«Ні панікі, ні страху, адна ўсеагульная злосць», – чытач «Белсату» жыве ў менш як 20 км ад Газы


Алег Барадзін – былы палітвязень, які з’ехаў з Беларусі спачатку ў Грузію, а потым у Ізраіль. Ён расказаў «Белсату», што цяпер адбываецца ў ягоным горадзе Кір’ят Гат, што блізу сектару Газа, падкантрольнага тэрарыстам ХАМАС.

Пасля атакі тэрарыстаў на Ізраіль горад Кір’ят Гат знаходзіцца ў так званай аранжавай зоне небяспекі. Там разгорнутая сістэма мабільнай паліцыі, стаяць агароджы на ўездах у горад. Для тых, хто хоча застацца на ноч пад аховай, муніцыпалітэт зладзіў спецыяльныя памяшканні.

Ёсць абмежаванні на знаходжанне людзей вялікімі групамі: не больш за 50 у памяшканні і не больш за 10 на адкрытай прасторы. Многія прадпрыемствы далі працаўнікам выходны, а працаваць можна толькі ў прадпрыемствах, што маюць бамбасховішчы. Працуюць установы аховы здароўя, некаторыя крамы і запраўкі. Энергазабеспячэнне яшчэ аднаўляюць у некаторых раёнах.

Па горадзе прыляцелі тры ракеты. Ахвяраў сярод мірнага насельніцтва няма. Жыхарам з пашкоджаных дамоў надаюць дапамогу, прадставілі часовае жытло. Муніцыпальныя брыгады ўжо разабралі завалы, разам з падатковай службай ацэньваюць пашкоджанні.

Будынкі, пашкоджаныя ў час ракетнага абстрэлу
Будынкі, пашкоджаныя ў час ракетнага абстрэлу. Кір’ят Гат, Ізраіль. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Алег Барадзін

Як расказвае Алег Барадзін, у горадзе непакояцца, што пасля атакі ХАМАСу Ізраіль пачне наземную аперацыю ў сектары Газа, бо гэта звычайна прыводзіць да новых ракетных атак тэрарыстаў. А над Кір’ят Гатам у бок Газы пастаянна лятуць баявыя верталёты і грузавыя самалёты.

«Настроі сярод насельніцтва розныя, але няма ні панікі, ні страху, ёсць адна ўсеагульная злосць, – расказвае Барадзін. – Трэба разумець, што такія дзеянні палестынскіх баевікоў ХАМАС, як забойствы, захоп закладнікаў, здзекі і катаванні мірных грамадзянаў і вайскоўцаў, вываз людзей на тэрыторыю Газы з апублікаваннем усяго гэтага бязмежжа ў сацсетках, толькі развязваюць рукі і робяць апраўданымі любыя самыя цвёрдыя захады Ізраілю ў адказ».

Ён звяртае ўвагу на тое, што чуткі ходзяць аб тэрарыстах у самім Кір’ят Гаце, але гэта няпраўда – хіба днём раней на падыходзе да гораду ліквідавалі адну групу баевікоў. Недалёка ад Кір’ят Гата днём 8 кастрычніка паліцыя затрымала двух падазраваных. У горадзе Сдэрот, што бліжэй да Газы, у страляніне загінулі тры пажарнікі з Кір’ят Гата, у іншых мясцінах загінулі вайсковец і паліцыянт з Кір’ят Гату.

Вайскоўцы Ізраілю на вуліцы
Вайскоўцы Ізраілю на вуліцы. Кір’ят Гат, Ізраіль. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Алег Барадзін

Незадоўга да атакі ХАМАС Барадзін расказваў «Белсату» пра эміграцыю ў Ізраіль: згадваў, што ўжо праз месяц па пераездзе сутыкнуўся з ракетным абстрэлам з сектару Газа. Сям’я некалькі дзён спала ў адзенні, бачыла і выбухі збітых ракет, і дзясяткі ізраільскіх самалётаў, што ляцелі на палестынскія тэрыторыі. У шафе заўсёды стала аварыйная торба з дакументамі і каштоўнасцямі. Ён тады ладзіў «вучэнні» з сям’ёй па тым, як дабегчы да бамбасховішча, і палічыў: ракета да ягонага дому даляціць за 37 секунд, а бегчы ў сховішча – 24 секунды.

***

Ранкам 7 кастрычніка тэрарасты ХАМАС пачалі ракетныя абстрэлы Ізраілю і наземнае ўварванне ў бліжэйшыя да Газы гарады, пазней іх падтрымалі тэрарысты ліванскай групоўкі «Хізбула». Ізраіль афіцыйна перайшоў у стан вайны. Паводле афіцыйных звестак, забітыя звыш 700 ізраільцянаў, яшчэ звыш 2100 параненыя і звыш 100 выкрадзеныя. Але звесткі не канчатковыя: вайскоўцы працягваюць зачыстку паселішчаў, куды ўварваліся баевікі, і знаходзяць усё новых забітых мірных жыхароў. Так, неафіцыйна паведамлялася пра дзве сотні забітых на музычным фэсце блізу Газы, але афіцыйная колькасць загінулых там невядомая. Сярод пацярпелых ад нападу на Ізраіль ёсць два грамадзяніны Беларусі, жанчына і ейны сын.

Агляд
Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту
2023.10.07 19:17

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў