Памежная служба Польшчы: Беларускія памежнікі ў форме закідалі польскіх камянямі


Прэс-афіцэр Памежнай службы Польшчы Анна Міхальска расказала ў каментары «Белсату», што ў апошнія месяцы Польшча заўважыла рост колькасці нелегальных пераходаў мяжы, а беларускія памежнікі часам нават не спрабуюць маскавацца пад мігрантаў, калі ладзяць правакацыі.

Прэс-афіцэр Памежнай службы Польшчы Анна Міхальска. Варшава, Польшча. 28 жніўня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У групах мігрантаў, якія затрымліваюць польскія памежнікі, бываюць прадстаўнікі больш за дзясятку нацыянальнасцяў, а за бягучы год на мяжы з Беларуссю затрымлівалі грамадзянаў паўсотні краінаў. Гэта, як тлумачыць Анна Міхальска, сведчыць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі сцягвае пад межы новых людзей з усяго свету.

На мяжы з Беларуссю бываюць і гвалтоўныя здарэнні з удзелам беларускіх службоўцаў. Так, днём раней, каля 23 гадзін ночы 27 жніўня на ўчастку, што ахоўваюць памежнікі з Мельніку (блізу Берасця і Камянца), патруль беларускіх памежнікаў закідаў камянямі польскіх памежнікаў і вайскоўцаў, расказала Міхальска. Ніхто не пацярпеў, машыны памежнікаў не пашкоджаныя. Ды адметна, што беларускія памежнікі былі ў форме, прыехалі на службовай машыне.

У Берасцейскай памежнай групе «Белсату» сказалі, што такога здарэння на мяжы не было, як і агулам не было здарэнняў на згаданым участку ў названы час.

Інцыдэнты на мяжы здараюцца часта, працягвае Міхальска: бывае, нападнікі не носяць формы, але выглядаюць не так, як «звычайныя» мігранты з Блізкага Усходу і паўночнай Афрыкі, а бывае і так, што польскіх памежнікаў атакуюць сілавікі ў форме. Цяпер у польскіх памежнікаў збольшага кідаюць камянямі, але ў 2021 годзе беларускія сілавікі сляпілі польскіх лазерамі.

«Польскія службоўцы мусяць быць надзвычай разважлівымі, – адзначае Міхальска. – Усялякія нашыя дзеянні, якія не адэкватныя пагрозе, могуць быць прызнаныя правакацыяй. Быць можа, рэжым Лукашэнкі чакае на такія дзеянні, каб сказаць, што польскі бок ёсць ініцыятарам правакацыі».

Міхальска заўважае, што кожны такі інцыдэнт можа скончыцца ўжываннем зброі з беларускага боку, і польскія памежнікі гатовыя рэагаваць на гэта, выходзяць на службу ўзброеныя.

Агулам жа за 27 жніўня, было толькі шэсць спробаў нелегальнага пераходу мяжы – за апошнія два гады так мала амаль ніколі не было. Ці будзе больш або менш у наступныя дні, Міхальска не бярэцца прадказваць: рэжым Лукашэнкі, адказны за арганізацыю нелегальнай міграцыі, непрадказальны. Колькасць спробаў нелегальнага пераходу мяжы, лічыць яна, залежыць проста ад таго, колькі чалавек удасца ў канкрэтны дзень сцягнуць да мяжы. Можа быць, мігрантаў цяпер проста дзесьці «акумулююць», каб пусціць на мяжу адразу вялікую групу і дэстабілізаваць працу польскіх памежнікаў.

Тым часам Польшча, Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся аб тым, як могуць закрыць межы з Беларуссю і Расеяй. На сустрэчы міністраў унутраных справаў гэтых краінаў 28 жніўня яны вызначылі, што закрыць межы могуць не толькі ў выпадку ўзброенай правакацыі, але і пры нелегальным пераходзе мяжы вялікай групы мігрантаў.

Рэпартаж
Польшча і краіны Балтыі назвалі дзве прычыны, праз якія могуць закрыць межы з Беларуссю
2023.08.28 15:28

Яраслаў Сцешык, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў