«Патрыёты» Лукашэнкі звярнуліся да палякаў. Што яны хацелі сказаць?


Дзяржаўнае інфармацыйная кампанія БелТА апублікавала 9 жніўня тэкст звароту неакрэсленых «патрыятычных сілаў», які зачытаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, прапагандыст Вадзім Гігін. Можна толькі здагадвацца, што хацеў сказаць аўтар.

Вадзім Гігін у Нацыянальнай бібліятэцы. Менск, Беларусь.
Фота: minkultrb / Telegram

У звароце да «братоў-палякаў» пішуць, што аўтарам «хочацца, каб нас не раздзялялі прывіды сварлівых магнатаў ці дзеячаў накшталт Пілсудскага, а аб’ядноўваў дух Грунвальду, калі мы разам супрацьстаялі сапраўдным, а не надуманым пагрозам». Якія надуманыя пагрозы былі за часоў маршала Юзэфа Пілсудскага і цяпер – не тлумачаць.

Але заяўляюць, што хтосьці глядзіць на Беларусь як на Kresy Wschodnie – усходнія землі міжваеннай Польшчы, Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. А мы «не пацярпім над сабою ніякіх паноў». Нейкія польскія палітыкі, паводле звароту, «ахопленыя ўгарам шавінізму, сваімі дзеяннямі і рыторыкаю разаграваюць агмень вайны». Імёны і заявы, зноў жа, не прыводзяцца, а хто цяпер пануе над Беларуссю і ці не Расея гэта, не пішуць.

Палякам нагадваюць пра баі з нацыстамі 1-й польскай дывізіі імя Касцюшкі, сфармаванай у СССР, але не нагадваюць пра ранейшы напад на Польшчу Савецкага Саюзу па змове з Трэцім Райхам або пра антысавецкі супраціў у Польшчы.

Сутнасць звароту, імаверна, раскрываецца ў апошнім абзацы: палякаў заклікаюць «утрымацца ад спаўзання да ўзброенага супрацьстаяння» і пагражаюць, што «ў выпадку любога замаху на нашую святую Радзіму» аўтары звароту «поўныя рашучасці бараніць свой дом».

Можна выказаць здагадку, што маюцца на ўвазе нядаўнія падзеі ў беларуска-польскіх дачыненнях: рэакцыя польскага боку на актыўнасць у Беларусі баевікоў Групы Вагнэра (а таксама заяву Аляксандра Лукашэнкі пра гатовасць вагнэраўцаў атакаваць Польшчу з тэрыторыі Беларусі, ад якой той потым адмовіўся – маўляў, «жартаваў») ды інцыдэнт з залётам беларускіх верталётаў у польскую паветраную прастору. Польшча разглядае магчымасць цалкам закрыць межы з Беларуссю праз пагрозу вагнэраўцаў, анансуе стварэнне сапёрнага батальёну на мяжы з Беларуссю і заяўляе пра гатовасць выкарыстаць зброю ў выпадку, «калі здарыцца нешта трывожнае».

Быць можа, «патрыёты» Вадзіма Гігіна хочуць, каб Польшча не рэагавала на пагрозы з боку расейскіх баевікоў на тэрыторыі Беларусі і на парушэнне Беларуссю сваёй паветранай прасторы. Але наўпрост у звароце пра гэта не гаворыцца.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў