Польшча і краіны Балтыі назвалі дзве прычыны, праз якія могуць закрыць межы з Беларуссю


Ранкам 28 жніўня ў Варшаве сустрэліся міністры ўнутраных справаў Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі. На сустрэчы абмеркавалі сітуацыю на фоне вайны ва Украіне, пагрозаў з боку Расеі і Беларусі, у тым ліку баевікоў Групы Вагнэра, і дамовіліся, як і ў якім выпадку закрыюць межы з Беларуссю і Расеяй.

Сустрэча міністраў унутраных справаў Польшчы і краінаў Балтыі. Злева направа: Лаўры Ляанэмэтс (Эстонія), Агне Білатайце (Літва), Мар’юш Каміньскі (Польшча) і Марыс Кучынскіс (Лавтія). Варшава, Польшча. 28 жніўня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У Варшаве сустрэліся міністры ўнутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі, Літвы – Агне Білатайце, Латвіі – Марыс Кучынскіс і Эстоніі – Лаўры Ляанэмэтс.

Перад сустрэчаю Каміньскі паведаміў, што абмяркоўваць збіраюцца сітуацыю ў рэгіёне і супольныя дзеянні ў справе бяспекі, рэакцыю на патэнцыйныя правакацыі з боку Расеі і Беларусі, у тым ліку з боку баевікоў расейскай Групы Вагнэра.

Пра што дамовіліся?

Пасля сустрэчы міністры расказалі, што гатовыя закрыць межы з Беларуссю і Расеяй «супольна і салідарна», а нагодамі да поўнага закрыцця межаў могуць стацца «крытычныя інцыдэнты»: як узброеная правакацыя са стралянінаю, гэтак і нелегальны пераход мяжы вялікаю групаю мігрантаў.

Ліквідацыя кіраўніцтва Групы Вагнэра, паводле міністра ўнутраных справаў Польшчы Мар’юша Каміньскага, не мяняе сітуацыі: у Беларусі блізу межаў Еўразвязу застаецца група ўзброеных асобаў, здольных на ўсё, і не вядома, хто нясе за яе адказнасць.

Ад Лукашэнкі міністры патрабуюць выслаць з Беларусі баевікоў Групы Вагнэра, а таксама адвесці ад межаў мігрантаў з трэціх краінаў. Разам з тым, запэўніў Каміньскі, Польшча і краіны Балтыі трымаюць кантакт з беларускай апазіцыяй і ў прыватнасці з абранаю прэзідэнткаю Святланаю Ціханоўскай, у выпадку поўнага закрыцця межаў з Беларуссю прадстаўнікі краінаў ЕЗ абяцаюць пакінуць гуманітарны калідор для тых, каму пагражае небяспека.

Мар’юш Каміньскі. 28 жніўня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце расказала, на які механізм дамовіліся дзяржавы: рашэнне закрыць межы будуць прымаць прэм’еры і прэзідэнты, якія аператыўна сустрэнуцца ў выпадку крытычнай пагрозы. Краіны дамовіліся на сталую супрацу і абмен інфармацыяй, дамовіліся мець аднолькавы падыход да памежнага рэжыму.

Міністр унутраных справаў Латвіі Марыс Кучынскіс выказаў надзею на тое, што факт дамоўленасцяў і гатовасць прыняць такое рашэнне мусіць паўплываць на Лукашэнку.

Міністр унутраных справаў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс згадаў, як Эстонія дапамагала суседзям у ранейшыя крызісы, і паабяцаў, што дапаможа і цяпер. Да таго ж механізмы закрыцця будуць аднолькавыя для межаў з Беларуссю і Расеяй: Эстонія не мяжуе з першай, але мае мяжуе з другою.

Каментар
Памежная служба Польшчы: Беларускія памежнікі ў форме закідалі польскіх камянямі
2023.08.28 18:13

Як вагнэраўцы ўплываюць на крызіс

Кіраўнік Групы Вагнэра Яўгеній Прыгожын загінуў 23 жніўня – самалёт з ім разбіўся ў Цвярской вобласці Расеі. Баевікі ды амерыканскія эксперты мяркуюць, што Прыгожына забілі расейскія ворагі – імаверна, на загад Уладзіміра Пуціна.

Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня казаў, што нават пасля смерці Прыгожына вагнэраўцы застануцца ў Беларусі, «нікуды не бягуць» і што іх нават паболее – стане да 10 тысячаў. Амерыканскія эксперты ў такіх лічбах сумняюцца.

Сустрэча міністраў унутраных справаў Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі. Варшава, Польшча. 28 жніўня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Лукашэнка даў прытулак Прыгожыну і ягоным баевікам пасля іхнай няўдалай спробы мяцяжу ў Расеі 23–24 чэрвеня 2023 года. Лукашэнка спачатку заяўляў, што даваў Прыгожыну і ягоным баевікам гарантыі бяспекі на тэрыторыі Беларусі, ды 25 жніўня сказаў, што размоваў пра гарантыі бяспекі не было, а Прыгожын загінуў наагул не на тэрыторыі Беларусі.

Усе суседзі Беларусі, акрамя Расеі, занепакоеныя прысутнасцю баевікоў у краіне. Літва, Латвія і Польшча, дапускалі нават поўнае закрыццё межаў з Беларуссю з мэтаю бяспекі. Але пагроза закрыцця межаў не спыніла ні міграцыйнага крызісу, ні дзіўных правакацыяў на мяжы, ні плыні кантрабанды. За два дні да варшаўскай сустрэчы міністарка ўнутраных справаў Літвы расказала, што ейнае ведамства разглядае закрыццё прынамсі яшчэ некалькіх кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы з Беларуссю.

Hавiны
Літва гатовая закрыць яшчэ два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю
2023.08.28 15:21

Алесь Наваборскі, Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў