«Мужчыны таксама павінны жыць». Польшча працягвае прымаць уцекачоў


Belsat.eu далей сочыць за сітуацыяй на мяжы Польшчы і Украіны. Каманда нашых журналістаў пабывала на пунктах пропуску «Дарогуск – Ягадын», што паміж польскім Хэлмам (32 км) і ўкраінскім Ковэлем (65 км), і «Зосін — Устылуг», што за 70 км ад польскага Замосця і 14 км ад укріанскага Уладзіміра. На гэтых пунктах у асноўным мяжу пераходзяць уцекачы з Жытомірскай, Чарнігаўскай і Валынскай вобласцяў.

З пачатку нападу Расеі на Украіну людзі з розных куткоў краіны працягваюць рухацца ў заходнім кірунку. Карэспандэнт «Белсату» паглядзеў, што адбываецца на пунктах пропуску «Дарогуск – Ягадын» і «Зосін — Устылуг» на тэрыторыі Польшчы.
Фота: ЯМ / Белсат

Паток людзей на гэтых пунктах значна меншы, чым, напрыклад, у паўднёвай Медыцы. Паводле людзей, з якімі размаўлялі карэспандэнты «Белсату», у чарзе можна прастаяць ад 3 да 15 гадзінаў. У паскораным рэжыме прапускаюць толькі аўтамабілі з дзецьмі. Адразу па пераходзе мяжы ў пункце «Дарогуск – Ягадын» уцекачоў чакаюць цёплыя намёты з ежай, вопраткай і дармовымі сім-картамі польскіх аператараў. У адным з такіх намётаў, дарэчы, павінна з’явіцца палявая больніца. Ад пункту ўцекачы могуць дабрацца да вёскі Дарогуск, дзе арганізаваны транспарт у іншыя гарады Польшчы і Еўропы. «Зала чакання» з палявымі ложкамі размясцілася ў будынку палацу Сухадольскіх.

Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат
Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат

«Усе застаюцца»

Леся прыехала на мяжу з мужам-датчанінам, каб сустрэць пляменніцу з Палтавы. Хвалюецца, бо «Вайбэр» не заўсёды працуе. Звязацца ўдалося брату з тэрыторыі Украіны, які праз нейкіх людзей датэлефанаваўся да дзяўчыны ў чарзе. Паводле яе, хуткасць руху праз мяжу – адна машына на дзесяць хвілінаў.

Машына, на якой Леся прыехала на мяжу з мужам-датчанінам. Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат

– За два дні да вайны да нас прыехалі мае бацькі. Пляменніца таксама павінна была ехаць, але брат кажа, маўляў, выпускны клас, не трэба дзяўчыну тузаць туды-сюды. І яна засталася, – плача Леся і дадае, што пляменніца едзе са знаёмымі, бо бацькі застаюцца бараніць Украіну. – Усе мае браты, сёстры стрыечныя… Усе застаюцца, ніхто не хоча з’язджаць, толькі пляменніцу ўгаварыла пераехаць да нас у Данію.

Пункт пропуску «Зосін — Устылуг».
Фота: ЯМ / Белсат
Пункт пропуску «Зосін — Устылуг».
Фота: ЯМ / Белсат

«Мужчыны таксама павінны жыць»

Пара, у якой жанчына цяжарная, распавядаюць, што 19 лютага паехалі ў адпачынак у Славаччыну. Дадому ў Кіеў яны ўжо не вярнуліся.

Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат

– Вядома, адпачынак цалкам сапсаваны: ні есці, ні піць не хочацца, – кажа мужчына, які пажадаў застацца ананімным. – Жонка цяжарная, таму вырашылі ехаць у Польшчу, каб неяк ужо тут людзям дапамагаць. А да гэтага – ведаеце, мужчыны таксама павінны жыць. Нам сям’ю хочацца захаваць нават у такіх абставінах. Некаторыя з маіх сяброў таксама зʼехалі – не ўсе засталіся ў тэрытарыяльнай абароне. Астатнія семʼі адправілі на захад краіны, бо там больш бяспечна.

Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат

Праз мяжу – на ратунковым тросе

Машына Алега зламалася, таму на мяжы («Дарогуск – Ягадын») давялося стаяць дзесяць гадзінаў. Разам з жонкай і чатырма малымі яны едуць з гораду Корасцень у Жытомірскай вобласці. Паводле ўкраінскіх законаў шматдзетная сямʼя можа ў поўным складзе перайсці мяжу ў экстранных сітуацыях. Таму Алега прапусцілі.

Пункт пропуску «Зосін — Устылуг».
Фота: ЯМ / Белсат

– На польскі бок машыну цягнулі на тросе. Што цяпер – не вядома. Спыталі ў валанцёраў, быццам ёсць паслугі рамонту, але пакуль нічога нельга наладзіць. Мы залежым ад транспарту – нас жа трэба кудысьці цяпер везці, дзесьці сяліць часова, пасля трэба далей кудысьці рухацца, шукаць пастаяннае жытло, працу, – кажа мужчына.

Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат

«Мы тут, каб лепш спаць»

Сярод валанцёраў, з якімі размаўлялі карэспандэнты «Белсату», шмат палякаў. Некаторыя, каб дапамагаць на мяжы, прыязджаюць з другога канца краіны. Напрыклад, 18-гадовая Аліна, якая раздае гарачыя напоі і ежу, прыехала на пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын» з Гдыні.

Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат

Дзяўчына жартуе, што з боку Расеі хамства – не пачакаць з вайной хаця б ужо да вясны. Людзям не прыйшлося б стаяць соднямі на марозе. Аліна – школьніца, таму на мяжы можа быць толькі ў выходныя. Нягледзячы на гэта, яна ўсё роўна вельмі задаволеная, што можа дапамагаць уцекачам.

Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат
Пункт пропуску «Дарогуск – Ягадын».
Фота: ЯМ / Белсат

Анна, якая жыве ў Хэлме, кажа, што яны тут, бо людзям сапраўды моцна патрэбная дапамога.

– Тысячы, мільёны людзей стаяць навокал і мерзнуць! Мы забіраем іх да сябе, кормім і адпраўляем далей, бо шмат хто мае ў Польшчы і Еўропе сваякоў і сяброў. Людзі ўцякаюць ад вайны, а мы тут, каб лепш спаць, – кажа Анна.

Пункт дапамогі ў Дарогуску.
Фота: ЯМ / Белсат
Пункт дапамогі ў Дарогуску.
Фота: ЯМ / Белсат

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны.

Фота
Прапускаюць па 30 чалавек за гадзіну. Што адбываецца з украінскага боку мяжы
2022.03.07 18:59

27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне панятку «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны.

ЯМ, Саша Альтэр belsat.eu

Стужка навінаў