Беларусь прыпыніла міграцыйны ціск на Літву: на мяжы ўжо 8 дзён цішыні


Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы ўжо восьмы дзень – з пачатку лістапада – не фіксуе спробаў нелегальна перайсці беларуска-літоўскую мяжу мігрантамі з трэціх краінаў.

Літоўская памежніца і літоўскі мытнік
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўская памежніца і літоўскі мытнік.
Фота: Valstybės sienos apsaugos tarnyba / Facebook

Як заўважаюць літоўскія памежнікі, з пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе быў толькі адзін больш працяглы перыяд, калі не фіксавалі спробаў нелегальнага пераходу мяжы грамадзянамі трэціх краінаў: з 18 лютага да 1 сакавіка 2023 года, то бок 12 дзён. Тыдзень не было спробаў у ліпені. Цяпер спробаў не фіксуюць з пачатку лістапада, хоць яшчэ ў кастрычніку беларускія памежнікі гвалтам гналі мігрантаў на тэрыторыю Літвы.

Пры гэтым у Латвію і Польшчу мігранты працягваюць спрабаваць трапіць з тэрыторыі Беларусі.

Дзень раней 40 спробаў зафіксавалі памежнікі Латвіі. Беларускі бок часта вінаваціць Латвію ў смярцях мігрантаў на тэрыторыі Беларусі.

Два дні таму 120 спробаў зафіксавалі памежнікі Польшчы. А 7 лістапада група з 10 замежнікаў з тэрыторыі Беларусі страляла камянямі з рагатак па машынах польскіх памежнікаў – пабілі шыбы, людзі не пацярпелі.

Чаму прыпыніўся міграцыйны ціск на Літву, невядома. Палітолаг Аляксандр Казак выказваў «Белсату» здагадку, што гэта можа быць выпадковасцю, але можа быць і запрашэннем Літвы да «гандлю» ад Аляксандра Лукашэнкі. Літва пакуль не падавала публічных сігналаў, што гатовая да перамоваў з Лукашэнкам, а толькі нарошчвае колькасць памежнікаў на мяжы з Беларуссю.

Раней Міністэрства замежных справаў Беларусі расказвала, што беларускія памежнікі хацелі нейкіх перамоваў з Латвіяй наконт мігрантаў. Чаго менавіта хацелі за спыненне міграцыйнага крызісу, не сказалі наўпрост, але згадалі закрыццё Латвіяй аднаго з двух легальных памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю.

Каментар
Мігранты перасталі штурмаваць літоўскую мяжу з тэрыторыі Беларусі. Выпадковасць ці гульня Лукашэнкі?
2023.11.07 07:31

Міграцыйны крызіс быў штучна створаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Крызіс пачаўся ў канцы вясны 2021 года. Адпраўным пунктам стаўся скандал з захопам самалёта «Ryanair», які пацягнуў за сабою маштабныя абмежавальныя захады з боку Еўразвязу і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў. У гэтай сітуацыі рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсту за санкцыі.

Польскія, літоўскія і латышскія памежнікі неаднаразова дэманстравалі відэа (напрыклад, такое), як іхныя беларускія калегі не толькі не перашкаджаюць парушаць закон, але і спрыяюць пераходу мяжы незаконнымі шляхамі. Журналісты ж не раз даказвалі, што на нелегальнай міграцыі зарабляюць беларускія кампаніі, у тым ліку блізкія да атачэння Лукашэнкі.

Улады Беларусі гэтага не прызнаюць і вінавацяць суседзяў, што тыя не прымаюць у сябе тых, каго ў Беларусі лічаць уцекачамі. Суседнія краіны не лічаць уцекачамі грамадзянаў трэціх краінаў, якія спрабуюць прабіцца ў Еўразвяз з Беларусі, ды Беларусь найчасцей не дае тым людзям статусу ўцекача ці іншай абароны.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў