Паводле берасцейскага ГУБАЗіКу, на блогера з Пінскага раёну завялі крымінальную справу за вымагальніцтва і экстрэмізм. «Вясна» высветліла, што гэта Аляксандр Ігнацюк, які ўжо восем месяцаў за кратамі.
МУС сёння апублікавала каментар начальніка ГУБАЗіКу па Берасцейскай вобласці пра затрыманне 52-гадовага мужчыны, «раней судзімага за абразу прадстаўніка ўлады жыхара Пінскага раёну». Ён, нібыта «з’яўляючыся ўладальнікам YouTube-каналу, сістэматычна займаўся вымагальніцтвам у прадпрымальнікаў, пагражаючы іх абгаварыць у інтэрнэце».
«Мяркуючы з таго, што ў роліку МУС паказалі YouTube-канал, падобны да каналу “Пра Столін”, гаворка ідзе пра палітзняволенага Аляксандра Ігнацюка. Пра яго яшчэ ўлетку 2023 года мы пісалі, што журналіста-фрылансера затрымалі. І яшчэ тады мы адзначалі, што Ігнацюк вядомы сваім праектам “Пра Столін”. Паводле нашых звестак, увесь гэты час (з ліпеня 2023 года) Ігнацюк пад вартай, у СІЗА», – піша «Вясна».
Паводле МУС, мужчына нібыта спрыяў экстрэмісцкай дзейнасці, «сістэматычна імкнуўся дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы, спрабаваў працаўладкавацца ў экстрэмісцкія інтэрнэт-крыніцы». На яго завялі крымінальныя справы за вымагальніцтва, паклёп на адрас Аляксандра Лукашэнкі і за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.
Арсен Рудэнка belsat.eu