Эвакуацыя мірных жыхароў з Марыупалю і Сумаў сарваная – расейскія войскі зноў пачалі абстрэл


8 сакавіка ва Украіне былі адкрытыя два гуманітарных калідоры для мірных жыхароў – з Сумаў у Палтаву і з Марыупалю ў Запарожжа. Аднак расейскія войскі зноў пачалі абстрэлы, і эвакуацыя была сарваная.

Гуманітарны калідор Сумы – Палтава быў адкрыты з 9-й гадзіны раніцы 8 сакавіка і мусіў працаваць да 21-й гадзіны. Аднак другая эвакуацыйная калона не змагла выехаць з гораду. Аўтобусы з мірнымі жыхарамі трапілі пад танкавы абстрэл і былі вымушаныя вярнуцца. У горадзе разарвалася некалькі снарадаў.

Hавiны
З Сумаў па гуманітарным калідоры эвакуююць мірных жыхароў
2022.03.08 12:20

У Марыупалі эвакуяваць людзей пачалі а 10-й раніцы паводле кіеўскага часу. Гэты калідор быў узгоднены з Расейскай Федэрацыяй яшчэ на 5–7 сакавіка, аднак з-за абстрэлаў з боку расейскіх вайскоўцаў так і не быў адкрыты, зазначыла віцэ-прэм’эрка, міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі Ірына Вэрэшчук.

З Запарожжа ў кірунку Марыупалю выйшаў гуманітарны канвой, які складаецца з 8 грузавікоў, а таксама больш за 30 аўтобусаў, якія мусілі забраць людзей, у першую чаргу жанчын, дзяцей і людзей сталага ўзросту.

У Марыупаль везлі ваду, медыкаменты, крупы і іншыя харчы. Агульная вага грузу – больш за 90 тонаў.

«Мы разлічваем на тыя забавязанні, якія ўзяла на сябе Расейская Федэрацыя, калі афіцыйна папярэдзіла Чырвоны Крыж, што гатовая прытрымлівацца рэжыму ўстрымання ад агню. Цяпер паступаюць сігналы, што Расея абстрэльвае кірунак руху гуманітарнага канвою, – зазначыла ў сваім выступе Ірына Вэрэшчук. – Звяртаюся да Расейскай Федэрацыі. Мы з вамі дамовіліся, што Чырвоны Крыж будзе пасярэднікам у нашых з вамі перамовах. Мы паведамілі Чырвонаму Крыжу – мы як украінскі бок, і вы як расейскі бок, – што гатовыя, і пацвердзілі свае намеры пісьмова, адкрыць гуманітарны калідор у кірунку Марыупаль – Запарожжа і Запарожжа – Марыупаль для эвакуацыі людзей і дастаўкі гуманітарных грузаў».

Віцэ-прэм’ерка падкрэсліла, што калі абстрэлы будуць працягвацца, а таксама прычыняць шкоду жыццю і здароўю цывільных людзей у межах гуманітарнага калідору, Украіна неадкладна звернецца да міжнароднага трыбуналу з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія прымалі рашэнні і не датрымаліся ўзятых на сябе абяцанняў.

«Звяртаемся да ўсіх лідараў вольнага свету: сачыце за сітуацыяй, якая разгортваецца на марыупальскім кірунку, дзе літаральна ў закладніках апынуліся 300 тысяч чалавек, сярод іх – інсуліназалежныя, хворыя на анкалагічныя захворванні, малыя дзеці. Гэта гуманітарная катастрофа, якая патрабуе ўвагі ўсяго свету», – зазначыла Вэрэшчук.

Расея забавязанняў не стрымала. Каб утварыць гуманітарны калідор, абаронцы Марыупалю размініравалі дарогу і прыбралі агароджы. Расейскія войскі скарысталіся гэтым і пайшлі ў наступ з-за спінаў людзей. Скарыстаўшыся гуманітарным калідорам, расейцы ўвялі бранятэхніку і ў Сумы.

У Марыупалі сітуацыя на дзень 8 сакавіка крытычная – у горадзе няма святла, вады, ацяплення, сувязі і харчоў.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў