У Беларусі ў чатыры разы павялічылі квоты на прыём уцекачоў


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі прыняла пастанову аб квотах на прыём хадайніцтваў аб статусе ўцекача, прытулку ці дадатковай абароне на 2023 год. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты будуюць лагер на беларускім памежным пераходзе «Брузгі». 15 лістапада 2021 года.
Фота: Motolko Pomogi / Telegram

На 2022 год МУС вызначыла на ўсю Беларусь квоту ў 600 прынятых хадайніцтваў, у 2023 годзе квоту павялічылі да 2500 хадайніцтваў: па 500 на Віцебскую і Гомельскую вобласці, 390 на Магілёўскую, па 380 на Берасцейскую і Гарадзенскую, 350 на Менскую. Прычыну павелічэння квотаў не тлумачылі.

Ды прыём хадайніцтва не значыць наданне статусу ўцекача. Уцякачка з Украіны вясной расказвала «Белсату», што ў Беларусі ёй не было ніякай дапамогі, а вайна ва Украіне не была «важкім аргументам» для рэгістрацыі. Некаторых мігрантаў, якія просяць прытулку ў Беларусі, змяшчаюць у ізалятары часовага ўтрымання да рашэння пра іх статус або высылку.

З 1997 года па першую палову 2021-га (больш новай статыстыкі няма) Беларусь прыняла толькі 9,8 тысячы хадайніцтваў аб статусе ўцекача, прытулку ці дадатковай абароне, за першую палову 2021 года – 209 (з іх 111 – у Украіны, 21 – з Іраку, па 11 – з Конга і Турэччыны, 8 – з Афганістану). Нейкі статус далі 71,8 % заяўнікаў (67,1 % – дадатковую абарону, 4,7 % – статус уцекача).

Беларускія ўлады заяўляюць, што з 24 лютага па 9 снежня 2022 года ў Беларусь прыбыла звыш 69 тысяч грамадзянаў Украіны, пры тым асноўная іх частка нібыта прыехала не наўпрост з Украіны, а з Польшчы, Літвы і Латвіі. У Польшчы гэта называюць «фальсіфікацыяй рэчаіснасці». Беларускія ўлады раней у пытанні ўцекачоў з Украіны падмянялі паняткі: заяўлялі то пра 150 тысяч, то пра 160 тысяч прынятых уцекачоў з Украіны, тады як столькі людзей звярталася за пэўны перыяд па від на жыхарства ў Беларусі, статус уцекача тады далі толькі аднаму ўкраінцу, а яшчэ адной тысячы – «дадатковую абарону».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў