Лукашэнка сказаў, што вагнэраўцы хочуць у Варшаву. Раней ён абяцаў Кіеў за тры дні


У расейскім Санкт-Пецярбургу 23 ліпеня праходзіць сустрэча паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Яны абмяркоўваюць Украіну.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Фота: Пул Первого / Telegram

Аляксандр Лукашэнка, які ў лютым 2022 года заяўляў, што вайна з Украінай «працягнецца максімум тры-чатыры дні», а войскі АДКБ нібыта змогуць дайсці да Ла-Маншу, цяпер выказаўся і пра Польшчу.

«Нас пачалі «напружваць» вагнэраўцы – жадаюць на Захад: «Сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў!» – сказаў ён, піша «Пул Первого».

Таксама ён паўтарыў тэзісы расейскай прапаганды пра нібыта запланаваны «адрыў Заходняй Украіны, падзел Украіны». І сказаў, што ўкраінскага контрнаступу няма.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін заявіў, што ўкраінскі наступ «ёсць, але ён праваліўся», паведамляе РИА Новости.

Таксама Лукашэнка на сустрэчу з Пуціным зноў прывёз мапу. На гэты раз ён паказваў не тое, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад, а нібыта перакіданне польскіх войскаў да межаў «Саюзнай дзяржавы». Паводле яго, адна з польскіх брыгадаў цяпер размясцілася за 40 кіламетраў ад Берасця, яшчэ адна – прыкладна за 100 кіламетраў ад Горадні, піша БелТА.

Апроч таго, ён папрасіў РФ сфармаваць эканамічны план дапамогі. Пуцін жа сказаў, што планы развіцця стасункаў РФ і Беларусі і так рэалізуюцца, прычым нават лепшымі тэмпамі, чым чакалася, паведамляе ТАСС.

Пасля афіцыйных перамоваў Пуцін і Лукашэнка скіраваліся на экскурсію, якую для іх ладзіць дачка міністра абароны РФ Ксенія Шайгу. Агулам сустракацца яны будуць яшчэ і 24 ліпеня. Заўважаны на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу і малодшы сын Лукашэнкі Мікалай.

Якуб Хруст belsat.eu

 

Стужка навінаў