На рэферэндуме ў Польшчы будзе пытанне пра мяжу з Беларуссю. За што яшчэ галасуюць палякі


У Польшчы ў адзін дзень з парламенцкімі выбарамі, 15 кастрычніка 2023 года, адбудзецца рэферэндум з чатырма пытаннямі, у адным з якіх згадваецца Беларусь. «Белсат» расказвае, што і чаму спытаюць у палякаў.

Польскі салдат на мяжы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі жаўнер на мяжы.
Фота: Zespół Reporterski 16DZ / Wojsko-polskie.pl

Цяпер польскія палітыкі адносна мала абмяркоўваюць тэмы, закранутыя ў пытаннях рэферэндуму. Часцей жа ў кантэксце рэферэндуму ўлады крытыкуюць апазіцыю, а апазіцыя – улады. Прадстаўнікі кіроўнай кааліцыі заяўляюць, што апазіцыя хоча зрабіць кепска, таму патрэбны голас народу, што гэтак рабіць не трэба. Прадстаўнікі апазіцыі ж кажуць, што такога рабіць не збіраюцца і называюць фармулёўкі маніпуляцыйнымі. Тлумачым, што за пытанні і якія дыскусіі трываюць вакол іх.

Чатыры пытанні

1. Ці падтрымліваеце вы распродаж замежным суб’ектам дзяржаўнай уласнасці, што прывядзе да страты кантролю полькамі і палякамі над стратэгічнымі сектарамі эканомікі?

Czy popierasz wyprzedaż majątku państwowego podmiotom zagranicznym, prowadzącą do utraty kontroli Polek i Polaków nad strategicznymi sektorami gospodarki?

2. Ці падтрымліваеце вы падвышэнне пенсійнага ўзросту, у тым ліку вяртанне да падвышанага да 67 гадоў пенсійнага ўзросту для жанчын і мужчынаў?

Czy popierasz podniesienie wieku emerytalnego, w tym przywrócenie podwyższonego do 67 lat wieku emerytalnego dla kobiet i mężczyzn?

3. Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю бар’еру на мяжы Польскай Рэспублікі з Рэспублікаю Беларусь?

Czy popierasz likwidację bariery na granicy Rzeczypospolitej Polskiej z Republiką Białorusi?

4. Ці падтрымліваеце вы прыём тысячаў нерэгулярных мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, згодна з прымусовым механізмам рэлакацыі, навязаным еўрапейскаю бюракратыяй?

Czy popierasz przyjęcie tysięcy nielegalnych imigrantów z Bliskiego Wschodu i Afryki, zgodnie z przymusowym mechanizmem relokacji narzucanym przez biurokrację europejską?

Агляд
15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Што трэба ведаць пра іх замежнікам?
2023.09.15 15:31

Агітацыйная кампанія мае афіцыйна распачацца 29 верасня і трываць да 13 кастрычніка, але ўжо ёсць выказванні розных палітыкаў і партыяў адносна рэферэндуму.

Кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» (PiS) адрасуе пытанні рэферэндуму наўпрост лідару апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» (PO), былому прэм’ер-міністру Дональду Туску. «Закон і справядлівасць» заклікае галасаваць чатыры разы «не».

Апазіцыя ж не заклікае галасаваць «так» ува ўсіх пунктах, а крытыкуе ўласна выбар пытанняў для рэферэндуму: напрыклад, прапануе спытаць пра грошы на Нацыянальны план адбудовы, якія Еўракамісія пагадзілася даць, але цяпер стрымлівае праз прэтэнзіі да судовай рэформы і вяршэнства права ў Польшчы. Некаторыя палякі абураюцца таксама фармулёўкамі і словамі, ужытымі ў пытаннях, як то «распродаж» ці «навязаны».

Што значыць пытанне аб прыватызацыі

У посткамуністычнай Польшчы праводзілі буйную прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў. Пра дакладныя лічбы яшчэ спрачаюцца, але гаворка аб продажы ў прыватныя рукі тысяч прадпрыемстваў. Ды не ўсіх: кантроль над шэрагам найбуйнейшых кампаніяў захоўвае дзяржава. Працэс прыватызацыі ў 1990-х крытыкавалі за хаатычнасць, але ў выніку Польшча атрымала моцную і ўстойлівую рынкавую эканоміку, а некаторыя прыватызаваныя прадпрыемствы нават вярнулі пад дзяржаўны кантроль.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі крытыкуе каманду Туска за ранейшую прыватызацыю: маўляў, народнае багацце прадалі, а грошы праелі, бо не ўмелі імі кіраваць, і калі вернуцца да ўлады, зноў пачнуць распродаж. Віцэ-прэм’ер і лідар кіроўнай партыі Ярослаў Качыньскі заяўляе, што немцы хочуць паставіць Туска ў Польшчы, каб той распрадаваў дзяржаўную ўласнасць.

Маравецкі выступае на фоне надпісу «Бяспечная будучыня»
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі выступае на фоне надпісу «Бяспечная будучыня». Варшава, Польшча. 20 верасня 2023 года.
Фота: Prawo i Sprawiedliwość / X

Туск і ягоныя паплечнікі завочна адказваюць, што гэта цяперашнім уладам можна закідаць абвінавачванні ў распродажы дзяржаўнай маёмасці. У прыватнасці, заяўляюць, што зусім нядаўна за бясцэнак і без тэндару прадалі частку актываў нафтагазавай кампаніі «Lotos», пры чым прадалі вугорцам і саўдытам, якія супрацоўнічаюць з Уладзімірам Пуціным. На гэта канцэрн «Orlen», які раней паглынуў «Lotos», адказаў, што цэны былі рынкавыя, а працэс ухваліла не толькі дзяржава, але і амаль 100 % акцыянераў.

Што значыць пытанне пра пенсійны ўзрост

Цяпер у Польшчы пенсійны ўзрост у звычайных выпадках для мужчынаў складае 65 гадоў, для жанчын – 60 гадоў. Для параўнання: у Беларусі – 63 і 58 адпаведна. Польскі пенсійны ўзрост для мужчынаў – каля сярэдняга па Еўразвязе, для жанчын – адзін з самых нізкіх у Еўразвязе. У шэрагу краінаў Еўропы пенсійны ўзрост плануюць давесці да 67 гадоў, а ў Грэцыі ды Італіі ўжо давялі. Але дыскусіі пра падвышэнне пенсійнага ўзросту ідуць ці не пастаянна па ўсёй Еўропе: насельніцтва старэе, маладзейшым трэба выдаткоўваць усё больш на ўтрыманне старэйшых. Але як даходзіць да планаў падвысіць пенсійны ўзрост, шмат каму гэта не падабаецца, нярэдка даходзіць да масавых пратэстаў.

У чарнавой версіі пытання польскага рэферэндуму гаварылася проста пра падвышэнне пенсійнага ўзросту, але ў фінальнай – пра «вяртанне да 67». Насамрэч у Польшчы толькі пачыналі паступова падвышаць пенсійны ўзрост да 67 гадоў (для мужчынаў такі пенсійны ўзрост меў быць дасягнуты ў 2020 годзе, для жанчын – у 2040-м) з правам датэрмінова выйсці на частковую выплату пенсіі. Але рэформу, ухваленую за часоў ураду Туска, скасавалі, калі да ўлады прыйшла партыя «Закон і справядлівасць».

Дональд Туск з сэрцайкам
Старшыня партыі «Грамадзянская платформа» Дональд Туск з сэрцам – сімвалам апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі». Падчас паездкі па Ніжняй Сілезіі, Польшча. 20 верасня 2023 года.
Фота: Monika Wielichowska / X

Туск яшчэ год таму запэўніваў, што тэма падвышэння пенсійнага ўзросту закрытая, а прымусовы характар рэформы 2012 года быў памылкаю. Дарадца «Грамадзянскай платформы»  Анджэй Даманьскі цяпер тлумачыць, што партыя плануе не падвышаць пенсійнага ўзросту, а зрабіць так, каб працаваць даўжэй было выгадней.

Дарэчы, сярэдняя пенсія ў Польшчы складае прыблізна 820 долараў, а ў Беларусі – прыблізна 240 долараў (звесткі за травень 2023 года).

Што значыць пытанне пра мяжу з Беларуссю

У 2021 годзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі штучна стварыў міграцыйны крызіс на межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй. У адказ суседзі Беларусі сталі ўзводзіць агароджы на межах, Польшча збудавала плот у студзені – чэрвені 2022 года і працягвае ўдасканальваць ахову мяжы.

Міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак заяўляе, што Туск высмейвае бар’ер на мяжы з Беларуссю і збіраецца зліквідаваць яго. Праціўнікі Туска любяць нагадваць яму пра сказанае ў 2021 годзе: той крытыкаваў улады за словы пра абарону ад хвалі ўцекачоў з Афганістану, бо, цытата, «гэта бедныя людзі, якія шукаюць сваё месца на зямлі, і не трэба весці такой брыдкай, панурай прапаганды супраць мігрантаў, бо гэта людзі, якім патрэбная дапамога».

Чалавек пералазіць цераз плот і калючы дрот, але яго даганяюць памежнікі:

Туск у той жа час казаў, што «ніхто не мае права мінаць мяжы па-за вызначанымі для гэтага пунктамі», і заклікаў даць памежнай ахове ўсе належныя сродкі. Цяпер Туск піша, што пытанне на рэферэндуме трэба было ставіць пра пабудову «сапраўднага бар’еру», бо праз цяперашні плот праходзіць «рэкордна шмат мігрантаў». Выданне «Polityka» заўважае, што ў пытанні на рэферэндуме ўжыты шырокі панятак «бар’ер», а ён можа быць не толькі сцяною ці плотам – і размовы сапраўды часам ідуць пра ліквідацыю «бар’еру ў сэнсе плота» як малаэфектыўнага сродку аховы мяжы, а не пра ліквідацыю аховы мяжы агулам. Адметна, што адзін з аргументаў праціўнікаў плота, быццам ён шкодзіць дзікім жывёлінам, падхапіла Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі.

Што значыць пытанне аб прыёме мігрантаў

У чэрвені 2023 года Еўрапейская рада ўхваліла асноўныя пункты планаванай рэформы міграцыйнай палітыкі на замену дзейнаму цяпер Дублінскаму рэгламенту. Рэформу пакуль не ўхвалілі канчаткова. Адзін з пунктаў трактуюць так: з дзяржаваў Еўразвязу, куды прыбывае зашмат мігрантаў з трэціх краінаў (як Італія), частку мігрантаў мусяць забіраць іншыя дзяржавы ЕЗ, дзе мігрантаў менш, і калі адна краіна Еўразвязу не пагодзіцца прыняць ад другой краіны Еўразвязу мігранта з трэцяй краіны, то мусіць плаціць штраф памерам 20 тысяч еўраў за чалавека.

Прэм’ер Маравецкі кажа, што брусельскія чыноўнікі ды асабіста старшыня Еўракамісіі грэбуюць бяспекаю жыхароў Еўропы, звязвае нерэгулярную міграцыю з пагрозаю польскім сем’ям, жанчынам і дзецям. «Закон і справядлівасць» звяртае ўвагу на тое, што прадстаўнікі «Грамадзянскай платформы» ў Еўрапарламенце галасавалі за пакт аб міграцыі або не галасавалі супраць.

«Закон і справядлівасць» падкрэслівае, што прапанаваны механізм міграцыйнай палітыкі – гэта прымус прымаць мігрантаў. Але выданне TVN24 расказвае, што ў «механізме салідарнасці» ёсць і трэцяя опцыя: або прыняць мігрантаў, або заплаціць, або аператыўна дапамагчы, напрыклад, выслаўшы службоўцаў ці абсталяванне на патруляванне межаў іншай дзяржаве, што мае праблемы з міграцыяй. А выданне RMF24 мяркуе, што Польшча можа цалкам пазбегчы «механізму салідарнасці», бо ўжо прыняла сотні тысячаў уцекачоў з Украіны. Туск жа яшчэ з лета робіць акцэнт на тым, што Польшча ўжо выдае дзясяткі тысяч дазволаў на працу для мігрантаў з далёкіх краінаў.

Не факт, што рэферэндум будзе мець абавязковы характар

Вынікі рэферэндуму будуць мець абавязковы характар, калі ўдзел у галасаванні возьме больш як палова грамадзянаў, якія маюць права голасу (ч. 3 арт. 125 Канстытуцыі Польшчы). Калі менш за палову, рэферэндум будзе мець кансультацыйны характар. Галасаванне не абавязковае, можна нават прыйсці на ўчастак, прагаласаваць на парламенцкіх выбарах і адмовіцца ад галасавання на рэферэндуме. Але незапоўненыя ці няправільна запоўненыя бюлетэні ўлічваюцца ў яўку, калі трапілі ў урну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Выбарчы стэнд у Кракаве, які зарганізавала ініцыятыва «Iskra». 17 верасня 2023 года.
Фота: Klaudia Radecka / Forum

Паводле нядаўняга апытання, у рэферэндуме збіраюцца браць удзел каля чвэрці польскіх выбарнікаў. 46,6 % збіраюцца на рэферэндум і на выбары, 47,4 % – толькі на выбары, і пыталі пра гэта толькі ў тых, хто агулам збіраецца галасаваць 15 кастрычніка. А яўка на парламенцкія выбары чакаецца каля 58,1 % (на мінулых была 61,7 %).

Адзіны раз у гісторыі сучаснай Польшчы (або Трэцяй Рэспублікі, як кажуць палякі), калі яўка на рэферэндуме перавысіла 50 %, быў у 2003 годзе на рэферэндуме пра далучэнне да Еўразвязу, тады прагаласавалі 58,9 %. На мінулым рэферэндуме, у 2015-м, яўка склала 7,8 % – антырэкорд Еўропы пасля Другой сусветнай вайны. Яшчэ два рэферэндумы, у 1996 і 1997 гадах, былі з яўкаю 32,4 % і  42,9 %. Але тыя рэферэндумы не праводзіліся адначасова з парламенцкімі выбарамі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў