Памежны камітэт Беларусі зноў абвінаваціў Літву ў жорсткім абыходжанні з мігрантамі


Як заявіў Памежны камітэт Беларусі, літоўскія памежнікі 28 кастрычніка нібыта пабілі двух мігрантаў з Судану і выдварылі іх назад у Беларусь. Праўда, самі мігранты пра такое не казалі.

Людзі, якіх называюць мігрантамі з Судану, выдваранымі з Літвы ў Беларусь. 28 кастрычніка 2023 года. Скрыншот: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

На відэа, якое публікуе Памежны камітэт, адзін з мужчынаў распавядае, што «нас пасадзілі ў турму», «забралі нашыя тэлефоны і зламалі», на наступную раніцу адвезлі на мяжу з Беларуссю і адпусцілі, а торбу з грашыма не аддалі.

Памежны камітэт сцвярджае, што мужчынаў білі, але сляды пабояў не паказвае (хоць раней пры падобнай заяве аб гвалце польскіх памежнікаў паказвалі мужчыну з траўмаванай нагой), ды і самі людзі на відэа пра такое не кажуць. Мужчына на відэа хіба паказвае, што ягонага спадарожніка ў нейкі момант перад адпраўкай у турму штурхнулі на зямлю і наставілі на яго зброю.

Літоўскія памежнікі пра такое здарэнне не паведамлялі. Але, паводле звестак Памежнай службы Літвы, 28 кастрычніка з Беларусі не прапусцілі трох мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у краіну незаконным шляхам. Днём раней не пусцілі 54 чалавек, двума днямі раней – 72.

Міграцыйны крызіс не спыняецца і на іншых межах Беларусі: у Латвію 28 кастрычніка не прапусцілі 49 чалавек, у Польшчу 28-га – 72, 27-га – 77, 26-га – 72, 25-га – 41, 24-га –120, 23-га – 47.

Людзі паміраюць у Беларусі – вінаватая Латвія

Беларускія памежнікі на гэтым тыдні асабліва часта вінавацяць латвійскіх калегаў у смярцях мігрантаў, памерлых на тэрыторыі Беларусі. Пра аднаго памерлага расказалі 23 кастрычніка, пра яшчэ двух – 24 кастрычніка, яшчэ пра двух – 28 кастрычніка. Акрамя таго, распавялі, што аднаму мігранту-падлетку пагражае ампутацыя ступняў праз абмаражэнне.

Адметна, што ўсе гэтыя смерці, у якіх вінавацяць Латвію, адбыліся на тэрыторыі Беларусі – падобна, у памежнай паласе, якую памежнікі мусілі б рэгулярна патруляваць.

Памежная служба Латвіі 27 кастрычніка публікавала відэа, на якім, як сцвярджаецца, па беларускі бок мяжы група людзей прыносіць пад памежны плот два целы без прыкметаў жыцця і пакідае іх ляжаць.

Міграцыйны крызіс быў штучна створаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Крызіс пачаўся ў канцы вясны 2021 года. Адпраўным пунктам стаў скандал з захопам самалёта «Ryanair», які пацягнуў за сабою маштабныя абмежавальныя захады з боку Еўразвязу і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў. У гэтай сітуацыі рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсту за санкцыі.

Польскія, літоўскія і латышскія памежнікі неаднаразова дэманстравалі відэа (напрыклад, такое) таго, як іхныя беларускія калегі не толькі не перашкаджаюць парушаць закон, але і спрыяюць пераходу мяжы незаконнымі шляхамі. Журналісты ж не раз даказвалі, што на нелегальнай міграцыі зарабляюць беларускія кампаніі, у тым ліку блізкія да атачэння Лукашэнкі.

Улады Беларусі гэтага не прызнаюць і вінавацяць суседзяў, што тыя не прымаюць у сябе тых, каго ў Беларусі лічаць уцекачамі. Суседнія краіны не лічаць уцекачамі грамадзянаў трэціх краінаў, якія спрабуюць прабіцца ў Еўразвяз з Беларусі, ды Беларусь часцей за ўсё не дае тым людзям статусу ўцекача ці іншай абароны.

Польскія памежнікі нядаўна прыйшлі да высновы, што Расея сталася асноўнаю транзітнаю краінаю для мігрантаў з Усходу, якія кіруюцца праз Беларусь у Польшчу. Такая сітуацыя зрабілася наступствам адмены шэрагу беспасярэдніх рэйсаў з краінаў Блізкага Усходу ў Менск

Міністэрства замежных справаў Беларусі расказвала, што беларускія памежнікі хацелі нейкіх перамоваў з Латвіяй наконт мігрантаў. Чаго хацелі за спыненне міграцыйнага крызісу, не сказалі наўпрост, але згадалі закрыццё Латвіяй аднаго з двух легальных памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю.

Hавiны
Улады Беларусі захацелі перамоваў з Латвіяй пра міграцыйны крызіс. Тая адмовіла
2023.10.25 08:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў