Літва плануе закрыць два памежныя пераходы з Беларуссю


Трапіць у суседнюю Літву стане складаней. Афіцыйная Вільня плануе закрыць два з шасці прапускных пунктаў з Беларуссю. Тым часам заходнія суседзі сцягваюць дадатковыя сілы на межы з нашаю краінаю, каб перадухіліць магчымыя правакацыі з удзелам вагнэраўцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Перадыслакацыя вагнэраўцаў на заходнія межы Беларусі сур’ёзна ўстрывожыла нашых суседзяў. Намеснік міністра ўнутраных справаў Літвы Арналдас Абрамавічус заявіў, што ягоная краіна плануе закрыць два з шасці кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы з нашаю краінаю – у якасці прафілактычных захадаў:

«Паколькі мы чакаем магчымага поўнага закрыцця мяжы, якое патэнцыйна можа адбыцца, хоць і неабавязкова, мы вызначыліся памяншаць колькасць памежных пунктаў пропуску, каб стварыць прасцейшыя ўмовы закрыцця ўсёй мяжы. Таму тое, што цяпер адбываецца, – гэта пэўная падрыхтоўчая праца».

Гаворка ідзе пра пункты пропуску «Шумскас» (з беларускага боку – «Лоша») і «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы»). Калі іх закрыюць, то праезд будзе ажыццяўляцца праз чатыры іншыя памежныя пункты.

«Цяпер мы разумеем, што такога камфорту, які ў нас быў раней, ужо немагчыма мець. Таму што пагрозы вельмі сурʼёзныя, Беларусь рэгулярна правакуе Літву. І таму гэтыя пастановы прымаюцца, – кажа дэпутат Сейму Літвы Томас Тамілінас.

Раней кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі літоўскага Сейму Лаўрынас Касчунас заяўляў, што закрыццё межаў з Беларуссю – гэта толькі пытанне часу. Сёння ж міністры ўнутраных справаў Польшчы і Літвы пасля двухбаковых кансультацыяў праз тэлефон не выключылі поўнай ізаляцыі рэжыму.

Дзяржаўная мяжа Літвы.
Фота: udf.by

«Тут любое дзеянне можа лічыцца як раздражненне. Закрыццё межаў ці частковае закрыццё межаў – гэта дакладна не з галіны немагчымага, гэта акурат даволі проста. І мы ведаем, што гэта не вельмі падабаецца рэжыму Беларусі», – заўважае дацэнт партнёрства Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс.

Сярод захадаў нашых суседзяў – не толькі закрыццё межаў, але і павелічэнне вайсковага кантынгенту. Гэтак, і Літва, і Латвія перакідае свае войскі бліжэй да мяжы з Беларуссю. А Польшча нават скіравала на ўсходнія межы баявыя верталёты дзвюх брыгадаў сваёй арміі і павялічыла колькасць вайскоўцаў, якія ў выпадку трывожных сігналаў, паводле намесніка камандуючага Генеральным камандаваннем Узброеных сілаў Польшчы Марэка Сакалоўскага, «без ваганняў скарыстаюць зброю».

«Людзі вельмі задаволеныя нашай прысутнасцю. Не сутыкаўся ніколі з нейкай негатыўнай рэакцыяй. Напэўна, нашая прысутнасць дапамагае ім пачувацца бяспечна», – кажа адзін з такіх польскіх жаўнераў на мяжы ў Беларуссю.

Тым часам Польшча дала Беларусі доказы парушэння паветранай прасторы беларускімі верталётамі першага жніўня. Польскае Міністэрства замежных справаў заклікала беларускі бок «скарэктаваць сваю пазіцыю з гэтае нагоды ды спыніць усе правакацыі ўздоўж польска-беларускай мяжы. Аднак ці пачуе Менск Варшаву і Вільню? Аляксандр Папко, палітолаг і журналіст «Белсату» лічыць, што так:

«Вось мы маем слоўныя заявы Аляксандра Лукашэнкі, ягоныя пагрозы ў бок Захаду і рэальныя дзеянні на словы Лукашэнкі. Я думаю, пасля гэтага яму гаварыць не асабліва захочацца».

Дарэчы, акурат у дзень парушэння паветранай прасторы Польшчы верталётамі з Беларусі, усяго праз тыдзень пасля заявы пра жаданне вагнэраўцаў паехаць на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, Лукашэнка абмовіўся, што ён проста пажартаваў.

Віталь Бабін, «Белсат»