Ізраіль абвесціў пра ўзнаўленне кантролю над усімі паселішчамі каля Газы


Армія абароны Ізраілю заявіла, што вайскоўцы вярнулі кантроль над усімі гарадамі каля мяжы з сектарам Газа, перадае «The Times of Israel». Пры гэтым не выключана, што баевікі «Хамасу» яшчэ застаюцца на ізраільскай тэрыторыі.

Ізраільскія вайскоўцы ў горадзе Афакім на поўдні краіны. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Zhang Tianlang / Xinhua News Agency / Forum

Спікер Арміі абароны Ізраілю Даніель Гагары заявіў, што войскі аднавілі кантроль над усімі гарадамі на мяжы з сектарам Газа. Паводле Гагары, у апошнія некалькі гадзінаў выпадкі сутыкненняў паміж вайскоўцамі і баевікамі «Хамасу» былі ізаляванымі.

Цяпер баявых дзеянняў няма ні ў адным горадзе краіны.

Гагары пры гэтым не выключыў, што ў памежных раёнах «усё яшчэ застаюцца тэрарысты».

Агароджу на мяжы з анклавам будуць ахоўваць танкамі пры падтрыманні гелікоптараў і беспілотнікаў, таксама праінфармаваў прадстаўнік войска.

Жыхароў 15 паселішчаў непадалёк Газы вывезлі, эвакуацыя працягваецца. Раней улады пастанавілі эвакуяваць людзей агулам з 24 мястэчак.

За двое содняў у войска мабілізавалі 300 тысячаў рэзервістаў.

Тым часам «Хамас» не спыняе ракетных атак на Ізраіль. Адзін снарад упаў блізу міжнароднага аэрапорту імя Бэн-Гур’ёна, інфармацыі пра пацярпелых і разбурэнні няма.

Паводле ацэнак Ізраілю, ад пачатку абстрэлаў баевікі выпусцілі каля 4400 ракетаў.

Ізраільскае войска, у сваю чаргу, працягвае атакаваць у Газе аб’екты «Хамасу» і групоўкі «Ісламскі джыхад». А міністр абароны габрэйскай дзяржавы Ёаў Галянт заявіў, што загадаў цалкам заблакаваць анклаў: «Там не будзе ані электрычнасці, ані харчоў, ані паліва».

Hавiны
Лік ахвяраў атакі «Хамасу» на Ізраіль дасягнуў 700
2023.10.09 09:33

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў