Беларускае Мінпрыроды заклікае польскую грамадскасць прагаласаваць за ліквідацыю плоту ў Белавежы


Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі апублікавала зварот да польскай грамадскасці прагаласаваць падчас рэферэндуму, які адбудзецца ў Польшчы 15 кастрычніка, за ліквідацыю плоту ў Белавежскай пушчы.

Плот на польска-беларускай мяжы.
Фота: AFP

У заяве гаворыцца, што будаўніцтва агароджы раздзяліла Белавежскую пушчу на дзве часткі, што нанесла непапраўны ўрон дзікім жывёлам, якія яе насяляюць, а таксама раслінам і рэліктаваму лесу.

«Дарагія суседзі, сябры! Звяртаемся да вас з заклікам падтрымаць ліквідацыю бар’ера паміж дзвюма часткамі нашага адзінага аб’екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча» ў ходзе галасавання падчас надыходзячага рэферэндуму», – гаворыцца ў заяве.

Аўтары заявы падкрэсліваюць, што яны спадзяюцца, што «здаровы сэнс суседзяў пераможа, і ўнікальны прыродны аб’ект агульнымі намаганнямі будзе захаваны».

Нагадаем, што ў кастрычніку 2022 года Польшча завершыла пабудову агароджы на мяжы з Беларуссю ў адказ на міграцыйны крызіс, які рэжым Аляксандра Лукашэнкі справакаваў на беларуска-польскім памежжы. У выніку тысячы мігрантаў з Усходу спрабавалі прабрацца на тэрыторыю Польшчы амаль па ўсёй даўжыні мяжы. На піку мігранцкага крызісу, які прыйшоўся на 2021 год, у дзень даходзіла да 800 спробаў нелегальнага пранікнення з Беларусі на тэрыторыю дзяржавы-суседкі .

Польскія ўлады прапануюць вынесці на рэферэндум, які адбудзецца падчас парламенцкіх выбараў 15 кастрычніка, пытанне аб зносе плоту на беларуска-польскім памежжы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў