У Рэчыцкім раёне бензавоз упаў у раку: выцекла паліва


Улады заявілі, што зрабілі ўсе захады для мінімізацыі шкоды навакольнаму асяроддзю ў выніку падзення бензавоза ў затоцы Дняпра.

ДТЗ у Рэчыцкім раёне: бензавоз упаў з маста ў Днепр.
Фота: uvdgomel/ Telegram

Як паведамляе гомельская міліцыя, ДТЗ здарылася 6 чэрвеня ў Рэчыцкім раёне. 36-гадовы кіроўца бензавоза рухаўся ў кірунку Гомля. Праязджаючы мост праз Днепр, ён з’ехаў за межы праезнай часткі, прабіў агароджу і перакуліўся з моста. Кіроўцу шпіталізавалі.

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў паведамляе: калі ратавальнікі прыбылі на месца ДТЗ, з адной секцыі бензавоза выцекла паліва. Для перадухілення ўзгарання стварылі пенную падушку.

ДТЗ у Рэчыцкім раёне: бензавоз упаў з маста ў Днепр.
Фота: uvdgomel/ Telegram

«ДТЗ адбылося за 100 метраў ад Дняпра, у затоцы назіралася алейная плёнка», – апавялі ў ведамстве.

Працаўнікі МНС і «Беларуснафты» ўсталявалі бонавыя загароды з унясеннем сарбенту, каб ліквідаваць магчымасць распаўсюду плёнкі па рацэ.


ДТЗ у Рэчыцкім раёне: бензавоз упаў з маста ў Днепр.
Фота: minpriroda.gov.by

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі паведамляе, што бензавоз, які належыць прыватнай кампаніі, перавозіў розныя віды паліва абʼёмам прыблізна 28 тонаў. Адразу пасля здарэння сфармавалі аператыўную групу, якая выехала на месца ДТЗ, каб ацаніць сітуацыю з экалагічнага пункту гледжання.

«Зробленыя ўсе неабходныя захады для мінімізацыі шкоды навакольнаму асяроддзю: адпампавалі з аўтацыстэрны нафтапрадукты, на водным абʼекце ўстанавілі ахоўныя бонавыя загароды, паверхню вады апрацавалі сарбентам. Таксама з мэтаю недапушчэння расцякання нафтапрадуктаў па зямлі і іх трапляння ў водны абʼект устаноўленыя загароды з цюкоў саломы», – заяўляюць у ведамстве.

Цяпер на месцы здарэння працуюць адмыслоўцы Гомельскай абласной лабараторыі аналітычнага кантролю: яны праводзяць адборы пробаў зямлі і паверхневых водаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў