Польшча заявіла аб гатоўнасці выкарыстоўваць зброю на мяжы з Беларуссю пры неабходнасці


Намеснік начальніка Генштабу ўзброеных сілаў Польшчы Марэк Сакалоўскі заявіў аб гатоўнасці пілотаў польскіх баявых верталётаў выкарыстоўваць зброю на мяжы з Беларуссю, перадае польскі тэлеканал TVP. Заява была зроблена на брыфінгу, у якім таксама ўдзельнічаў міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Марэк Сакалоўскі расказаў, што да беларускай мяжы перамешчаны баявыя верталёты дзвюх брыгад польскай арміі. Імі кіруюць вопытныя пілоты, якія прайшлі службу ў Іране і Афганістане. Верталёты будуць знаходзіцца «ў рэжыме неадкладнага рэагавання».

«Верталёты ўзброеныя і гатовыя да бою. Тут ёсць вельмі дасведчаныя пілоты з поўнымі лётнымі правамі, ёсць пілоты, якія былі са мной у Афганістане і Іраку і ўжывалі бартавое ўзбраенне і ракеты. Яны дасведчаныя. Калі здарыцца нешта трывожнае, яны без ваганняў прыменяць зброю», – сказаў Сакалоўскі.

Таксама на брыфінгу ў Беластоку абмяркоўвалася павелічэнне колькасці войскаў на мяжы з Беларуссю і выдзяленні дадатковых сілаў і сродкаў для яе абароны.

Нагадаем: 1 жніўня два беларускія верталёты парушылі паветраную прастору Польшчы, пасля чаго Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы выступіла з заявай з гэтай нагоды. У ёй адзначаецца, што міністр нацыянальнай абароны і старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Мар’юш Блашчак загадаў павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.

Між тым у Міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што беларускія верталёты не парушалі паветранай прасторы Польшчы днём 1 жніўня, а абвінавачанні назвалі надуманымі.

Каментар
«Захад не хоча вайны». Эксперт растлумачыў стрыманую рэакцыю Польшчы на беларускія гелікоптары
2023.08.02 20:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў