«Не будзе ні электрычнасці, ні ежы, ні паліва». Ізраіль заявіў пра поўную блакаду сектару Газа


Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт аддаў загад аб поўнай блакадзе сектару Газа і спыненні паставак электрычнасці, паліва і тавараў, паведамляе «The Times of Israel».

Горад Сдэрот непадалёк мяжы з сектарам Газа. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Israel Defense Forces

«Я аддаў загад аб поўнай блакадзе сектару Газа. Не будзе ні электрычнасці, ні ежы, ні паліва. Нашыя праціўнікі – гэта звяры ў чалавечым абліччы, і мы дзеем адпаведна», – заявіў Галянт.

Раней прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу таксама казаў пра спыненне продажу паліва і тавараў у сектар Газа. А міністр інфраструктуры заяўляў, што будзе спыненая падача вады ў Газу.

Раніцаю 9 кастрычніка Міністэрства абароны Ізраілю заявіла пра аднаўленне кантролю над усімі населенымі пунктамі на мяжы з сектарам Газа. Агароджу на мяжы з анклавам будуць ахоўваць танкамі пры падтрыманні гелікоптараў і беспілотнікаў, таксама праінфармаваў прадстаўнік войска.

Жыхароў 15 паселішчаў непадалёк Газы вывезлі, эвакуацыя працягваецца. Раней улады пастанавілі эвакуяваць людзей агулам з 24 мястэчак.

За двое содняў у войска мабілізавалі 300 тысячаў рэзервістаў.

Каментар
«Ні панікі, ні страху, адна ўсеагульная злосць», – чытач «Белсату» жыве ў менш як 20 км ад Газы
2023.10.08 21:28

Раніцаю 7 кастрычніка а 6:30 паводле ізраільскага часу ўзброенае крыло «Хамас» абвясціла пра пачатак аперацыі «Паводка Аль-Акса» супраць Ізраілю і атакавала краіну ад поўдня да цэнтру больш як 5000 ракетаў і снарадаў.

Станам на вечар 9 кастрычніка ад моманту пачатку атакі «Хамасу» ў Ізраілі загінулі 800 чалавек, больш за 2500 атрымалі раненні. Палестынскія ўлады паведамляюць пра 413 загінулых і 2300 параненых. Вядома пра двух пацярпелых беларусаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў