Польшча разглядае поўнае закрыццё межаў з Беларуссю праз пагрозу вагнэраўцаў


Байцы ПВК Вагнэра ўжо спрабавалі трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі. Калі пагроза захаваецца, можа быць цалкам зачыненая мяжа з нашай краінай, заявіў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павел Яблоньскі.

Польскі памежнік.
Фота: Straz_Graniczna / Twitter

Польшча лічыць, што пагроза з боку ПВК Вагнэра цалкам рэальная, бо найміты ўжо спрабавалі перайсці мяжу з беларускага боку. Прадстаўнік МЗС лічыць, што спробы будуць паўтарацца.

«Мы вельмі дакладна заяўляем, што не адступім. Відавочна, што будуць спробы. Мы чакаем новых атак на нашую мяжу, магчыма, новых спробаў парушэння нашай паветранай прасторы», – зазначыў Яблоньскі.

Аб’ектыў
Польшча і Літва абмеркавалі небяспеку з боку Беларусі
2023.08.03 22:01

Паводле намесніка міністра, цяпер усё больш польскіх вайскоўцаў накіроўваюцца на мяжу з Беларуссю, каб супрацьстаяць магчымым пагрозам. Не здымаецца з павесткі дня магчымае закрыццё меж з Беларуссю.

«Мы разглядаем любыя крокі, якія будуць неабходныя для абароны нашай тэрыторыі, абароны нашых грамадзянаў, уключаючы поўную ізаляцыю Беларусі і поўнае закрыццё мяжы», – сказаў Павел Яблоньскі.

Агляд
Ці праўда Літва, Латвія і Польшча гатовыя закрыць межы з Беларуссю?
2023.07.29 14:25

Польскія ўлады хацелі б пазбегнуць закрыцця межаў, бо гэта, усё ж такі, скрайняя мера.

«Але калі працягнуцца тэракты, спробы дэстабілізаваць нашую краіну, у нас можа не застацца іншага выйсця», – рэзюмаваў намеснік міністра.

Пра магчымае закрыццё межаў з Беларуссю заяўляла раней і Літва. Ужо ў бліжэйшы час будзе прынятае рашэнне аб закрыцці двух пунктаў пропуску – Шумскас – Лоша і Твярачус – Відзы.

Аб’ектыў
Літва плануе закрыць два памежныя пераходы з Беларуссю
2023.08.04 22:02

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў