Павел Латушка: Рашэнне аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь прымалася Лукашэнкам і Пуціным сумесна


Рашэнне аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь прымалася Лукашэнкам і Пуціным сумесна. Аб гэтым 12 красавіка ў эфіры «Белсату» заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

Павел Латушка адзначыў, што справа аб дэпартацыі з’яўляецца адным з кірункаў, над якімі працуе зараз Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Перадусім, сказаў ён, назіраюцца прыкметы парушэння чацвёртай Жэнеўскай канвенцыі аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны, калі дзеці ад 6 да 15 гадоў як «найменш абароненая катэгорыя асобаў падчас вайны» вывозяцца з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Расеі і Беларусі.

«Арганізатарам гэтай дзейнасці, – сцвярджае Павел Латушка, – з’яўляецца паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд. Фінансавую падтрымку ажыццяўляе кампанія «Беларуськалій», генеральны дырэктар Іван Галаваты».

Дзяцей, як адзначыў палітык, вывозяць перадусім у лагер адпачынку «Дубрава» Салігорскага раёна Менскай вобласці.

«У адпаведнасці з тымі дакументамі, якія ёсць у нашым распараджэнні, гэта рашэнне было прынята на ўзроўні Пуціна і Лукашэнкі і пазней рэалізавана ў адпаведнай пастанове так званага саюзнага Саўміна Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі», – адзначыў Павел Латушка.

Каментар
Экс-упаўнаважаны па правах дзяцей ва Украіне: Лукашэнку можа быць выпісаны ордар на арышт за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей
2023.04.10 23:43

Любое перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю іншай краіны з акупаваных тэрыторый Украіны – гэта вайсковае злачынства. За гэта Лукашэнку і іншым датычным можа быць выпісаны ордар на арышт. Напярэдадні пра гэта ў эфіру «Белсату» заявіў экс-упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па правах дзяцей, дырэктар фонду «Спосаемо Украіну» Мікола Кулэба. Паводле афіцыйных дадзеных, пасля лютага 2022 года з Украіны ў Расею вывезлі каля 19,5 тысячаў дзяцей, з іх 4 тысячы сіротаў.

9 красавіка кіраўнік НАУ Павел Латушка ў эфіры «Белсату» распавёў аб тым, што сабраў факты прымусовай дэпартацыі дзяцей з акупаванай часткі Украіны ў Беларусь. Афіцыйныя чыноўнікі кажуць, што гэта добраахвотнае перамяшчэнне дзяцей нібыта на лячэнне. Але, на думку палітыка, насамрэч гэта злачынства рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці.

Латушка расказаў таксама, што НАУ мае намер у хуткім часе перадаць у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе дакументы і пацверджанні фактаў дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Беларусь. Паводле звестак, што ёсць у яго распараджэнні, каля 1050 дзяцей з Данбасу праз фонд Талая пры падтрыманні «Беларуськалію» было перавезена ў Беларусь з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Вядома, што дзеці знаходзіліся ў Гомельскай і Менскай вобласцях.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў