Мігранты перасталі штурмаваць літоўскую мяжу з тэрыторыі Беларусі. Выпадковасць ці гульня Лукашэнкі?


На літоўска-беларускай мяжы ўжо амаль тыдзень ніводнай спробы незаконнага пераходу. Ціск жа на Латвію не спадае, а ў Польшчы дайшло нават да стрэлу ў бок мігранта. Чаму Літву пакінулі ў спакоі? Палітолаг і спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак лічыць гэта проста выпадковасцю, але не выключае, што такім чынам Лукашэнка падае сігналы Літве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: State Border Guard Service / Lithuania / Twitter

«Тое, што ўжо шэсць дзён няма міграцыйнага ціску на Літву з боку Беларусі, – гэта, на маю думку, не больш чым выпадковасць. Цалкам верагодна, што і там усё вернецца на ранейшы ўзровень. Хаця трэба адзначыць, што сапраўды назіраецца тэндэнцыя да змяншэння колькасці выпадкаў нелегальных пераходаў мяжы», – гаворыць Аляксандр Казак.

Лукашэнка карыстаецца любой магчымасцю

Эксперт, аднак, не выключае, што такім чынам Аляксандр Лукашэнка запрашае літоўцаў да гандлю. Нездарма падчас сваёй працоўнай паездкі ў Астравецкі раён ён запэўніваў сваіх слухачоў у хуткім паляпшэнні стасункаў з Літвой і Польшчай («Яны нікуды не падзенуцца»). Дык чаму і не такім чынам?

«Мяркую, што такое можа быць. Але толькі на ўзроўні тэорыі. Бо дакладнай інфармацыі не маем. Лукашэнка ўсім сваім апаратам спрабуе вярнуцца да бівектарнасці: мець добрыя стасункі і з Расеяй, і з ЕЗ. Ён адчувае тое, што адбываецца ў РФ. І намагаецца скарыстацца любой магчымасцю, якая можа яго выратаваць.

Бо мэта любога дыктатара – гэта максімальна доўга і максімальна стабільна заставацца пры сваёй уладзе», – кажа спецыяліст у пытаннях нацыянальнай бяспекі Аляксандр Казак.

Здарэнні на мяжы – запраграмаваныя

Што да інцыдэнту на беларуска-польскай мяжы 3 лістапада, калі польскі жаўнер стрэліў у 22-гадовага мігранта з Сірыі, то, як мяркуе журналіст Reform.by Аляксандр Атрошчанкаў, такія інцыдэнты на мяжы «ў пэўным сэнсе запраграмаваныя сцэнаром існага напружання», калі вайскоўцы і памежнікі не сядзяць у цёплых казармах, а выконваюць на мяжы пастаўленыя ім задачы з баявой зброяй у руках. Пры гэтым з таго боку мяжы іх пастаянна правакуюць – закідваюць камянямі, галінамі і петардамі.

«Да таго ж мы бачым, што змяніўся дэмаграфічны партрэт сярэднестатыстычнага мігранта. Калі на пачатку крызісу сярод іх было шмат сем’яў і жанчын з дзецьмі, то цяпер, праз два гады пасля пачатку, гэта больш падрыхтаваныя фізічна і эмацыйна людзі. Таму я не выключаю, што і з боку памежнікаў краінаў ЕЗ стаўленне да мігрантаў можа рабіцца больш жорсткім.

Яны будуць рэагаваць. І такія інцыдэнты могуць паўтарацца», – мяркуе Аляксандр Атрошчанкаў.

Нагадаем, 3 лістапада на польска-беларускай мяжы салдат Польскага войска падстрэліў мігранта. Здарэнне адбылося ў Падляскім ваяводстве, непадалёк вёскі Дубічы-Царкоўныя. Быў паранены 22-гадовы грамадзянін Сірыі, які цяпер у шпіталі ў Беластоку. Як паведамляюць польскія СМІ, ягонаму жыццю нічога не пагражае, але ў Беластоку яму павінны былі зрабіць аперацыю.

Абноўлена
На польска-беларускай мяжы быў падстрэлены мігрант
2023.11.05 15:58

Паводле Вайсковай жандармерыі, якая праводзіць расследаванне інцыдэнту, гэта быў няшчасны выпадак: польскі вайсковец рабіў папераджальны стрэл, але спатыкнуўся, і куля трапіла ў чалавека. Між тым, актывісты польскай групы «Граніца», якія размаўлялі з пацярпелым, кажуць, што на мяжы магло прагучаць некалькі стрэлаў.

Паводле прэс-сакратара Памежнай аховы Польшчы Анны Міхальскай, з пачатку 2023 года было зафіксавана амаль 25 тысячаў спробаў незаконнага пераходу польскай мяжы з боку Беларусі. Сярод парушальнікаў – грамадзяне 50 краінаў свету. Толькі за мінулыя выходныя польскія памежнікі налічылі 278 спробаў (з іх 70 чалавек, пабачыўшы памежнікаў, самі вярнуліся на тэрыторыю Беларусі).

«Гэтая міграцыйная аперацыя на гэтым адцінку польскай мяжы мае сталы характар. На жаль, інцыдэнты з незаконным пераходам здараюцца штодзень. Але ніхто не мае сумневаў, што з самага пачатку і дагэтуль гэты ціск арганізоўваецца і падтрымліваецца беларускім рэжымам», – падсумавала Анна Міхальска.

Працягласць мяжы Польшчы з Беларуссю складае больш за 398 кіламетраў. У 2022 годзе Польшча пабудавала на мяжы 186-кіламетровы сталёвы плот вышынёю 5,5 метра. Агароджа абсталяваная сістэмаю камераў назірання і сэнсараў. Плот мае абараніць мяжу Польшчы ад наплыву мігрантаў з тэрыторыі Беларусі.

Hавiны
Беларуса асудзілі на канфіскацыю 10 тысяч еўраў за няправільны крок на мяжы
2023.11.06 15:39

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў