«Гэта суцэльная хлусня». Вальфовіч пра мігрантаў і вагнэраўцаў у Беларусі


Дзяржсакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч папракнуў суседнія заходнія краіны ў тым, што яны выдвараюць на тэрыторыю Беларусі сотні мігрантаў і апраўдаўся за знаходжанне наймітаў ПВК Вагнэра ў нашай краіне. Ён таксама заявіў, што Беларусь «ніколі не ўяўляла пагрозы для суседзяў», перадае БелТА.

Вагнэраўцы трэнуюць беларускіх жаўнераў.
Фота: modmilby

На сустрэчы з калектывам прадпрыемства «Санта Бремор» 29 жніўня Аляксандр Вальфовіч заявіў, што Захад нібыта папракае Беларусь у міграцыйным ціску і абвінаваціў суседнія краіны ў «падкідванні трупаў мігрантаў».

«Яны не гавораць аб тым, што кожны тыдзень больш як 100 чалавек палякі спрабуюць выцесніць на тэрыторыю Беларусі, што не дапускаецца нашымі органамі пагранічнай службы. Фіксуем нават падкідванне трупаў, збіваюць мігрантаў», – сказаў дзяржсакратар Савету бяспекі.

Паводле ягоных словаў, усе выцесненыя на тэрыторыю Беларусі мігранты – людзі, якія зайшлі ў Еўропу з іншых, з тыльных варот. Акрамя таго ён заявіў, што з боку Беларусі сілавым шляхам на тэрыторыю суседніх дзяржаў не было выдварана ніводнага чалавека. Хаця раней не раз фіксаваліся выпадкі таго, як беларускія службы адводзілі мігрантаў да мяжы і не давалі ім вярнуцца назад, самі давалі ім прылады для прарыву мяжы. Да таго ж беларускі бок чыніць на мяжы рознага роду правакацыі.

Каментар
Памежная служба Польшчы: Беларускія памежнікі ў форме закідалі польскіх камянямі
2023.08.28 18:13

Акрамя тэмы мігрантаў Вальфовіч выказаў і наконт знаходжання вагнэраўцаў у Беларусі:

«Гаварыць аб тым, што мы садзейнічаем патоку мігрантаў на тэрыторыю Еўропы, – хлусня. Папрокі ў тым, што Беларусь уяўляе пагрозу для суседзяў, размясціўшы на тэрыторыі атрад Вагнэра, – гэта суцэльная хлусня».

Вальфовіч заявіў, што вагнэраўцы, якія дыслакуюцца на тэрыторыі Беларусі, займаюцца выключна падтрыманнем сваіх прафесійных навыкаў. З імі нібыта заключаны пагадненні аб аказанні інструктарскіх паслуг.

«Яны працуюць інструктарамі на палігонах, дзеляцца сваім баявым досведам, навучаюць нашых вайскоўцаў, як сёння правільна весці баявыя дзеянні. Выкарыстоўваюць сучасныя спосабы вядзення баявых дзеянняў, зыходзячы з тых рэаліяў і таго вопыту, які атрымалі ў Афрыцы, ва Украіне і іншых частках свету. Гэта вайсковыя прафесіяналы. Чаму мы як ваенныя людзі не можам задзейнічаць іх паслугі для падтрымання баявой гатоўнасці і навучання нашых вайскоўцаў усіх сілавых структур? Гэта нармальная міжнародная практыка», – заявіў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі.

Hавiны
«Дзеля тэрактаў у ЕЗ». Павел Латушка даведаўся аб выдачы вагнэраўцам беларускіх пашпартоў
2023.08.29 12:42

Таксама дзяржсакратар, гаворачы аб бліжэйшых вучэннях АДКБ у Беларусі, абурыўся тым, што беларускіх вайскоўцаў не запрашаюць назіраць за вучэннямі ў краінах Захаду. «Вучэнні праходзяць на суседняй тэрыторыі. У апошні час нават не было спробаў запрасіць беларускі бок для назірання», – цытуе Вальфовіча БелТА.

Паводле ягоных словаў, Беларусь запрасіла палякаў і літоўцаў назіраць за вучэннямі АДКБ, хаця ў самой арганізацыі заявілі, што для назірання за вучэннямі запрошаны толькі прадстаўнікі чатырох краін: Ірану, Манголіі, Кітая і Саудаўскай Аравіі.

Сумесныя аператыўна-стратэгічныя вучэнні «Баявое брацтва-2023», якія аб’ядноўваюць падрыхтоўку розных кампанентаў Калектыўных сіл АДКБ, пройдуць на тэрыторыі Беларусі з 1 па 6 верасня.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў