус замежнікаў на вайне

Вялікая Брытанія і ЗША падкрэсліваюць, што смяротны вырак тром добраахвотнікам – гэта парушэнне міжнароднага права адносна ваеннапалонных. Аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» заявіла пра парушэнне Жэнеўскай канвенцыі. «Вельмі небяспечна, калі краіны пачынаюць адыходзіць ад гэтых прынцыпаў», – падкрэслілі праваабаронцы.

Расея і так званая ДНР у сваю чаргу лічаць добраахвотнікаў наймітамі, на якіх не распаўсюджваецца статус ваеннапалонных. Пракрамлёўская прапаганда называе наймітамі ўсіх замежнікаў, хто ваюе за Украіну. Але такі падыход супярэчыць міжнароднаму праву, бо замежнае грамадзянства не робіць асобу на вайне аўтаматычна наймітам.

Ва ўкраінскай сталіцы прайшло трэнаванне для новых байцоў, якія далучыліся да беларускага батальёну імя Каліноўскага ў складзе Тэрытарыяльнай абароны Кіева, Украіна. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: АЦ / Белсат

Паняцце «найміцтва» сфармуляванае ў 1977 годзе ў арт. 47 першага дадатковага пратаколу да Жэнеўскай канвенцыі. Наймітам лічыцца той, хто:

  • не ёсць грамадзянінам краіны-ўдзельніцы канфлікту, але быў спецыяльна завербаваны для ўдзелу ў вайне;
  • ваюе перадусім дзеля атрымання матэрыяльнай выгады, а ягоныя заробкі на вайне перавышаюць заробкі звычайных вайскоўцаў;
  • не ўваходзіць у склад рэгулярных фармаванняў аднаго з бакоў канфлікту;
  • не быў накіраваны сваёй дзяржавай у зону баявых дзеянняў афіцыйна.

Людзі, якія не адпавядаюць гэтым прыкметам, сапраўды дэ-юрэ не ваеннапалонныя. Таму ў выпадку палону яны могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за сам факт удзелу ў баявых дзеяннях. Аднак замежнікі, якія ваююць на баку Украіны, не адпавядаюць крытэрам «найміцтва», замацаваным у Жэнеўскай канвенцыі.

Шон Пінэр, Эйдэн Азлін і Брагім Саадун – служылі ў ЗСУ ў 36-й асобнай брыгадзе марской пяхоты. Іхны заробак не адрозніваўся ад заробку іншых украінскіх вайскоўцаў у тых жа званнях. Усе трое да вайны некалькі гадоў жылі ва Украіне, а адзін з брытанцаў нават меў украінскае грамадзянства. Яны былі прынятыя на вайсковую службу паводле кантракту ў добраахвотным парадку ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам. Закон, што дазваляе замежнікам служыць у ЗСУ, Украіна прыняла яшчэ ў 2015 годзе.

Тое ж самае тычыцца і беларусаў з палка імя Кастуся Каліноўскага. Падраздзяленне афіцыйна ўваходзіць у склад ЗСУ, беларусы там не маюць нейкіх матэрыяльных выгадаў, якія б вылучалі іх сярод іншых украінскіх вайскоўцаў.

Артыкулы
За вашу і нашу свабоду. Якія вайсковыя падраздзяленні стварылі беларусы для абароны Украіны
2022.04.13 17:02

Лукашэнкаўская прапаганда называе беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне «наймітамі», але нават спецслужбы іх афіцыйна ў найміцтве не вінавацяць. Як заяўлялі ў ГУБАЗіКу, супраць беларусаў з батальёну імя Кастуся Каліноўскага былі распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 361-3 («Удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы»). Арт. 361-3 быў адмыслова прыняты ў Беларусі ў 2016 годзе якраз для таго, каб пераследаваць удзельнікаў вайны ва Украіне, у дзеяннях якіх няма прыкметаў «найміцтва».

Хто сапраўды падпадае пад тэрмін «найміцтва», дык гэта байцы расейскай ПВК Вагнэра, дзе ў тым ліку служаць і беларускія грамадзяне. ПВК Вагнэра афіцыйна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ, а яе байцы атрымліваюць заробкі, значна вышэйшыя за заробкі кадравых расейскіх вайскоўцаў.

Аналітыка
Дваіх беларусаў з ПВК Вагнэра падазраюць у ваенных злачынствах на Кіеўшчыне. Хто яны?
2022.05.25 14:48

Што можа пагражаць беларусам у палоне

У чэрвені на сайце прэзідэнта Украіны з’явілася петыцыя за наданне грамадзянства або іншага прававога статусу замежнікам, якія «ва ўмовах вайны абараняюць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны». Аўтары петыцыі зазначаюць, што беларусы – найбольш уразлівая катэгорыя замежных добраахвотнікаў, бо палонных беларусаў Расея зможа не абменьваць з Украінай, а выдаваць рэжыму Лукашэнкі.

Але насамрэч ва ўмовах паўсюднага парушэння Расеяй міжнароднага права дадатковыя прававыя гарантыі з боку Украіны ўсё роўна не змогуць цалкам скасаваць праблемы.

Брытанец Эйдэн Азлін меў украінскае грамадзянства, аднак яго асудзілі на расстрэл. Абаронцы «Азоўсталі», якія трапілі ў палон у траўні, таксама маюць украінскае грамадзянства. Але гэта не перашкаджае расейскім уладам пагражаць ім трыбуналам і нават смяротным пакараннем толькі на падставе службы ў палку «Азоў».

Нашыўка з гербам палка імя Кастуся Каліноўскага і сцягам Украіны на плячы Алега Аўчыннікава. Кіеўская вобласць, Украіна. 27 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Варта разумець, што ваеннапалонны не ёсць апрыёры недатыкальнай асобай. Паводле Жэнеўскай канвенцыі, яго нельга судзіць за сам факт удзелу ў вайне, але такую асобу можна прыцягнуць да адказнасці за канкрэтныя ваенныя злачынствы (такія прэцэдэнты ў расейска-ўкраінскай вайне ўжо былі). Таму калі спецслужбы Расеі ці групоўкі ДНР захочуць сфабрыкаваць абвінавачванне супраць палонных, ім будзе ўсё адно, ці мае такая асоба ўкраінскае грамадзянства.

Да таго ж, смяротную кару двум брытанцам і мараканцу прысудзілі не паводле абвінавачвання ў «найміцтве» (гэты артыкул у заканадаўстве так званай ДНР не прадугледжвае смяротнага пакарання), а паводле абвінавачвання ў «гвалтоўным захопе ўлады або гвалтоўным утрыманні ўлады». Калі логіку прапагандысцкага тэзісу пра «найміцтва» яшчэ можна зразумець, то як абгрунтоўвалася дзіўнае абвінавачванне ў «захопе ўлады», застаецца толькі здагадвацца. Але гэта ілюструе прававыя рэаліі, з якімі могуць сутыкацца людзі ў палоне.

Тое ж самае тычыцца і пагрозы выдачы палонных беларусаў рэжыму Лукашэнкі. Калі яны атрымаюць украінскі пашпарт, гэта не прывядзе да анулявання іхнага беларускага грамадзянства. То бок, паводле заканадаўства Беларусі, добраахвотнікі застануцца беларускімі грамадзянамі. Адпаведна, ім можна будзе выставіць абвінавачванне прынамсі ва ўдзеле «ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы». Сваю гатовасць ігнараваць статус ваеннапалонных Расея і падкантрольныя ёй групоўкі ЛДНР ужо прадэманстравалі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў