Польскіх памежнікаў зноў абкідалі з беларускага боку падпаленымі галінамі і камянямі


Памежная ахова Польшчы паведамляе пра чарговыя спробы нелегальнага пераходу дзяржаўнай мяжы з тэрыторыі Беларусі. 10 кастрычніка незаконна трапіць на тэрыторыю Еўразвязу спрабавалі 105 чалавек. На польскіх памежнікаў з таго боку плоту ляцелі камяні і падпаленыя галіны.

Як паведамляе Памежная ахова Польшчы, польска-беларускую мяжу спрабавалі незаконна перайсці 105 чалавек. Гэта былі грамадзяне Сірыі, Індыі і Ірану. 12 чалавек, пабачыўшы памежны патруль, вярнуліся на тэрыторыю Беларусі.

Памежнае ведамства апублікавала таксама відэа, на якім бачна, як уначы на польскія памежныя патрулі з беларускага боку ляцяць камяні і падпаленыя галіны. Ніхто з памежнікаў не пацярпеў, удакладняе Памежная ахова.

Да закідвання на польскі бок галінаў у агні даходзіла і раней.

Паводле звестак польскага памежнага ведамства, з пачатку 2023 года на польска-беларускай мяжы агулам было затрымана 21 800 чалавек, якія хацелі нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы і ЕЗ. Найбольшая колькасць спробаў незаконнага пераходу мяжы прыпала на ліпень – 4000. У верасні такіх спробаў было 1100. Мігранты, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу, паходзілі больш чым з 50 краінаў свету.

Працягласць мяжы Польшчы з Беларуссю складае больш за 398 кіламетраў. У 2022 годзе Польшча пабудавала на мяжы 186-кіламетровы сталёвы плот вышынёю 5,5 метра. Агароджа абсталяваная сістэмаю камераў назірання і сэнсараў. Плот мае абараніць мяжу Польшчы ад наплыву мігрантаў з тэрыторыі Беларусі.

Hавiны
Польшча абвесціла ў вышук сілавікоў Лукашэнкі, датычных да рэпрэсіяў
2023.10.09 21:40

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў