На польска-беларускай мяжы быў падстрэлены мігрант


3 лістапада на польска-беларускай мяжы салдат Войска польскага падстрэліў мігранта. Паводле папярэдніх дадзеных, інцыдэнт адбыўся ў выніку няшчаснага выпадку. Следствам займаецца Вайсковая пракуратура Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Straż Graniczna / X

Здарэнне адбылося ў Падляскім ваяводстве, у раёне вёскі Дубічы Царкоўныя.

Як адзначыў для TVN24 намеснік пракурора па вайсковых справах раёна Беласток-Поўнач палкоўнік Радаслаў Вішэнка, салдат Войска польскага, убачыўшы нелегала, які хацеў трапіць з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу, зрабіў папераджальны стрэл і пры гэтым спатыкнуўся. У выніку куля трапіла ў грамадзяніна Сірыі.

Справу вядзе вайсковы аддзел Акруговай пракуратуры ў Варшаве.

Паводле словаў палкоўніка Вішэнкі, у панядзелак дакументы і доказы, атрыманыя паліцыяй, будуць перададзеныя ў пракуратуру. Салдату, згодна з заканадаўствам, за неасцярожнае абыходжанне са зброяй і ненаўмыснае прычыненне цялесных пашкоджанняў іншаму чалавеку можа пагражаць да трох гадоў зняволення, а ў выпадку цяжкіх цялесных пашкоджанняў або смерці пацярпелага – да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Абноўлена. Паводле інфармацыі Wyborcza.pl, стан сірыйскага мігранта стабільны, ягонаму жыццю нічога не пагражае.

Нагадаем, паводле Падляскага аддзялення Памежнай аховы, у кастрычніку былі зафіксаваныя больш за 1500 спробаў незаконна перайсці польска-беларускую мяжу. З пачатку 2023 года такіх спробаў было амаль 22 тысячы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў