На закрытым латышскім пункце пропуску з’явіліся бетонныя перашкоды і калючы дрот


На закрытым 19 верасня памежным пункце Латвіі з Беларуссю былі ўсталяваныя бетонныя ўмацаванні ды расцягнуты калючы дрот.

Фотаздымкі «абноўленага выгляду» латышскага памежнага пункту на мяжы з Беларуссю з’явіліся ў акаўнце Памежнай службы Латвіі.

Так зараз выглядае закрыты памежны пункт «Сілэнэ».
Фота: Дзяржаўная памежная служба Латвіі

На здымках бачна, што на дарогу былі выстаўленыя бетонныя блокі ды нацягнуты калючы дрот.

На закрытым памежным пункце «Сілэнэ».
Фота: Дзяржаўная памежная служба Латвіі
Узвядзенне ўмацаванняў на латышскім памежным пункце «Сілэнэ».
Фота: Дзяржаўная памежная служба Латвіі

Нагадаем, што ўрад Латвіі 19 верасня пастанавіў закрыць пункт пропуску «Сілэнэ» (з беларускага боку гэта КПП «Урбаны»). Такое рашэнне тлумачыцца захадамі бяспекі і звязанае з міграцыйным крызісам.

Так, паводле ацэнак латышскіх уладаў, за апошні тыдзень спынілі 894 парушальнікі, агулам у верасні – 1773, а ў жніўні было 1615 спробаў незаконнага мінання мяжы.

У сярэднім за содні праз пункт «Сілэнэ» мяжу пераходзілі 625 асобаў, а таксама 90 легкавікоў і грузавікоў.

Такім чынам, на гэты час у Латвіі з Беларуссю застаецца толькі адзін пункт: «Патэрніекі – Грыгараўшчына».

Нагадаем, што 18 жніўня Літва закрыла памежныя пераходы «Шумскас» (з беларускага боку – «Лоша») і «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы»), а яшчэ раней – грузавы чыгуначны пункт «Стасілы – Беняконі». Усяго на мяжы з Еўразвязам цяпер працуе толькі 6 пераходаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў