МУС Літвы ацэньвае магчымасці закрыцця новых памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю


Міністэрства ўнутраных справаў Літвы разглядае магчымасць закрыць дадатковыя кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, заявіла кіраўніца літоўскага ведамства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: State Border Guard Service / Lithuania / Twitter

Пра гэта заявіла міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце ў пятніцу, 25 жніўня, падчас сустрэчы з журналістамі.

«Калі ўлічыць праблему кантрабанды, тое, што сёння на мяжы з Беларуссю павінны быць супрацоўнікі… Мы сапраўды абмяркоўваем пэўныя варыянты, канкрэтна для развязання гэтых праблемаў», – прыводзіць словы міністаркі выданне «Delfi».

Аднак, дадала Білатайце, звестак пра тое, ці варта прымаць такое рашэнне з-за магчымых пагрозаў, пакуль няма.

«Мы ацэньваем, і Літва гатовая да адпаведных сцэнароў, узгодненых з адпаведнымі ведамствамі», – сказала міністарка.

Білатайце падкрэсліла, што важна мець план дзеянняў для гарантавання бяспекі на памежжы, які будзе ўзгоднены з суседнімі краінамі: «Літва гатовая распрацаваць план закрыцця мяжы. Гэта рознаўзроўневы план. Мы прадставім яго і абмяркуем з нашымі калегамі, каб пры адпаведных узроўнях пагрозаў мы маглі адначасова выконваць адны і тыя ж дзеянні і рашэнні».

Міністарка нагадала, што ўсе гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца з міністрамі замежных справаў Польшчы, Латвіі і Эстоніі на сустрэчы ў панядзелак, 28 жніўня, якая адбудзецца ў Варшаве.

Нагадаем, што апоўначы 18 жніўня літоўскія ўлады закрылі памежныя пераходы «Шумскас – Лоша» і «Твярачус – Відзы».

Hавiны
Апоўначы 18 жніўня Літва зачыніла два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю
2023.08.18 09:07

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў