Літва наросціць колькасць памежнікаў на мяжы з Беларуссю


Улады Літвы плануюць за два гады павялічыць на 450 чалавек колькасць памежнікаў, якія нясуць ахову на мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведаміў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас, перадае BNS.

На здымку – тэрыторыя ля пункту пропуску «Райгардас», Літва.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Згодна з штатным планам, на працягу двух гадоў мы дадаткова падрыхтуем для Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы 450 працаўнікоў», – заявіў Рустамас Любаевас.

Для рыхтавання дадатковых сілаў прадугледжаныя два гады, «бо адразу навучыць такую колькасць складана». Любаевас адзначыў, што з улікам геапалітычнай сітуацыі роля памежнай аховы стала расце:

«Неабходна ўмацоўваць ахову мяжы».

Тым часам літоўскія памежнікі, у адрозненне ад латышскіх і польскіх калегаў, перасталі фіксаваць спробы нелегальнага пераходу мяжы. Як піша 15min.lt, такіх спробаў не было ўжо шэсць содняў. Тым часам 5 лістапада на мяжы Латвіі і Беларусі зафіксавалі 21 спробу нелегальнага пераходу, а 4 лістапада польскія памежнікі не прапусцілі ў краіну 61 мігранта.

Агулам з пачатку 2023 года літоўскія памежнікі выявілі 2191 нерэгулярнага мігранта з тэрыторыі Беларусі. З 3 жніўня 2021-га яны не ўпусцілі ў Літву каля 21,5 тысячы з іх.

Абноўлена
На польска-беларускай мяжы быў падстрэлены мігрант
2023.11.05 15:58

3 лістапада на польска-беларускай мяжы салдат Войска польскага падстрэліў мігранта. Паводле папярэдніх звестак, інцыдэнт адбыўся ў выніку няшчаснага выпадку. Следствам займаецца Вайсковая пракуратура Польшчы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў